Таццяна Шамела спалучае абавязкі загадчыцы фермы і асемянатара

Грамадства

Doyarka

Першае месца па надоях малака ў раёне раней займала Красненская МТФ ААТ “Камарынскі”. Калектыў гэтага вытворчага падраздзялення па-ранейшаму не здае пазіцыі. Ад пераможцаў спаборніцтва з Асарэвіч, якімі тыя з’яўляюцца на працягу некалькіх год, стараецца не адставаць.

Па словах галоўнага заатэхніка гаспадаркі Валянціна Бандарэнкі, за пяць месяцаў красненцы атрымалі ад кожнай каровы па 3200 літраў малака, сутачныя надоі ў гэтыя чэрвеньскія дні складаюць 19 літраў.

Узначальвае калектыў Таццяна Шамела, якая прыняла эстафету ад сваёй свекрыві Ганны Іванаўны Шамелы. Даручылі ферму маладому спецыялісту, ведаючы яе дзелавыя якасці. На Красненскую МТФ Таццяна прыйшла дзевяць гадоў таму. Працавала спачатку аператарам машыннага даення, а потым паехала на курсы асемянатараў. Зараз спалучае абавязкі загадчыцы фермы і асемянатара.

Кола абавязкаў шырокае, вялікая адказнасць за даручаны калектыў і яго вытворчыя справы. Тут сканцэнтравана больш за тысячу галоў буйной рагатай жывёлы: нецелі, групы дарошчвання, дойны статак. Каб абысці ўсе памяшканні, спатрэбіцца нямала часу. А ёй жа даводзіцца вырашаць вытворчыя пытанні, сачыць за дысцыплінай і парадкам, кантраляваць ход раздачы кармоў, працэс даення і інш. Без любові да сваёй справы, пачуцця адказнасці справіцца з усім было б цяжка.

Таццяна Васільеўна – пазітыўны чалавек, усе жыццёвыя нягоды ўспрымае з гумарам. А яшчэ ўдзячна Ганне Іванаўне за дапамогу, бо тая, ведаючы занятасць нявесткі, знаходзіць час, каб і клубніцы прапалоць, і іншую работу выканаць. А як жа інакш! Жывёлагадоўля стала для іх сямейнай справай.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *