ААТ “Пераможнік” у гэтыя дні лідзіруе па тэмпах уборкі зерневых і зернебабовых

Сельское хозяйство

Мы былі сведкамі таго, як дбайна рыхтуюцца да жніва хлебаробы адкрытага акцыянернага таварыства “Пераможнік”. Яшчэ не спала напружанне на веснавых палях, а лепшыя механізатары не атрымалі лісты з падзякай і падарункі за высокую выпрацоўку на пасяўной, як давялося пераключыцца на іншы ўчастак работы – рыхтаваць камбайны. На лінейку гатоўнасці стэпавыя караблі яны паставілі аднымі з першых у раёне, таму ў гэтыя дні лідзіруюць па тэмпах уборкі зерневых і зернебабовых.

Да ўдзельнікаў жніва мы ехалі, каб сустрэцца з імі, даведацца пра планы і настрой, паглядзець, як арганізавана работа, адчуць працоўны рытм гэтых напружаных і прыгожых дзён: ідзе хлеб новага ўраджаю. А яшчэ даведацца, у чым сакрэт калектыву, які некалькі год запар завяршае ўборачную кампанію адным з першых у раёне.

Пульхная зямля даўно не бачыла дажджоў (як сказалі вяскоўцы, тады, як ішоў у Брагіне, на тэрыторыі гаспадаркі не ўпала ні кроплі). Белае воблаку пылу віецца ўслед за рэдакцыйнай машынай, асядае на пасевах кукурузы, што суседнічаюць з аўсамі. Глядзець на іх балюча: месцамі сцябліны ледзь узвышаюцца над зямлёй. Акрамя таго што нізкарослыя, яшчэ і даспяваюць нераўнамерна. І той авёс, які ўжо гатовы да ўборкі, і той, што узышоў пазней і яшчэ зялёны, камбайнеры жнуць і малоцяць з уласцівым ім майстэрствам.

1000_05

Зерне вадзіцелі адвозяць на жывёлагадоўчы комплекс, дзе з яго рыхтуюць па новай тэхналогіі якасны корм для грамадскага статка: сплюшчваюць і закладваюць у рукаў. Спецыялісты сцвярджаюць, што гэта – правільнае рашэнне. Не трэба затрачваць сродкі на ачыстку і перапрацоўку шчуплага зерня, і хаця сам рукаў і кансерванты таксама каштуюць грошай, усё роўна эканомія ёсць.

1000_06

Слупы пылу цягнуцца за камбайнамі, машынамі, павольна асядаюць на ржэўніку. Людзі на гэта не зважаюць, яны працавалі і ў горшых умовах.

У час абеду повар Наталля Савянок раздае гарачыя стравы, якія рыхтуе з улікам пажаданняў вяскоўцаў. Акрамя таго што варыць супы і баршчы, робіць смачныя катлеты, выпякае для іх піражкі і булачкі. Поварам працавала з 1986 года ў Сцежаранскім дзіцячым садзе, а пасля яго закрыцця, перайшла з усім сваім “багаццем” у гаспадарку.

Старшыню райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктара Балобана цікавіць у першую чаргу, як арганізавана харчаванне, дзе набываюць прадукты, колькі разоў кормяць людзей. Ці задаволены яны, даведаліся ад саміх камбайнераў і вадзіцеляў. Скаргаў ні ў кога не было. У час пасяўной праблемы ў “Пераможніку” ўзнікалі. Не паспелі падрыхтаваць сталовую, таму выдавалі механізатарам сухі паёк. Слова сваё дырэктар стрымаў, як і абяцаў, да жніва кропку харчавання адрамантаваў.

Экіпажы зернеўборачных камбайнаў, як кажуць, “спеліся” даўно. Разам працуюць па некалькі гадоў. “Відаць, у гэтым прычына вашых хуткіх тэмпаў уборкі і ўдалы фініш?”, – пытаюся ў Міхаіла Дарошчанкі. “Магчыма, і так”, – згаджаецца ён. Гэтае жніво для Міхаіла Іванавіча – 27-е. Разам узгадалі яго мудрага настаўніка Валянціна Краўчанку, які цярпліва расказваў, як трэба рабіць рэгуліроўкі, каб не дапускаць страт зерня. Пачынаў Міхаіл Дарошчанка на СК-5 “Ніва”. Цяпер ужо сам перадае вопыт. Памочнікам у яго – Аляксандр Рак.

1000_01
Міхаіл Дарошчанка
1000_02
Аляксей Крус і Мікалай Дарошчанка
1000_03
Наталля Савянок
1000_04
Уладзімір Назаранка

Пяты сезон разам убіраюць збожжавыя Мікалай Дарошчанка і Аляксей Крус, механік па сельгасмашынах. Мне спадабалася, што ў гэтай гаспадарцы прысутнічае дух калектывізму і таварыскасці. Менавіта самі хлебаробы папрасілі, каб мы адзначылі ў раёнцы стараннасць Аляксея, які заслугоўвае павагі не менш, чым вопытныя і праслаўленыя хлебаробы.

Некаторым з іх даводзіцца пераключацца з аднаго віда тэхнікі на другі. Уладзімір Назаранка ўбіраў каласавыя дзесяць гадоў таму на “Донах”, цяпер у яго іншая задача – даставіць на поле ваду і быць напагатове, каб прыйсці на выручку калегам пры ўзнікненні няштатных сітуацый.

Васілій Боркін часова пакінуў энерганасычаны трактар і перасеў за штурвал камбайна. Вясной быў задзейнічаны на пагрузцы арганікі.

Пра кожны экіпаж можна расказваць з цеплынёй і ўдзячнасцю, як, дарэчы, і пра вадзіцеляў. Спадзяёмся, падстава для гэтага будзе, калі прыедзем на раённае свята “Дажынкі”.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *