15 верасня — Дзень бібліятэк

Грамадства

Knigi_1

У свой час калектыў Чамярыскай школы, дзе ўраджэнка Хракавіч Іна Гардзіенка пачала працоўную дзейнасць у якасці бібліятэкара, бачыў у маладой асобе будучую настаўніцу. Прыкмеціўшы яе склад розуму, прагу да ведаў і інтэлігентнасць, кіраўніцтва спадзявалася, што завочна атрымае педагагічную адукацыю і звяжа сваё жыццё з навучаннем дзяцей. Ды бібліятэчная справа настолькі захапіла, што ў іншай прафесіі сябе яна ўжо не ўяўляла. 

Цікавасць да працы на глебе духоўнай толькі ўзмацнілася, калі пабывала на курсах павышэння кваліфікацыі ў сталіцы. З таго моманту і вырашыла: буду паступаць у Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. І ўжо падчас завочнага навучання па спецыяльнасці, калі звязала сябе шлюбам з каханым чалавекам і змяніла месца жыхарства, яшчэ больш упэўнілася ў правільнасці выбару – да работы ў Дублінскай сельскай бібліятэцы прыкіпела душой.

Час, вядома, быў зусім іншы. Гэта сёння – камп’ютарныя тэхналогіі, аўтаматызаваныя працэсы, а тады, у канцы 60-х, у даволі мнагалюднай вёсцы налічвалася ўсяго два тэлевізары. Таму бібліятэка, клубная ўстанова былі менавіта тымі месцамі, дзе сельскія жыхары знаходзілі адпачынак, задавальненне сваіх духоўных патрэб, бавілі вольны час пасля цяжкага працоўнага дня. Цікавы мастацкі фільм, добрая кніга, танцы, тэматычныя мерапрыемствы, жывая гутарка, сустрэча ў цёплай атмасферы з аднавяскоўцамі былі асновай, на якой трымалася культурнае жыццё. Бібліятэка поўнілася людзьмі кожны вечар. А раз у месяц, як і належала, Іна Іванаўна спяшалася да чытачоў сама. З кнігамі ў руках, якія такім чынам траплялі з аднаго дома ў другі. Жаданую госцю заўсёды сустракалі з радасцю. Была добрая магчымасць прама на падворку ці ў хаце абмеркаваць з землякамі прачытанае, даведацца пра іх літаратурныя густы, падзяліцца навінамі.

Плюсам з’яўлялася тое, што менавіта бібліятэкар тады самастойна займаўся камплектаваннем кніжнага фонду: выданні набываліся з улікам інтарэсаў і запытаў мясцовага насельніцтва. Ды і па навінкі літаратуры не патрэбна было далёка ехаць – працаваў кніжны магазін у Брагіне. А да чарговых паступленняў, вядома, цікавасць праяўлялася асаблівая. Бывала, што на пэўнае выданне нават “выстрайвалася” чарга.
Добра памятае Іна Іванаўна і свае першыя крокі ў арганізацыі і вядзенні сістэматычнага і алфавітнага каталогаў. Было гэта ў канцы 70-х. Важнай падзеяй у жыцці бібліятэк, як узгадвае жанчына, стала іх цэнтралізацыя.

З 1984 года, калі сям’я Гардзіенкаў купіла дом у Брагіне, куды і пераехала, Іна Іванаўна працуе ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Менавіта тут спазнала, наколькі цяжка спраўляцца са шматлікімі задачамі, калі не хапае кадраў, – многія работнікі пасля чарнобыльскай катастрофы развіталіся з роднымі мясцінамі. А тыя, што прыязджалі сюды, надоўга не затрымліваліся. Таму давялося асвойваць усе бібліятэчныя працэсы, далучацца да дзейнасці на ўсіх участках: апрацоўка, камплектаванне, каталагізацыя, абслугоўванне чытачоў, метадычнае кіраванне. Затое сёння Іна Іванаўна гатова падзяліцца з маладымі спецыялістамі ведамі, набытымі на практыцы.

Багаты працоўны вопыт, сціпласць і ўраўнаважанасць, душэўнае хараство – тое, што чытачы і работнікі цэняць у бібліятэкары з такім вялікім стажам. А сама Іна Іванаўна шчыра ўдзячна лёсу, што даў ёй магчымасць праявіць себе менавіта ў гэтай прафесіі, разлічваць на падтрымку і разуменне мудрых кіраўнікоў, працаваць разам з добразычлівымі калегамі-аднадумцамі, быць побач з кнігамі і людзьмі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *