ААТ “Малажынскі”: дастойныя павагі

Грамадства

Ганна Свірыдзенка
Ганна Свірыдзенка

Спад вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў ААТ “Малажынскі” хвалюе не толькі кіраўніцтва, працаўнікоў гэтага сельгаспрадпрыемства, але і спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі. Чаму ж тут знізілі надоі малака, не могуць атрымліваць высокія сярэднясутачныя прывагі, як у іншых прадпрыемствах? Гэтае пытанне мы абмяркоўвалі з намеснікам дырэктара “Малажынскага” Тамарай Чарнянок.

Яна ў жывёлагадоўлі – амаль чатыры дзясяткі гадоў, працяглы час займала пасаду галоўнага заатэхніка. Добра ведае людзей, лёгка знаходзіць з імі агульную мову. Пакуль увойдуць у курс спраў новыя кіраўнікі, а яны ў апошнія гады мяняюцца часта, уся нагрузка па арганізацыі вытворчага працэсу – на яе плячах.

Па словах Тамары Васільеўны, адна з прычын зніжэння прадукцыі – у кармленні жывёлы. Сухое надвор’е, спёка зрабілі сваю чорную справу. Травы падгарэлі. Каб выправіць сітуацыю і павысіць прадук-тыўнасць кароў, выдзелілі для падкормкі пасевы аўса. У адкрытым акцыянерным таварыстве ўтрымліваецца больш за шэсць тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Дойны статак налічвае 1574 галавы. У летнім лагеры знаходзіцца толькі жывёла Дублінскай фермы, астатніх падраздзяленняў – пасвіцца і прыганяецца на ферму. Тэхналогія ўтрымання, як і арганізацыя пашавага перыяду – справа зааветспецыялістаў. Ім відней, што рабіць. Мы ж вялі размову пра тое, ці створаны тут культурныя выпасы з наборам шматгадовых траў, колькі аднагадовых пасеяна, каб задаволіць патрэбы жывёлагадоўчай галіны ў кармах.

Наталля і Валянціна Іванаўна Калясан
Наталля і Валянціна Іванаўна Калясан

З дапамогай галоўнага агранома ўдакладнілі, што сёлета пасеяна 183 гектары люцэрны, 80 з якіх – у Пераносах. Акрамя гэтага, тут закладзена паша (60 гектараў) з цімафееўкі і купкоўкі зборнай. 90 гектараў купкоўкі пасеяна і ў Юркавічах каля фермы, у Жылічах – доннік. Сяўба аднагадовых працягваецца. Праблему тут ведаюць і стараюцца яе выпраўляць.

Галоўным заатэх-нікам зараз працуе Святлана Малая, якая ўзначальвала комплекс. Лепшай памочніцы і дарадцы для Тамары Васільеў-ны не знайсці, паколькі ў Святланы Уладзіміраўны не толькі багаты стаж, веды, вопыт, але і якасці характару, патрэбныя для спецыяліста: чалавечнасць, дабрыня ў спалучэнні з патрабавальнасцю. Ёсць у “Малажынскім” старанныя жывёлаводы, аператары машыннага даення. Адна з іх – Наталля Калясан з Малажынскай фермы №1. Да слова, Наталля прадстаўляла наш раён на абласным конкурсе маладых даярак. Яна працягвае справу сваёй маці, Валянціны Іванаўны. Тая, калі ішла на пенсію, перадала дачцэ сваю групу кароў.

Слухаеш расказ ветэрана працы пра нялёгкія будні на ферме, якія спалучала з выхаваннем пяцярых дзяцей, і пранікаешся пачуццём глыбокай павагі да гэтага простага і сціплага чалавека. Акрамя Наталлі, у адкрытым акцыянерным таварыстве працуюць сыны Сяргей, Аляксандр, Міхаіл і дачка Вольга. Усе Калясаны – сумленныя, дысцыплінаваныя, працавітыя. Дзякуй за гэта неабходна сказаць іх маці, Валянціне Іванаўне.
Міхаіл на “Ягуары” кожны год нарыхтоўвае вялікую колькасць зялёнай масы і становіцца пераможцам калі не абласнога, дык раённага спаборніцтва.

На Малажынскай ферме №2 з павагай адносяцца да Ганны Свірыдзенкі, якая доіць кароў 23 гады. Нягле-дзячы на тое, што даенне – трохразовае, што вытворчасць патрабуе шмат сілы і часу, Ганна Рыгораўна паспявае прывесці ў парадак дом і дагледзець агарод, удзяліць увагу дзецям і ўнукам. Вясковая жанчына надзелена пачуццём такту, умее цаніць прыгажосць і ствараць яе сваімі рукамі.

Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па жывё-лагадоўлі Мікалай Раманюк, становішча ў “Малажынскім” пачало выпраўляцца. На 4 ліпеня вытворчасць малака склала 107% да ўзроўню мінулага года, продаж дзяржаве – 101%. У чэрвені атрымалі 180 цялят, што на 34 галавы больш мінулагодняга. Удачы вам, малажынцы, настойлівасці і мэтанакіраванасці. Статус валаўтвараючай гаспадаркі, які маеце, абавязвае дбаць не толькі пра ўласныя інтарэсы, але і пра паказчыкі раёна. Нядаўна сюды прыйшоў новы дырэктар. Гэта Эдуард Кавалевіч, які працаваў у нашым раёне, праўда, у іншай галіне На думку спецыялістаў, з ім можна спакойна абмеркаваць усе пытанні, выказаць свой пункт гледжання, даць параду, і яны будуць пачуты. Галоўнае, каб і намаганні калектыву, і дырэкцыі далі добры плён.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны Стычынскай



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *