Школьнікаў раёна зацікавілі праваслаўныя святыні Брагіншчыны

Общество

Раённы этап абласнога конкурсу даследчых работ па праваслаўным краязнаўстве “Пазнаём Гомельшчыну разам” прайшоў  у Брагінскім гістарычным музеі з карціннай галерэяй.

Gistoriya_001

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Пізо, якая нагадала аб мэтах і задачах мерапрыемства. Наталля Уладзіміраўна адзначыла, што конкурс накіраваны ў першую чаргу на выхаванне ў школьнікаў патрыятызму, павагі да традыцый і культуры роднага краю. На пытаннях сучаснага стану праваслаўнага краязнаўства і неабходнасці даследавання і захавання царкоўнай спадчыны Брагіншчыны завастрыў увагу і настаяцель прыхода храма Праабражэння Гасподня ў Сяльцы іерэй Расціслаў Бандарэнка, які ўзначаліў журы.

Падчас падрыхтоўкі да конкурсу дзеці вывучалі лёсы сваіх землякоў, гісторыю вёсак, вынаходзілі цікавыя факты і падзеі, звязаныя з месцамі, дзе жывуць. А гэта – яркі прыклад таго, што моладзь нашага раёна ахвотна далучаецца да духоўнага адраджэння праз творчасць, сваё неабыякавае стаўленне да роднай зямлі, да папарэднікаў. Асноўным залогам поспеху стала не толькі добрае валоданне сабраным матэрыялам, суправаджэнне свайго выступлення фотапрэзентацыяй, граматныя адказы на пытанні членаў журы, але і адпаведнасць тэматыцы.

Gistoriya_002Gistoriya_003Gistoriya_004Gistoriya_005Gistoriya_006

У выніку пераможцай раённага этапу была прызнана Анастасія Сарычава, якая падрыхтавала работу ў намінацыі “Праваслаўныя святыні роднага краю”. Кіраўнік даследавання – Валянціна Шульга.

Gistoriya_010Вучаніцу 10 класа Камарынскай СШ зацікавіла гісторыя Жароўскай Успенскай царквы, а разам з ёй – і вельмі рэдкай не толькі для Брагіншчыны, але і для Беларусі кнігі – Трыёдзі Цвятной.

Gistoriya_013

Пачаўшы даследчую работу, Анастасія даведалася, што выданне пасля закрыцця храма нейкім чынам апынулася ў вёсцы Просмычы (напэўна, нехта з мясцовых жыхароў вырашыў выратаваць кнігу ад знішчэння). Адтуль яна трапіла да святара Расціслава Бандарэнкі, які вывучэнню гісторыі праваслаўнай царквы на тэрыторыі раёна надае вялікую ўвагу.

Жароўская Успенская царква дзейнічала з 1733-га да пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Яна была цэнтрам праваслаўнага прыходу, у якім у 1879-м налічвалася каля 1700 вернікаў. З дапамогай архіўных дакументаў айцец Расціслаў устанавіў імёны святароў і апісанне самога храма. Так, царкоўны будынак меў чатыры купалы, двое дзвярэй і 18 акон. Унутранае памяшканне ўпрыгожваў іканастас з 42-х абразоў.

У 1845 і 1870 гадах храм перабудоўваўся на сродкі вернікаў і мясцовага памешчыка Аляксандра Горвата. А ў 30-х гадах XX стагоддзя ён быў закрыты і пераабсталяваны пад піянерскі клуб. Пазней яго будынак перанеслі ў іншае месца, дзе адкрылі клубную ўстанову.

Юная даследчыца таксама сустрэлася з 89-гадовай мясцовай жыхаркай Надзеяй Гануш, якая падзялілася ўспамінамі аб дні, калі з царквы здымалі крыжы: “Не ўзімку, было цёпла, але сонца не было. Здаецца, быў пахмурны дзень. Сабралася шмат людзей. Многія з іх маліліся, глядзелі ўверх, пасылалі праклёны тым, хто здымаў, некаторыя плакалі. Здымалі крыжы быццам бы, двое, нехта з мясцовых. Неяк было ціха, стаяла нейкая незразумелая цішыня…”

Сёння ад Жароўскай Успенскай царквы засталася толькі Трыёдзь Цвятная.

Для тых, хто не ведае, растлумачым: Трыёдзь – гэта царкоўная кніга з тэкстамі малітваслоўяў рухомага гадавога набажэнскага круга (трохпесеннымі канонамі). Для больш зручнага карыстання яна падзелена на Посную і Цвятную. Першая з’яўляецца так званым даведнікам па Вялікім пасце, галоўнае прызначэнне якога – дапамагчы хрысціяніну, што ўдзельнічае ў набажэнстве, ачысціць душу пакаяннем і ў гэтай духоўнай чысціні сустрэць Уваскрэслага Хрыста. Цвятная ж змяшчае службы пасля Вялікадня. Яе назва звязана з Тыднем ваій, бо раней служэнне па гэтай частцы Трыёдзі пачыналі з вечара пятніцы напярэдадні Вербнага (Цвятнога) тыдня.

Кніга была надрукавана ў Ільвоўскай друкарні ў канцы XVII стагоддзя. Пра гэта сведчаць спецыяльныя вадзяныя знакі і шрыфт. На яе старонках таксама захаваліся аўтограф і паметкі святара Міхаіла Піглеўскага, які, паводле царкоўных дакументаў, служыў святаром Жароўскай Успенскай царквы з 4 верасня 1851 года па 10 мая 1874-га.

– Сёння ў вёсцы Верхнія Жары аб Успенскай царкве нічога не нагадвае. Засталося толькі месца з залацістымі таполямі, дом, у якім некалі жылі святары, частка будынка царкоўна-прыходскай школы ды ўспаміны старажылаў. Але вельмі хочацца верыць, што прыйдзе час – і на месцы былога храма з’явіцца крыж і памятная таблічка, – не страчвае надзеі Анастасія Сарычава.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, айцец Расціслаў адзначыў яго важнасць. Як і таго, што дзеці праяўляюць цікавасць да мінулага Брагіншчыны, яе знакамітых асоб, духоўнага жыцця продкаў. Але працы ў гэтым накірунку яшчэ шмат: вярнуць згубленую ў апошняе стагоддзе інфармацыю, нагадаць аб падзеях, якія пераплятаюцца з гісторыяй праваслаўя. Напрыклад, не многія ведаюць, што некалі на брагінскай зямлі налічвалася больш за 20 храмаў. Спадзяёмся, што пачатая краязнаўчая справа дапаможа не толькі адрадзіць хрысціянскія каштоўнасці, але і захаваць нашу ўнікальную беларускую культуру, перадаць яе будучым пакаленням.

Gistoriya_007Gistoriya_008

Пераможца раённага этапу конкурсу даследчых работ па праваслаўным краязнаўстве “Пазнаём Гомельшчыну разам” прадставіць наш раён на абласным узроўні. Усе астатнія канкурсанты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў.

Дапамогу ў арганізацыі конкурсу аказалі супрацоўнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Gistoriya_009Gistoriya_012Gistoriya_011



Пакінуць адказ