У доме Людмілы Лук’яненкі з Кірава красуюцца дзясяткі самых розных відаў кветак

Грамадства

Kvetki_003

Кожнай кветачцы, каб любавацца раслінным хараством, неабходны пільная ўвага, догляд і клопат. Адной для добрага росту, развіцця і пышнага цвіцення патрэбны шчодры паліў, а другой – умераная колькасць вады. Ёсць і такія прадстаўніцы флоры, што пакутуюць ад недахопу сонечнага святла ці, наадварот, аддаюць перавагу ценю. Праблем дадаецца, калі адольваюць хваробы або шкоднікі. Таму для Людмілы Лук’яненкі з Кірава, у доме якой красуюцца дзясяткі самых розных відаў кветак, вельмі важна стварыць для іх максімальна камфортныя ўмовы. Каб і тэмпература, і вільготнасць, і доступ свежага паветра, і асвятленне – усё адпавядала патрабаванням той ці іншай хатняй прыгажуні. Добра, што зараз у многіх пытаннях, звязаных з доглядам раслін, выручае інтэрнэт, дапамагае набытая некалі літаратура.

А якая ж вясковая ўтульнасць без дагледжанага, акуратнага дворыка, агарода, дзякуючы якому Людміла Васільеўна, як і кожная дбайная гаспадыня, нарыхтоўвае запасы на зіму. Шкада толькі, што сёлета, – прызнаецца жанчына, – зямля не парадуе ўраджаем, на які разлічвалі: свае карэктывы ўнесла неспрыяльнае надвор’е. Але гэта не падстава, каб адчайвацца: да пацярпелых ад нечаканых маразоў раслін, у ліку якіх і сартавы вінаград, прыкладзены клапатлівыя рукі – надзея ўскладваецца на наступны сезон. А кампенсаваць хоць нейкім чынам недахоп вільгаці на градках гаспадыня імкнецца рэгулярным палівам.

Kvetki_002Kvetki_001Kvetki_004Kvetki_005Так як муж Сяргей практычна ўсе дні ў рабоце – абавязвае пасада дырэктара Брагінскага ПМС, амаль увесь груз хатніх і гаспадарчых клопатаў кладзецца менавіта на плечы яго жонкі. Але і пры такім раскладзе сядзіба пад нумарам тры па вуліцы Пясочнай застаецца ў ідэальным парадку. Нездарма ў мясцовым сельвыканкаме яе адзначылі як адну з лепшых у вёсцы Кірава. Першыя памочнікі Людмілы Васільеўны – два сыны, на якіх можна разлічваць у любых мужчынскіх справах. Старэйшы, Багдан, ужо навучэнец Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа. З дыпломам аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануе вярнуцца ў родны раён, каб працаваць у сельскагаспадарчай галіне механікам. А малодшы, 17-гадовы Мікіта, толькі закончыў школу і хоча звязаць сваё жыццё з медыцынай, таму хваляванні маці ў дзень нашай сустрэчы былі зразумелыя – пачаўся прыём дакументаў у каледжы. Няхай усё задуманае здзейсніцца і не палохаюць цяжкасці!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *