ААТ “Брагінскі”: збожжавыя ўбіраюць і вопытныя камбайнеры, і моладзь

Экономика

Bragin_005

Падзеі, якія сталі знакавымі і ўпісаліся ў гісторыю развіцця ААТ “Брагінскі”, адбыліся ў 2002 годзе. Гаспадарка (на той момант калгас імя Тэльмана) завяршыла жніво за дзесяць каляндарных дзён – адной з першых у рэспубліцы – і атрымала з кожнага гектара па 30,2 цэнтнера зерневых.

Заўважу: той год не быў спрыяльны для хлебаробаў рэспублікі. З гэтай падзеяй тэльманаўцаў цёпла павіншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Тэлеграму са словамі падзякі атрымалі ад яго 22 ліпеня. Кіраўнік дзяржавы, выступаючы на рэспубліканскім свяце-кірмашы і падводзячы вынікі ўборачнай кампаніі, прывёў нашых землякоў у прыклад.

Жніво-2017 вядуць камбайнеры, якія памятаюць тыя ўрачыстыя дажынкі і маюць непасрэднае дачыненне да працоўнага поспеху, аб якім даведаліся і іншыя жыхары краіны. Адзін з такіх прафесіяналаў – Мікалай Дзегцярэнка. Сёлета ён вывеў на хлебны масіў свой “Лексіён” з невялікім спазненнем. Каб паставіць “іншаземца” на лінейку гатоўнасці, спатрэбіліся нятанныя запчасткі. Спаборнічаць з тымі, хто ўбірае каласавыя з першых дзён напружанай кампаніі, няпроста. Спадзяёмся, у наступным годзе камбайнер праявіць сваё майстэрства на поўную сілу, як і на тое, што ўраджайнасць у адкрытым акцыянерным таварыстве будзе вышэйшая.

 Мікалай Дзегцярэнк
Мікалай Дзегцярэнка

Па арганізацыі ўборачнага працэсу, у якім удзельнічаюць дарослыя і дзеці, дзяжурстве галоўных спецыялістаў не толькі каля камбайнаў, але і на зернетаку, угадваецца стыль таго “Брагінскага”, які служыў прыкладам удумлівага гаспадарання, прымаў шматлікія дэлегацыі і праводзіў для людзей яркія і запамінальныя святы. Паралельна з абмалотам збожжавых ідзе прасаванне саломы і вя-дзецца ворыва глебы пад рапс. Тут думаюць ужо пра ўраджай наступнага года. З плугамі працуе Аляксандр Заранік.

Праўда, вярнуцца на ранейшыя пазіцыі будзе складана. Спатрэбіцца час, каб разлічыцца з даўгамі і папоўніць казну, сустракаць чарговае жніво з запасам гаруча-змазачных матэрыялаў і не адчуваць яго дэфіцыту ў гарачае і сухое надвор’е. Выплачваць, як і раней, заработную плату рэгулярна, чысло ў чысло, праводзіць добраўпарадкаванне тэрыторый і ферм, бо многае з таго, што было зроблена, прыйшло ў непрыгоднасць.

Дырэктар сельгаспрадпрыемства Анатоль Хадасок у гэтыя дні на полі побач з людзьмі. Збожжавыя ўбіраюць і вопытныя камбайнеры, і моладзь. Сяргей Рэбка і Яўген Шубянок – адны з лепшых у раёне па тэмпах уборкі сярод маладзёжных экіпажаў. Без затрымкі стараецца падагнаць МАЗ-551605 для выгрузкі зерня з бункераў Дзяніс Кузакоў.

Яўген Шубянок і Сяргей Рэбка
Яўген Шубянок і Сяргей Рэбка
Дзяніс Кузакоў
Дзяніс Кузакоў

Анатоль Іванавіч сочыць, як ідзе нарыхтоўка кармоў на суседнім полі, дзе пасеялі проса. Каб быць з кармамі і не купляць іх у суседзяў, “Брагінскі” пасеяў ужо 500 гектараў аднагадовых – проса і пайзы.

Ход уборкі зерневых адлюстроўваецца на экране, які галоўны эканаміст Таццяна Шульга вывешвае на відным месцы каля адміністрацыйнага будынка. Мы сустрэліся з ёй на зернетаку. Таццяна Іванаўна ўзважвала машыны, што пад’язджалі сюды з поля, вяла ўлік. Быў тут і Уладзімір Заяц. Разам з Аляксандрам Федарэнкам і Аляксандрам Буйневічам яны перапрацоўваюць збожжа. За суткі на ЗСК-30 могуць высушыць каля 300 тон.

Уладзімір Заяц
Уладзімір Заяц

У старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктара Балобана ўзніклі пытанні да якасці гарачых абедаў, якія вяскоўцы атрымліваюць з кропкі грамадскага харчавання. Ведаючы характар Анатоля Іванавіча, верыцца, што і абеды для людзей у наступным годзе будуць гатавацца на месцы.

Удачы вам, працаўнікі “Брагінскага”! Цярплівасці, моцнага здароўя і настойлівасці ў дасягненні намечанага.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий