1 кастрычніка – Дзень пажылых людзей

Грамадства

grib c

Першага кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень пажылых людзей. У Брагіне жыве нямала прадстаўнікоў старэйшага пакалення, якое ўнесла вялікі ўклад у падмурак сённяшніх поспехаў пасёлка. Яны заслужылі павагу землякоў, а іх жыццёвы шлях варты таго, каб не раз успомніць.

Васіль Яфімавіч Грыб – асоба ў раёне, без усялякіх перабольшванняў, аўтарытэтная. Ветэран працы, ліквідатар паследкаў аварыі на ЧАЭС, ганаровы грамадзянін Брагінскага раёна.

Нарадзіўся Васіль Яфімавіч у вёсцы Ясменцы Брагінскага раёна ў 1940 годзе ў сялянскай сям’і. Тэрыторыя, на якой пражываў наш герой, са жніўня 1941-га была акупіравана немцамі, таму адзін з дзіцячых успамінаў звязаны з падзеямі ліхалецця.

У адзін з летніх дзён 43-га надвор’е было неспакойнае. Працяглы час бушавала навальніца з маланкамі і моцным ветрам, але не гэта напалохала трохгадовага хлопчыка і падзяліла яго жыццё на “да” і “пасля”…

Калі ўсё суцішылася, ён выйшаў на ганак і заўважыў паваленую грушу. Спелыя плады, якімі было усыпана дрэва, вабілі да сябе. Нізка над зямлёй праляцеў самалёт, хлопчык нават змог разгледзець на ім чырвоную зорку. І, не адчуваючы небяспекі, з той бесклапотнасцю, якая ўласціва толькі тады, калі табе яшчэ зусім мала год, кінуўся да дрэва, зваленага стыхіяй, не падазраючы, што праз лічаныя хвіліны і сам прыпадзе да зямлі.

Адкуль стралялі, не бачыў. Магчыма, з акопаў. Куля трапіла ў нагу, кроў свістала, але яму хапіла моцы паклікаць на дапамогу. Пачуўшы дзіцяччы плач, з хаты выбеглі маці, бабуля і браты. Ратавалі ўсёй вёскай, везці ў бальніцу магчымасці не было, бо, як вядома, тэрыторыя кантралявалася немцамі. Васіль Яфімавіч згадвае, як адна за другой з’яўляліся суседкі-бабулькі і праводзілі над ім нейкія маніпуляцыі. Боль сціх, і хлопчык праваліўся ў сон…

Далей жыццё ішло сваёй чаргой. У 1948 годзе пайшоў у першы клас Ільіцкай сярэдняй школы, дзе навучаўся дзесяць гадоў. Амаль адразу пасля выпускнога, у ліпені 1958-га, па камсамольскай пуцёўцы паехаў на будаўніцтва омскай чыгункі. Жыў і працаваў у горадзе Ішыме. Праз год быў прызваны ў рады Савецкай арміі. У час тэрміновай службы на ваенным палігоне Капусцін Яр, што знаходзіцца ў Астраханскай вобласці, скончыў шасцімесячныя курсы па падрыхтоўцы ў вышэйшую навучальную ўстанову. І адразу пасля звальнення паступіў у Свярдлоўскі сельскагаспадарчы інстытут на факультэт ветэрынарыі.

Пяць гадоў вучобы праляцелі імгненна, і ў 1967 годзе малады спецыяліст вяртаецца на радзіму. Саўгас “Краснае”, куды быў накіраваны ў якасці галоўнага ветэрынарнага ўрача, стаў для яго зыходнай кропкай працоўнага шляху. Гэтай паса-дзе Васіль Яфімавіч аддаў пятнаццаць гадоў. У верасні 1982 года ўзначаліў Брагінскую ветэрынарную станцыю па барацьбе з хваробамі жывёл. Здавалася б, жыві ды радуйся. Сям’я, любімая праца ‒ для гэтага былі ўсе падставы. Але лёс распарадзіўся інакш…

Па ўспамінах Васіля Яфімавіча, вясна 1986 года выдалася надзвычай цёплай, квітнелі сады і ўсё навокал дыхала жыццём. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС стала пачаткам буйнейшай тэхнагеннай катастрофы дваццатага стагоддзя не толькі ў маштабах дзяржаў, але і ў лёсе многіх людзей.

Як памятаем, у момант выбуху Васіль Грыб узначальваў ветэрынарную службу. Пад яго кіраўніцтвам адбіраліся пробы, вывозілася жывёла, праводзілася дэзактывацыя. Нават і зараз у яго памяці жывуць падзеі больш чым трыццацігадовай даўнасці, калі ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі ў трыццацікіламетровай зоне.

З моманту трагедыі адчуваўся востры недахоп ветспецыялістаў. Нягледзячы на гэта, усе неабходныя мерапрыемствы па ахове жывёл выконваліся своечасова, і статкі змаглі захаваць.

У перыяд сваёй працоўнай дзейнасці Васіль Яфімавіч шмат чаго зрабіў не толькі на прафесійнай ніве, але і для работнікаў ветэрынарнай станцыі. Дзякуючы яго намаганням былі палепшаны бытавыя ўмовы для супрацоўнікаў, адрамантавана ветлячэбніца, пабудаваны гараж, падведзена вада, атрыманы новыя дазіметрычныя прыборы. Прынцыповы і ініцыятыўны, ён заўсёды стаяў на варце інтарэсаў сваёй справы.

І зараз для Брагіна і раёна Васіль Яфімавіч ‒ ганаровы грамадзянін. Для сваёй сям’і ‒ любімы муж, бацька і дзядуля. Для малодшых калег ‒ выдатны спецыяліст, прафесіянал. А для ўсіх нас ‒ прыклад стойкасці духу і чалавечнасці.

Ірына СТЫЧЫНСКАЯ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *