Жыццёвы прынцып Веры Каляды з Кірава: праяўляць ва ўсім дбайнасць, стараннасць і гаспадарлівасць

Общество

Kvetki_001

І вёска, і вуліца – з аднолькавай назвай: Кірава. А першае, што кідаецца ў вочы, калі набліжаешся да дома пад нумарам 56, – дагледжанасць і акуратнасць. Менавіта яны з’яўляюцца візітнай карткай сям’і, якая тут жыве.

Для Веры Каляды, ураджэнкі Украіны, зямельныя клопаты, падтрыманне чысціні і ўтульнасці на ўласным падворку – заняткі не другарадныя. Яна расла і выхоўвалася ў асяроддзі, дзе гэта было нормай: добраўпарадкаванне сваіх сядзіб лічылася неабходным элементам культуры. Таму і не дзіўны яе жыццёвы прынцып праяўляць ва ўсім дбайнасць, стараннасць і гаспадарлівасць. Каля дома, пад лагоднымі сонечнымі промнямі, размясціліся аксаміткі, хрызантэмы, ружа, цынія… Адны ўжо радуюць сваім пышным цвіценнем, другія яшчэ толькі збіраюцца распускацца, трэція чакаюць свайго часу. Для кожнай з кветак адведзены свой куточак або кошык, іншае прыстасаванне. А дамінуючае становішча займаюць любіміцы Веры Міхайлаўны – петуніі. Прываблівае і іх маляўнічасць, і разнастайнасць колеравых адценняў, і багацце сартоў – могуць упрыгожыць любы прысядзібны ўчастак. Заняла б, як прызнаецца жанчына, і значна большую плошчу кветкамі ў двары, ды патрэбна пакідаць свабодную тэрыторыю для транспарту.

Kvetki_003Kvetki_004Kvetki_005Kvetki_002

Са сваім будучым мужам, Генадзем Міхайлавічам, юная ўкраінка пазнаёмілася, калі прыехала ў гэтыя мясціны на вяселле сяброўкі. Так што самім лёсам было наканавана, каб другой радзімай стала Беларусь. Новы этап жыцця, ужо ў шлюбе, пачаўся ў вёсцы Кірава, дзе жанчына стала працаваць на ферме. І менавіта ад мясцовага саўгаса “Камарынскі” маладой сям’і выдзелілі жыллё.

Як і належыць дбайным, руплівым гаспадарам, усё тут давялі да ладу – у доме не было нават электраправодкі, а пасярод двара “красавалася” куча пяску. Таму прыкласці рукі давялося і да абсталявання пакояў, і да добраўпарадкавання тэрыторыі. Доўга рамантавалі, абнаўлялі, прыхарошвалі. А потым прыведзеныя ў належны стан квадратныя метры вырашылі прыватызаваць.

Выраслі, атрымалі адукацыю і знайшлі сябе на прафесійнай ніве трое дзяцей, якіх бацькі выхоўвалі ў атмасферы добразычлівасці, павагі да працы. Сын Віталь, дарэчы, першы памочнік у стварэнні малых архітэктурных формаў, што красуюцца ў тым ліку і каля мясцовай установы культуры. Менавіта тут з сярэдзіны дзевяностых гадоў працуе бібліятэкарам яго маці – адпаведную адукацыю атрымлівала ўжо завочна. А на дагледжаным вясковым падворку цяпер з асаблівым задавальненнем любіць праводзіць час пяцігадовая ўнучка гаспадароў – Караліна. Для яе тут абсталявалі пясочніцу.

Адчувае Вера Міхайлаўна ў справах па гаспадарцы, на ўласных сотках і надзейнае плячо мужа, у якога, праўда, бываць штодня дома не атрымліваецца – свае карэктывы ўносіць пазменная работа ў Чарнобылі. Таму перад кожным выездам на працу, каб аблегчыць клопаты жонкі, Генадзь Міхайлавіч стараецца ўсё прадугледзець і ва ўсім ёй дапамагчы. Разам апрацоўваюць зямельны ўчастак, трымаюць на падворку жывёлу, птушку. І, напэўна, дзякуючы менавіта такім людзям, іх працалюбству і гаспадарлівасці, жывуць нашыя вёскі, не губляюцца маральныя прынцыпы, працягваюцца справы пакаленняў, параднёных з зямлёй.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *