Працоўныя калектывы Брагіншчыны далучаюцца да дабрачыннай акцыі “Збяром партфель першакласніку”

Грамадства

1000_0015

У аўторак віншаванні з пачаткам новай старонкі ў сваім жыцці прымала будучая першакласніца Мілана Валова.

Для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сёлета ўпершыню пераступяць школьны парог, 1 верасня стане хвалюючым і ўрачыстым днём, таму вельмі важна, каб ён запомніўся ім толькі станоўчымі эмоцыямі і радаснымі ўражаннямі. Так лічыць і калектыў Брагінскага вузла электрасувязі, які ахвотна далучыўся да дабрачыннай акцыі “Збяром партфель першакласніку”.

Акрамя сшыткаў, алоўкаў і іншых пісьмовых прыналежнасцяў, Мілана атрымала ў падарунак і камплект адзення – спаднічку з камізэлькай і прыгожую блузку. Дзяўчынка вельмі задаволена абноўкай, у якой у Дзень ведаў пойдзе на ўрачыстую лінейку. Але больш за ўсё будучую школьніцу зацікавіў набор для малявання – аднаго з яе любімых відаў творчасці.

Перадалі Мілане падарункі супрацоўнікі вузла электрасувязі Віктар Корхаў і Галіна Пятрова.

1000_0016

У ліку першых падарункі да Дня ведаў атрымала і Варвара Манжос. Калектыў аддзела адукацыі, спорту і турызму – установы, дзе працуе яе тата – набыў для дзяўчынкі ружовы рукзак і набор канцылярскіх прыналежнасцяў, якія ёй спатрэбяцца для заняткаў. З прыемнай місіяй, каб уручыць будучай вучаніцы яе першыя школьныя рэчы, у госці да дзяўчынкі завіталі начальнік аддзела Аляксандр Калясан і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Вольга Змітровіч.

Варвара з радасцю і хваляваннем разглядала ўсё, што ў хуткім часе стане неад’емнай часткай новага этапу яе жыцця – сшыткі, фарбы, лінейкі, ручкі… Аляксандр Іванавіч пажадаў дзяўчынцы поспехаў, а тая паабяцала, што будзе імкнуцца вучыцца толькі на “выдатна” і радаваць станоўчымі вынікамі сваіх бацькоў і настаўнікаў.

Безумоўна, для першакласнікаў падрыхтоўка да школы – адзін з радасных і прыемных момантаў. Гэта той час, калі ў іх шафе з’яўляецца шмат новых, прыгожых і жаданых рэчаў. Аднак сёння падрыхтаваць дзіця да школы – задача не з танных, таму сем’ям, якім складана гэта зрабіць самастойна, дапамагаюць удзельнікі акцыі “Збяром партфель першакласніку”. Да яе могуць далучыцца ўсе жадаючыя.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *