У ААТ “Камарынскі” пасеяна 413 гектараў рапсу, на сёння ўбрана 75% плошчаў

Сельское хозяйство

Гатоўнасць зернеўборачнай тэхнікі, як і сушыльнай гаспадаркі, аграрыі правяраюць на рапсавых палях. Расліна гэта капрызная, баіцца халадоў. У апошнія два-тры гады надвор’е не спрыяе яе росту. Зімой вымярзае, таму сельгасвытворцы застаюцца без насення алейнай культуры. Вырошчваннем яе сёлета занялося ў асноўным адкрытае акцыянернае таварыства “Камарынскі”. Тут пасеяна 413 гектараў рапсу, на сёння ўбрана 75% плошчаў і намалочана 523 тоны. Ураджайнасць складае 17 цэнтнераў з гектара.

Міхаіл Яўсеенка
Міхаіл Яўсеенка

00001-04

Паколькі жніво вядзецца толькі ў гэтай гаспадарцы (паспелі ўжо ўбраць у Гдзені невялікі ўчастак жыта), накіроўваемся туды. Спачатку – у Краснае, дзе другі год працуе новы сушыльны комплекс ЗСК-40 Ш. Абслугоўваюць яго Уладзімір Трэбка і Радзівон Мырзак. Першы, дарэчы, перапрацоўкай збажыны заняты чацвёрты сезон. Да гэтага быў задзейнічаны ў Кіраве. Родам з Украіны, дзе таксама працаваў на сушыльных комплексах, больш магутных, чым гэты. Па яго словах, пасля таго, як давядуць да ладу зімой вырашчаны ўраджай, даводзілася станавіцца на ўлік на біржы. Чакаць, калі настане новы сезон уборкі зерневых, кукурузы і будуць запатрабаваны прафесійныя веды і вопыт такіх, як ён.

Паколькі тэхніка для Уладзіміра Трэбкі не новая, нічога складанага, лічыць, у рабоце аператара няма. На маніторы камп’ютара (звязаны ён з галоўным працэсарам) бачна, што адбываецца ў гэты час на сушыльным комплексе, як ідзе выгрузка ачышчанага рапсу ў кузаў аўтамабіля. З пятніцы мінулага тыдня ААТ “Камарынскі” адпраўляе насенне алейнай культуры на перапрацоўку.

Сустрэлі на зернетаку мы і Радзівона Мырзака, агранома па спецыяльнасці, які сочыць за працэсам ачысткі рапсу, вядзе яго ўлік. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан абмеркаваў са спецыялістам пытанні аховы працы, параіў, дзе размясціць наглядную агітацыю.

00001-0500001-06

Цяпер наш маршрут – на рапсавае поле, да камбайнераў і вадзіцеляў, якія дачакаліся жніва і гатовы працаваць дацямна, каб убраць вырашчанае. Валерый Касцючэнка паспеў убраць 90,1 гектара і намалаціць 154 тоны. Яго стаж у “Камарынскім” – больш за два дзесяцігоддзі. Зерневыя на камбайне вытворчасці “Гомсельмаша” абмалочваў ён і летась, дабіўся добрых паказчыкаў. Закончыцца жніво, і Валерый Васільевіч перасядзе за руль энерганасычанага трактара.

Валерый Касцючэнка (справа) і Віктар Балобан
Валерый Касцючэнка (справа) і Віктар Балобан

Ураджай каштоўнай культуры сёлета не назавеш выдатным. Ёсць участкі, дзе ён урадзіў шчодра, як напрыклад, на полі за вёскай Старая Іёлча. Каля ўказальнага знака справа пасевы – амаль у рост чалавека. Пасля праходу камбайна застаецца тоўстае цаўё.

Для Мікалая Марчанкі з ААТ “Брагінаграсэрвіс” палеткі ўсіх гаспадарак раёна знаёмыя і родныя. У 2016-м, у першыя дні адказнай кампаніі, ён дапамагаў убіраць збожжавыя хлебаробам “Пераможніка”. Пакуль у іншых сель-гаспрадпрыемствах рыхтуюцца да выхаду ў поле, камбайнеры і вадзіцелі абслугоўваючай арганізацыі працуюць у “Камарынскім”.

Мікалай Марчанка
Мікалай Марчанка

Вадзіцель Міхаіл Яўсеенка на сваім “МАЗе” адвозіць рапс, а да гэтага дастаўляў жыта. Арганізацыяй работы людзі задаволены, для іх прадугледжана двухразовае гарачае харчаванне.

Прафсаюзны лідар развітваўся з удзельнікамі жніва ненадоўга. Хутка будзем віншаваць першых тысячнікаў, падарункі для якіх ужо закуплены.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Галіны ШАЎЧЭНКІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *