Тэма тыдня: Лукашэнка правёў рэспубліканскую селектарную нараду па пытаннях уборкі ўраджаю

Тема недели

luca

Лукашэнка на перыяд уборачнай кампаніі даў старшыням райвыканкамаў самыя шырокія паўнамоцтвы

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 2 жніўня на рэспубліканскай селектарнай нарадзе па пытаннях уборкі ўраджаю ў 2017 годзе.

«Асабліва хачу падкрэсліць, я хачу, каб гэта засвоілі ўсе, і перш за ўсё тыя, каму я адрасую гэты тэзіс: рашэнні старшыні райвыканкама да 1 кастрычніка 2017 года, звязаныя з уборачнай кампаніяй, канчатковыя і абскарджанню не падлягаюць. Калі старшыні райвыканкама трэба ажыццявіць тыя ці іншыя дзеянні, значыць, ён іх будзе ажыццяўляць. Ніхто не мае права ўмешвацца ў яго распарадча-арганізацыйныя функцыі. Паправіць яго можа, калі ён згадзіцца, толькі губернатар, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Я гэта гавару для таго, каб потым не было спасылак, што ў некага не хапіла паўнамоцтваў, каб убраць збожжа».

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў кожным раёне ёсць толькі каля трох-чатырох праблемных гаспадарак. «Вось займайцеся імі. Не трэба сноўдацца па раёне і рабіць выгляд, што вы нешта кантралюеце. Едзьце туды, дзе вы патрэбны. Вось за гэтыя тры гаспадаркі персанальную адказнасць нясе старшыня райвынкама. Таму яму дадзены ўсе паўнамоцтвы. Дзейнічайце! Улада ў вашых руках», — падкрэсліў беларускі лідар.

Лукашэнка даручыў завяршыць уборку збожжавых максімум да 20 жніўня

«Уборку ў асноўнай масе трэба завяршыць у першай палавіне, у крайнім выпадку — да 20 жніўня», — даручыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя вельмі няпростая — з-за ўмоў надвор’я, іншых фактараў зрушыліся тэрміны як вясенняй пасяўной, так і выспявання ўраджаю. «На 8-10 дзён мы ўжо спазняемся», — канстатаваў ён.

«Ускладняе сітуацыю і высокая ўшчыльненасць работ. Разам з уборкай збожжавых неабходна весці церабленне лёну, другі ўкос шматгадовых траў (першага, як вы разумееце, практычна не было), сяўбу паржышчавых культур і многае іншае, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Застаўся кароткі перыяд часу, на працягу якога нам неабходна кардынальна паскорыць усе працэсы, каб, з аднаго боку, убраць ураджай, не страціўшы ніводнага зярняткі, з іншага — пачаць падрыхтоўку да пасяўной азімых культур».

Прэзідэнт канстатаваў, што цяпер тэмпы ўборкі збожжавых вельмі нізкія — за дзень убіраецца не больш як 2-3 працэнты плошчаў. «Адразу адзначу: усё, што залежыць ад дзяржавы, для паспяховай уборачнай кампаніі зроблена. Фінансавыя рэсурсы ёсць, гаспадаркі забяспечаны тэхнікай (прынамсі, ніхто не ставіць пытанняў па тэхніцы), па паліве на мінулым тыдні падпісана маё адпаведнае распараджэнне», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш, у шэрагу рэгіёнаў дрэнна падрыхтаваліся да ўборачнай кампаніі, у тым ліку стаяць амаль 7-8 працэнтаў няспраўных уборачных камбайнаў, не адрамантаваны некаторыя зернесушылкі, у шэрагу гаспадарак адчуваецца няхватка механізатараў. Не ўсюды належным чынам паклапаціліся аб забеспячэнні тэхнікі гаручым, запаснымі часткамі, з-за чаго магчымы страты рабочага часу.

«Нельга дапусціць, каб, як гэта нярэдка бывае, механізм уборачнай кампаніі працаваў у запаволеным рэжыме. Гэта пагражае непазбежнымі стратамі, якіх дапусціць у гэтым годзе нельга», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пацікавіўся ў адказных за ход уборачнай кампаніі, чаму дрэнна падрыхтавана тэхніка да ўборкі, і папярэдзіў аб недапушчальнасці прыпісак. «Мэта адна — не дапусціць страт. Мы не можам угнойваць збожжам глебу. У нас лічылася і да гэтага часу разважанні чую ад спецыялістаў, што 8-10 працэнтаў страт — гэта нармальна. А гэта амаль 1 млн т збожжа», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на пытанні тэхналогіі ўборкі з улікам асаблівасцей бягучага года, максімальна эфектыўнага выкарыстання зернесушыльнай гаспадаркі. «Марудзіць з уборкай і, як у нас у вёсцы кажуць, дапускаць выспяванне збожжа да стану 12-13 працэнтаў вільготнасці злачынна. Таму 20 працэнтаў — і трэба пачынаць уборку неадкладна. Трэба запускаць усе зернесушылкі і дасушваць збожжа да патрэбных кандыцый», — сказаў Прэзідэнт.

Яшчэ адно важнае пытанне — людзі, якія заняты на ўборачнай кампаніі. «Іх трэба накарміць, напаіць і гэтак далей. Прафсаюзы галавой за гэта адказваюць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Даручэнні праваахоўным органам аб строгім кантролі за ходам уборачнай кампаніі на мінулым тыдні мною дадзены. Кантроль будзе самым сур’ёзным на падставе тых законаў, якія сёння існуюць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Захаванасць ураджаю — гэта пытанне харчовай бяспекі краіны. Мы не можам дапусціць ніякіх страт».

Адначасова з уборкай грамадскіх пасеваў Прэзідэнт даручыў аказаць неабходную дапамогу і прыватнаму сектару, у тым ліку, калі неабходна, фермерскім гаспадаркам.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што тэмпы збожжаўборачных работ звязаны непасрэдна з нарыхтоўкай кармоў з другога ўкосу траў. «Часта на кормаўборачных і збожжаўборачных камбайнах працуюць адны і тыя ж механізатары. Які стан спраў з механізатарамі? — пацікавіўся ён. — Як вядзецца сяўба пажніўных і паржышчавых культур? Там ёсць вялікі патэнцыял для кормавытворчасці».

Прэзідэнт таксама нагадаў, што аграрны комплекс Беларусі знаходзіцца на этапе вытворчасці «вялікага» малака, а гэта фінансы сельскагаспадарчых арганізацый.

«Трэба хутка ўбіраць збожжавыя культуры і трэба нарыхтаваць больш травяных кармоў», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Яшчэ адна з мэт сённяшняй нарады — забяспечыць зладжанасць і дакладнасць дзеянняў органаў улады і кіравання. Трэба проста ўзварушыць людзей, надаць дынамізм рабоце ўсяго ўборачнага канвеера і не дапусціць страт ураджаю», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў, што катэгарычна забараняецца ўсё спісваць на надвор’е. «Дай бог, каб кожны год у нас было такое надвор’е. Ідэальны год для сельскай гаспадаркі. Не хлебам адзіным жыве чалавек. Няхай другім укосам, цудоўныя травы, добрыя збожжавыя, ідэальная бульба вырасла, лён нядрэнны, буракі, агародніна. Гэта ж таксама ўраджай. І вельмі важны для чалавека», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«У нас пакуль шмат бязладнасці, элементарнага разгільдзяйства і прыкрых недапрацовак, якія ў цяперашніх умовах недапушчальныя. Цяпер неабходна максімальна напружыцца ўсім і ўбраць з поля збожжа, не расцягваючы работы на месяц-паўтара і не чакаючы, што гасподзь нам пашле лепшае надвор’е. Ні ў якім разе не расслабляцца. Трэба трымаць тэмпы работ не толькі на жніве збожжа, але і на ўборцы іншых культур», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка даручыў параўнаць колькасць псаванняў айчыннай сельгастэхнікі і замежнай

«Чаму няякасную тэхніку прадаяце сельскай гаспадарцы?» — звярнуўся з пытаннем кіраўнік дзяржавы да віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі.

Ён у сваю чаргу далажыў, што па факце 2016-га і першай паловы 2017 года адзначана зніжэнне дэфектнасці тэхнікі, як гарантыйнай, так і постгарантыйнай. Віцэ-прэм’ер таксама паведаміў, што ўсе заданні па забеспячэнні тэхнікай сёлетняй уборачнай кампаніі выкананы. Выраблены ў дастатковай колькасці новыя збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, аднак не ўсе з іх аплачаны. «Таму праблема за гаспадаркамі, за абласцямі. Выкупляць трэба», — сказаў Уладзімір Сямашка.

Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву МУС і Камітэта дзяржкантролю пачынаючы з 1 жніўня дакладваць аб выпадках выхаду са строю гарантыйнай тэхнікі. «Не дай бог выйдзе гарантыйная тэхніка са строю — факты мне гэтыя ўсе далажыць па краіне. І не дай бог туды больш за суткі не з’явіцца гарант», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Адпаведныя паказчыкі Аляксандр Лукашэнка даручыў прааналізаваць у параўнанні з колькасцю псаванняў у тэхнікі замежных вытворцаў прызнаных у свеце марак. «Возьмем колькасць псаванняў у іх. Калі Сямашка на гэтым узроўні працуе, да яго прэтэнзій няма. Калі хоць на адну адзінку горш, няхай крыўдуюць самі на сябе. Хопіць з імі цацкацца. За няякасную тэхніку адказвае персанальна Сямашка», — заявіў Прэзідэнт.

Што датычыцца паставак вырабленай тэхнікі, кіраўнік дзяржавы даручыў аператыўна вырашыць гэта пытанне. «Усю тэхніку, якая заказана, адправіць у гаспадаркі. Калі не аплачана — пад гарантыі губернатараў. Няхай з Сямашкам вызначаюцца прамыслоўцы, да якога часу яны могуць пацярпець з аплатай у гэтым годзе. Што толку ад таго, што выраблены камбайны, і яны сёння стаяць на заводзе. Грошай няма… Ну, заўтра з’явяцца. А камбайны ўжо не патрэбны будуць заўтра. Таму неадкладна адправіць пад гарантыі губернатараў і Кабякова (прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. — Заўвага БЕЛТА) па аплаце», — распарадзіўся беларускі лідар.

Лукашэнка чакае ад СМІ актыўнага асвятлення ўборачнай кампаніі, у тым ліку недахопаў

«Сродкам масавай інфармацыі трэба разгарнуцца на поўную моц, паказваць лепшыя экіпажы, сем’і. Гэта даніна павагі людзям, якія працуюць у вёсцы. Але трэба паказваць і недахопы, пра якія сёння было сказана», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заклікаў сродкі масавай інфармацыі неадкладна пачынаць працаваць у гэтым напрамку. «Тэлебачанне, радыё, газеты, інтэрнэт — усё павінна быць запоўнена гэтым», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка заклікаў не займацца самападманам у пытанні нарыхтоўкі кармоў для жывёлагадоўлі

Прэзідэнт даручыў праінспектаваць у кожнай вобласці ўсе сіласныя траншэі для захоўвання кармоў.

«Гэта — якасць кармоў, здароўе жывёл. Таму траншэі, якія непрыдатныя, трэба іх дастаць з зямлі і перарабіць, паставіць у патрэбным месцы. Там, дзе трэба (замест курганоў вашых і буртоў), пабудаваць новыя траншэі. У вас, Андрэй Уладзіміравіч (прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. — Заўвага БЕЛТА), гэты і наступны год. У адваротным выпадку не трэба нарыхтоўваць травяністыя кармы там, дзе вы кладзяце іх у бурты. Гэта — гніллё, атрута для жывёлагадоўлі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, неабходна ўзяць адпаведнае пытанне штурмам, як у свой час было зроблена адносна будаўніцтва сховішчаў для бульбы. «Калі пабудавалі бульбасховішчы, бульба стала рэнтабельнай, таму што мы маем магчымасць прадаць яе ў красавіку-маі. Гэтак жа і з траншэямі трэба разабрацца», — сказаў ён.

«Самі сябе падманваем. Нарыхтоўваем, называецца, кармы. І ў бурты кладзём. На кантроль гэта пытанне ўсім памочнікам. У будучым годзе ўсе траншэі павінны быць у страі. На жалезны кантроль гэта пытанне, і трэба раз і назаўсёды зняць яго», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Лукашэнка даручыў ураду і Нацбанку вырашыць грашовыя пытанні пры забеспячэнні сельгасработ

«Што датычыцца вырашэння пытанняў грашовых, галавой адказвае Калаур, разам з ім — Кабякоў. Тое ж падлягае запісу ў пратакол (даручэнняў па выніках нарады. — Заўвага БЕЛТА). Усе фінансавыя пытанні з улікам, вядома, магчымасці губерняў, павінны быць зняты», — заявіў Прэзідэнт.

«Вы майце на ўвазе, што цяпер усе пойдуць з партфелямі прасіць грошай. Таму трэба разабрацца. Там, дзе катастрафічная сітуацыя, трэба дапамагчы», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

У дакладзе старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля Ліса была, у прыватнасці, агучана просьба да ўрада і Прэзідэнта разгледзець магчымасць пастаўкі калійных угнаенняў з адтэрміноўкай плацяжу да студзеня 2018 года. Ёсць пытанні і з фінансаваннем закупкі паліва пад азімую сяўбу, закупкі фосфарных угнаенняў.

«Што датычыцца ўзнятых пытанняў па калійных угнаеннях: я згодны. Трэба паставіць задачу «Беларуськалію», каб вырабілі патрэбную колькасць калійных угнаенняў і паставілі вёсцы пад гарантыі зноў жа губернатара з аплатай да 1 студзеня», — даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў чыноўнікаў за правалы ў падрыхтоўцы да ўборачнай кампаніі

Прэзідэнт звярнуўся да прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова: «Чаму вы прынялі рашэнне ўрада да 20 ліпеня ўсю тэхніку падрыхтаваць і не пракантралявалі, што тэхніка гатова? Чаму міліцыю не арганізавалі? Чаму пракурора не папрасілі дапамагчы? Чаму КДК не задзейнічалі за паўгода? Трэба было прэм’ер-міністра паклікаць у рэзідэнцыю Прэзідэнта, каб спагнаць і задачы паставіць?»

Андрэй Кабякоў адказаў, што цяпер гаспадаркі да ўборкі ўраджаю ў асноўным гатовы, аднак у 30 працэнтах арганізацый праблемы маюць хранічны характар. «Дык якое ж «у асноўным»? Вы не ўяўляеце, што такое 30 працэнтаў гаспадарак? Калі вы сабраліся 8 млн т збожжа сабраць, адкіньце 30 працэнтаў… Вы што, 3 млн т збожжа не збіраецеся сёння збіраць? — задаў пытанне Прэзідэнт. — Пара ўраду вылазіць з кабінетаў. А вы, як у бухгалтэрыі працуеце, расказваеце пра статыстыку нейкую. Вось яна статыстыка, калі паехалі і паглядзелі непасрэдна».

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў адказных за ўборачную кампанію членаў урада, кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады аб адказнасці за выкананне пастаўленых задач: «Забяспечылі гаспадаркі неабходным. Усім, чым маглі. Напружваем усю краіну. А вы не можаце трактар на месца паставіць і п’яніцу-механізатара да парадку заклікаць. Семінары праводзім, вучым кагосьці. Каго мы вучым? Яны даўно навучаны. Стаўце канкрэтныя задачы і рэалізоўвайце іх».

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўраджай павінен быць сабраны да 20 жніўня. «Я вас сабраў для таго, каб мы не страцілі тое, што нам падорана. Мы маем магчымасць накарміць жывёлу, атрымаць добрыя грошы. Сёння высокія цэны на прадукты харчавання. Мы можам вырашыць фінансавыя пытанні гаспадарак і фермераў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён заклікаў не скардзіцца на ўмовы надвор’я. «Я настойваю, што надвор’е нядрэннае, трэба ўмець убіраць. Не чакайце. 20 працэнтаў вільготнасць збожжа — неадкладна пачынайце ўборку. Прывезяце на склад, дасушыце. Так, можа, крыху больш давядзецца затраціць грошай на сушку», — сказаў кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў важнасць выкарыстання мясцовых відаў паліва ў зернесушылках.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў хутчэйшага выхаду на ўраджайнасць збожжавых 45 ц/га. «Каб гэта мець, павінны быць не проста тэхналогіі — трэба вызначыцца, на якім полі гэтыя збожжавыя вырошчваць. Калі вы не можаце па тэхналогіі забяспечыць, тады і сеяць не трэба. Калі нам 45 цэнтнераў атрымаць ураджайнасць, то на 25 працэнтаў можна будзе менш сеяць палёў. А гэта для нас дасягальная лічба», — падкрэсліў ён. Па рапсе стаіць задача атрымаць ураджайнасць 25 ц/га, па кукурузным зерні — 120 ц/га. Яшчэ адна стратэгічная культура, на якую звярнуў увагу Прэзідэнт, — гэта лён. Ён даручыў поўнасцю забяспечыць Аршанскі льнокамбінат як доўгім, так і кароткім валакном.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што важна мінімізаваць страты ўраджаю ў час уборкі. У сувязі з гэтым ён даручыў прапрацаваць стратэгію перавозкі, у тым ліку з дапамогай ваенных. Асобна ён спыніўся на якасці беларускай тэхнікі з улікам нараканняў, якія ёсць у сельгасарганізацый. «Збірай сваіх і патрабаваць за кожны трактар, камбайн і іншую тэхніку», — звярнуўся ён да міністра прамысловасці Віталя Воўка.

Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць своечасовай выплаты заработнай платы на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. «Ніхто бясплатна працаваць у калгасе, саўгасе не будзе. Таму вяскоўцам трэба заплаціць зарплату, калі ёсць запазычанасць. І трэба ўстанавіць нармальныя тарыфы, каб людзі зарабілі нармальныя грошы ў гэтыя месяцы», — сказаў Прэзідэнт.

Асаблівую ўвагу ён удзяліў рабоце ўпаўнаважаных памочнікаў Прэзідэнта па абласцях. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, яны павінны большую частку часу знаходзіцца на месцах. «Не працуйце на паказуху, мне яна не патрэбна. Я знайду магчымасць праверыць, як працуюць упаўнаважаныя», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў праваахоўным органам і Камітэту дзяржаўнага кантролю выявіць і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у зрыве ўборачнай кампаніі. «Калі мы гэта не зробім, гэта будуць проста размовы, і на месцах махнуць рукамі — пагаварылі і забылі. Я не забуду. Усе вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасці. З 1 кастрычніка пачынайце маніторыць і прымаць меры, патрабуйце з кіраўнікоў», — падкрэсліў ён.

Лукашэнка: тыднёвы запас паліва павінен быць сфарміраваны ў абласцях на час уборачнай кампаніі

«Рашэнне па ўгнаеннях і паліве. Прэм’ер-міністр, упаўнаважаныя службовыя асобы па абласцях за гэта адказныя. Незніжальны запас паліва ў вобласці (не ў канкрэтных гаспадарках, а ў вобласці) павінен быць тыднёвы. Папрашу губернатараў дакладваць мне асабіста, калі недзе, пачынаючы з 10 жніўня, не будзе тыднёвага запасу ў распараджэнні губернатара», — сказаў Прэзідэнт.

«Адказныя за ўгнаенні пад азімую сяўбу, за паліва. Тыднёвы незніжальны запас павінен быць сфарміраваны да 10 жніўня. Займайцеся. Я вам вызначыў па грашах, па ўгнаеннях, па паліве», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пытанне забяспечанасці палівам на нарадзе ўзнялі некалькі губернатараў. У іх ліку старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. «Я хацеў бы падтрымаць брэсцкага калегу. Сапраўды, сёння паліва ёсць для правядзення ўборачнай кампаніі. Але трэба праводзіць увесь комплекс работ — і салома, і сяўба азімых культур, і гэтак далей. Для гэтага паліва не дастаткова. Існуе дэфіцыт. Вельмі хацелася б, каб не стрымліваць аб’ём работы, комплекс у цэлым, вырашыць пытанне паліва ў растэрміноўку. І, зразумела, угнаенні. Таму што за адзін месяц і фізічна, і фінансава гэта вельмі складана і часта немагчыма вырашыць. Мы гатовы разлічвацца паслядоўна за 2-3 месяцы», — адзначыў ён.

10 цытат з селектарнай нарады Прэзідэнта

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 жніўня правёў рэспубліканскую селектарную нараду па пытаннях уборкі ўраджаю. Публікуем 10 цытат, якія маглі б стаць кароткім канспектам пратаколаў нарады.

  1. Адна з мэт сённяшняй нарады — забяспечыць зладжанасць і дакладнасць дзеянняў органаў улады і кіравання. Трэба проста ўзварушыць людзей, надаць дынамізм рабоце ўсяго ўборачнага канвеера і не дапусціць страт ураджаю.
  2. Мэта адна — не дапусціць страт. Мы не можам угнойваць збожжам глебу.
  3. Старшыням райвыканкамаў: Не трэба сноўдацца па раёне і рабіць выгляд, што вы нешта кантралюеце. Едзьце туды, дзе вы патрэбны. Вось за гэтыя тры гаспадаркі персанальную адказнасць нясе старшыня райвынкама. Таму яму дадзены ўсе паўнамоцтвы. Дзейнічайце! Улада ў вашых руках.
  4. У нас пакуль шмат бязладнасці, элементарнага разгільдзяйства і прыкрых недапрацовак, якія ў цяперашніх умовах недапушчальныя. Цяпер неабходна максімальна напружыцца ўсім і ўбраць з поля збожжа, не расцягваючы работы на месяц-паўтара і не чакаючы, што гасподзь нам пашле лепшае надвор’е. Ні ў якім разе не расслабляцца. Трэба трымаць тэмпы работ не толькі на жніве збожжа, але і на ўборцы іншых культур.
  5. Усю тэхніку, якая заказана, адправіць у гаспадаркі. Калі не аплачана — пад гарантыі губернатараў. Што толку ад таго, што выраблены камбайны, і яны сёння стаяць на заводзе. Грошай няма… Ну, заўтра з’явяцца. А камбайны ўжо не патрэбны будуць заўтра.
  6. СМІ трэба разгарнуцца на поўную моц, паказваць лепшыя экіпажы, сем’і. Гэта даніна павагі людзям, якія працуюць у вёсцы. Але трэба паказваць і недахопы, пра якія сёння было сказана.
  7. Трэба вяскоўцам дапамагчы, а гультаёў, аб якіх мы гаварылі, прымусіць працаваць.
  8. Усякія водпускі, усякія выезды без майго ведама за межы краіны ўсім забараняюцца. Усё павінна быць павернута цяпер на работу ў вёсцы.
  9. Ніхто бясплатна працаваць у калгасе, саўгасе не будзе. Таму вяскоўцам трэба заплаціць зарплату, калі ёсць запазычанасць. І трэба ўстанавіць нармальныя тарыфы, каб людзі зарабілі нармальныя грошы ў гэтыя месяцы.
  10. Не працуйце на паказуху, мне яна не патрэбна. Я знайду магчымасць праверыць, як працуюць упаўнаважаныя.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *