ААТ “Чамярыскі”: пра клопаты аб хлебе, віды на ўраджай і старанных людзей

Сельское хозяйство

Каб зразумець мэтанакіраванасць чамярысцаў, іх заклапочанасць лёсам ураджаю зерневых, адчуць напружаны рытм не толькі на палях, але і ў кабінеце дырэктара, неабходна пабываць на месцы. Міжволі ўзгадаліся раённыя дажынкі ў “Камарынскім” у 2016-м, ажыятаж вакол новага “Кіраўца”, які хлебаробы ААТ “Чамярыскі” набылі за ўласныя сродкі. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Кот тады заўважыў: “На наступны год купім яшчэ адзін”. І гэта не былі гучныя словы. Відаць, ведаў, што гаварыў, ацэньваў уласныя сілы і сродкі, магчымасці.

Chemerisy_004
Аляксандр Кот

Як старанна рыхтаваліся ў сельгаспрадпрыемстве да веснавой кампаніі, убачылі ўсе, хто прысутнічаў на свяце першай баразны. Праводзілася яно на базе “Чамярыскага” 4 сакавіка. Менавіта з гэтага дня і пачалася сяўба, а з ёй – няспынныя клопаты пра важкі колас.

Пабываць на полі, якое першым прыняло адборнае насенне аўса, не ўдалося. Яго пакуль не жнуць. “Ці апраўдана такая ранняя сяўба?” – задалі мы пытанне дырэктару. Аляксандр Міхайлавіч, адказваючы на яго, узгадаў словы вопытных сялян, якія ў такім разе гаварылі: “Кінь авёс у гразь, будзеш князь”. Для гэтай культуры важна на першым этапе ўхапіць вільгаць. Як аказалася, сёлета з-за працяглай засухі яе менавіта і не хапала раслінам.

Застаць дырэктара ў кабінеце ў такі напружаны перыяд праблематычна, але ж нам пашанцавала. Аляксандр Міхайлавіч якраз вырашаў неадкладныя пытанні, у тым ліку і фінансавыя, арганізацыйныя, звязаныя з перапрацоўкай і здачай намалочанага зерня. Пра свае задумы гаварыў з энтузіязмам, але папрасіў іх пакуль не раскрываць. Куранят па восені лічаць. Невядома, як складзецца жніво, якія сюрпрызы паднясе надвор’е. Раней чамярысцы паспявалі ўбраць каласавыя да дажджоў, а яны ў жніўні не прымушаюць сябе доўга чакаць. Няхай сонечныя дні будуць на працягу ўборачнага перыяду і сёлета, каб збылося намечанае.

А пакуль па валавым намалоце ААТ “Чамярыскі” (адзінае ў раёне) – на ўзроўні мінулага года. Кіраўнік гаспадаркі расказаў, што жыта на плошчы 50 га ўжо ўбралі і намалацілі па 29,8 цнт/га. Авёс дае па 24,7 цнт. Добра ўрадзіў ячмень. Пшаніцы ў мінулым годзе сабралі па 43 цнт/га (і гэта пры бальнасці зямлі 25). Сёлета адвялі ёй 450 гектараў. Жнуць пакуль горшыя ўчасткі, але ж на 25 ліпеня паспелі ўжо рэалізаваць 1100 тон пшаніцы па 270 рублёў за тону. На камбінат хлебапрадуктаў адпраўляюць зараз авёс. На зерняток за адзін дзень паступіла яго 248 тон.

Тут мы сустрэлі школьнікаў мясцовай установы адукацыі з атрада “Цімураўцы”. Пад кіраўніцтвам настаўніка Максіма Філіпенкі яны дапамагалі дарослым, сачылі за парадкам на зернетаку. Вучням 9-11 класаў работа падабаецца, тым больш што і заработную плату за яе атрымаюць згодна з умовамі дагавора.

Дапамагаюць дарослым
Дапамагаюць дарослым

Каля сушыльнага комплекса КЗС-30 В завіхаліся Канстанцін Харко і Раман Шум. Для іх ачыстка зерня – занятак часовы. Канстанцін Іванавіч, напрыклад, бярэ ў гэтую пару водпуск, бо асноўнае месца яго работы – Малажынскі цэнтр культуры і вольнага часу. Сушылку абслугоўвае пяты сезон, а ўсяго эксплуатуюць яе ў гаспадарцы гадоў дзесяць. Добра, калі ёсць вопытныя спецыялісты ў вёсцы.

 Канстанцін Харко
Канстанцін Харко

Уборку зерневых вядуць сем экіпажаў. Адзін з іх – у складзе старшага камбайнера Рыгора Сніцарэнкі і яго памочніцы Марыі Фалей – мы сфатаграфавалі на полі каля вёскі Чамярысы. Адвозіць зерне ад камбайнаў у ліку іншых і Сяргей Філон, старанны і дысцыплінаваны вадзіцель.

Рыгор Сніцарэнка
Рыгор Сніцарэнка
Марыя Фалей
Марыя Фалей
Сяргей Філон
Сяргей Філон

Chemerisy_007Адразу кінулася ў вочы, што адначасова з абмалотам зерневых убіраюць і салому. Прасуюць яе Пётр Тарасенка і Аляксей Сніцарэнка. У 2012-м годзе на базе “Чамярыскага” праходзіў семінар, на якім дэманстравалі новыя прэс-падборшчыкі. З таго часу Пётр Аляксандравіч і працуе на адным з іх. У яго маладога калегі тэхніка больш сучасная, пасля яе праходу на ржэўніку застаюцца адразу два прыгожыя і акуратныя рулоны саломы.

Пётр Тарасенка
Пётр Тарасенка

Chemerisy_009Chemerisy_010А першым аб’ектам, які наведалі на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства, была сталовая. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан пытанні харчавання ўдзельнікаў жніва трымае на пастаянным кантролі. Повар Наталля Пяхота расказала, што ёй неабходна прыгатаваць 32 абеды і вячэру для 25 чалавек (іх колькасць змяняецца). На стале ў Наталлі Пятроўны – зборнік тэхналагічных карт на кулінарную прадукцыю грамадскага харчавання ў двух тамах. Усё павінна быць строга па тэхналогіі, смачна і каларыйна.

Наталля Пяхота
Наталля Пяхота

У “Чамярыскім” заўсёды прадумана падыходзілі да пытанняў аплаты працы і стымулявання людзей. Традыцыі, закладзеныя вопытным эканамістам Святланай Шаўчэнкай, працягваюцца. Так, камбайнеры і іх памочнікі, якія намалоцяць на КЗС-1218 за дзень 35-39 тон, атрымаюць прэмію ў суме 4,5 рубля кожны, 40-44 тоны – у суме 8 рублёў, звыш 45 тон – у суме 10 рублёў.

Матэрыяльнае заахвочванне прадугледжана і для вадзіцеляў розных марак машын. У сістэме стымулявання працы немалаважная роля адводзіцца натуральнай аплаце.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *