БРСМ: падчас адкрытага дыялогу размова ішла аб культурнай і гістарычнай спадчыне Брагіншчыны

Грамадства

D_0001

У рамках рэспубліканскага маладзёжнага праекта “Беларусь – крынiца натхнення” у цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў адкрыты дыялог.

Як у кожнай ракі ёсць свой выток, так і ў кожнага чалавека ёсць свой маленькі куточак, з якога ўсё пачынаецца. Нямала таленавітых людзей, што чэрпалі натхненне ад роднай зямлі, не змянялі сваім караням і імкнуліся пакінуць пасля сябе след, дала і Брагіншчына. Менавіта пра іх ішла размова ў час адкрытага дыялогу, правядзенне якога ініцыіравала раённая арганізацыя ГА “БРСМ”. Далучыцца да гутаркі мог кожны жадаючы.

Аб гісторыі Брагіна прысутным распавёў загадчык аддзела абслугоўвання ЦРБ Максім Ласіца. Ён нагадаў, што сёлета спаўняецца 870 гадоў з той пары, калі гарпасёлак упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе. Юбілейная дата, безумоўна, можа натхніць брагінчан на новыя ідэі і цікавыя праекты і з іх дапамогай раскрыць багатую культурную спадчыну нашага краю.

Вядучы таксама агучыў успаміны Галіны Чаркасавай, якая пражывала па вуліцы Кірава. Па словах жанчыны 1927 года нараджэння, сучасныя вуліцы райцэнтра некалі мелі іншыя назвы. Так, Краснаармейская была Гаццю, Кірава – Загароддзем (жылі казакі), Савецкая – Прабойнай, Акцябрская – Звярынец (размяшчаліся хутары). Раённы дом культуры пабудаваны на месцы, дзе раней стаяў помнік партызанам 1920-х гадоў. Бібліятэка знаходзілася ў пачатку вуліцы Кірава, побач – радзільны дом (вялікі кірпічны будынак, які немцы спалілі падчас адступлення). У памяшканні былога тэлеграфа сёння размяшчаецца цэнтральная бібліятэка. А там, дзе знаходзіцца райвыканкам некалі стаяла царкоўна-прыходская школа.

D_0002Час ідзе, змяняюцца назвы, прыходзяць новыя пакаленні са сваімі інтарэсамі і жыццёвымі мэтамі, але нязменнай застаецца любоў да Радзімы. Хочацца верыць, што традыцыі і гісторыя краіны, захапленне прыгажосцю родных краявідаў і роднай мовай яшчэ не раз стануць крыніцай натхнення для творчасці, духоўнага развіцця і стваральнай працы сучасных беларусаў, у тым ліку і брагінчан.

Да мерапрыемства ў бібліятэцы таксама была арганізавана кніжная выстава “Мы ганарымся сваёй Радзімай”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *