У рамках акцыі “У школу з “Добрым сэрцам”, якую праводзіў РК ГА “БРСМ”, партфелі з наборам канцылярскіх прыналежнасцяў атрымалі дзяўчынкі, якія выхоўваюцца ў шматдзетных сем’ях.
Сшыткі, ручкі, пластылін, фарбы, алоўкі, альбомы для малявання, каляровая папера – здавалася б, не такія ўжо і дарагія рэчы. Але калі бацькі выхоўваюць не адно дзіця, то набыць адразу ўсё неабходнае досыць праблематычна. Каб падтрымаць такія сем’і, і была арганізавана акцыя “У школу з “Добрым сэрцам”.
З прыемнай місіяй – уручыць такія патрэбныя сёння падарункі – в.а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Юлія Сапега завітала ў госці да першакласніц Мілены Паўленка са Шкуратоў і Міланы Буйневіч з Таклінова. Набыць для дзяўчынак рукзакі і іншыя школьныя рэчы дапамаглі члены пярвічных арганізацый БРСМ раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага дома культуры, пагранічнай службы, ДЛГУ “Камарынскі лясгас”.
Па словах лідара саюза моладзі, дабрачынная акцыя праводзіцца ўжо не першы год і мае толькі станоўчыя водгукі. Дзеці – наша будучае, таму вельмі хочацца, каб іх школьнае жыццё было цікавым, паспяховым, з новымі адкрыццямі і выдатнымі адзнакамі.