23 верасня спаўняецца 74 гады з дня вызвалення Камарына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Праздники и будни

Kamaryn_002

Гэта цяпер Днепр, які раскінуўся на маляўнічых камарынскіх прасторах, ціхі і спакойны. Зямля залячыла нанесеныя ёй раны. А яшчэ некалькі дзясяткаў год таму на рацэ, апетай паэтамі і музыкантамі, рваліся варожыя снарады, уздымаючы слупы вады і агню. У паветры павісалі ракеты, раздаваліся стрэлы, а бераг, на які перапраўляліся байцы ў складзе штурмавых груп, ахутаў густы дым. І нікога з адважных абаронцаў гэта не палохала: наперад, толькі наперад! У небывалай па сваім размаху і напружанні дняпроўскай бітве ўсе былі героямі.

Год сорак першы. Ваенная паўсядзённасць выпрабоўвала і ваеннаабавязаных, і жыхароў акупіраваных населеных пунктаў на трываласць. Акружаныя і знішчаныя ворагам цэлыя палкі, дывізіі, бясконцыя патокі бежанцаў, масавы тэрор, рабаванні, гвалтаванне і забойствы мірнага насельніцтва, парадзелыя ад страт чырвонаармейскія часці, знясіленыя ад ран байцы… Такім быў пачатак Вялікай Айчыннай. Ды не пакарыліся, не збаяліся: ішлі на фронт, разгортвалі партызанскую барацьбу, змагаліся ў падполлі, вымотвалі праціўніка абарончымі баямі, ратавалі народнае дабро, усімі сіламі дапамагалі Савецкай арміі. Гневам запалала сэрца кожнага беларуса з моманту з’яўлення першага следу нямецка-фашысцкага бота, гусеніцы гітлераўскага танка на нашай зямлі.

Факелы людской мужнасці зліліся ва ўсеабдымнае полымя іх гераічнага змагання з захопнікамі. Полымя, якое дзень за днём шырылася, мацнела, ахоплівала гарады і вёскі, пранікала ў самыя аддаленыя, затоеныя сярод лясоў ці балот хутарочкі. I не маглі ўжо яго загасіць ні карныя аперацыі фашыстаў, ні агідныя дзеянні здраднікаў, ні катаванні і пакуты ў гестапаўскіх засценках, ні кулямётныя чэргі альбо аўтаматныя стрэлы ды чорны дым лагераў смерці.

Летам 1943 года, пасля перамогі ў Сталінградскай бітве і краху нямецкай наступальнай аперацыі “Цытадэль” у раёне Курскай дугі, Чырвоная Армія перайшла ў рашучае контрнаступленне, якое потым перарасло ў агульнае стратэгічнае наступленне, што разгарнулася на ўсіх франтах ад Вялікіх Лук да Чорнага мора. Савецкае камандаванне ставіла сваёй мэтай разграміць асноўныя сілы ворага на паўднёвым крыле фронту, вызваліць Левабярэжную Украіну і захапіць стратэгічныя плацдармы на заходнім беразе Дняпра. Гітлераўскі ж генералітэт у сваіх спробах спыніць рух Чырвонай Арміі на захад асабліва вялікае значэнне надаваў добра ўмацаванаму, глыбока эшаланіраванаму воднаму рубяжу Дняпра – галоўнай часткі “непрыступнага ўсходняга вала”. Гітлерам быў аддадзены катэгарычны загад – утрымацца на рубяжы гэтай ракі, не дапусціць савецкіх войскаў на правабярэжжа, на Украіну і Беларусь, у абарончых баях абяскровіць іх і затым перайсці ў наступленне.

Аднак фашысцкія планы былі асуджаны на правал. Наша армія нястрымна рухалася да Дняпра…

23 верасня 1943 года. На календары – чацвер. 824-ты дзень вайны. На поўдні Беларусі, у Камарыне, раніца была чорнай ад пылу, дыму і гару. Менавіта гэты дзень увайшоў у гісторыю Айчыны як пачатак вызвалення рэспублікі ад фашысцкай акупацыі.

Патрэбна адзначыць, што дняпроўская бітва па сваім размаху і напружанні стала небывалай. Толькі на вузкім участку ад няданчыцкага моста да Верхніх Жароў (15–30 км) дзейнічалі тры стралковыя дывізіі, некалькі іншых агульнавайсковых часцей – усяго 11 палкоў.

Развіваючы наступленне, да зыходу 21 верасня перадавыя часці 13-й арміі выйшлі да Дняпра на поўнач ад вусця Прыпяці. А 15-ты стралковы корпус, якім камандаваў удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў генерал-лейтэнант І. Люднікаў, і 28-мы стралковы корпус генерал-маёра А. Рыжкова – на поўдзень ад чыгуначнай станцыі Іёлчы да ракі. Перадавыя атрады стралковых 74-й і 8-й дывізій на плытах, рыбацкіх чаўнах, іншых падручных пераправачных сродках фарсіравалі Днепр на ўчастку Мнёў – Бярозкі – Навозы – Лукаеды (Кірава) – Верхнія Жары, захапілі плацдарм на правабярэжжы.

Нягледзячы на адчайнае супраціўленне ворага, савецкія воіны імкліва атакавалі, з боем авалодалі Камарыном і некаторымі іншымі населенымі пунктамі.

Дарэчы:

У гонар гэтай падзеі ў верасні 1976 года ў Камарыне быў узведзены мемарыяльны помнік “Сцяг”, на якім пазначана: “Доблестным воинам 15-го стрелкового корпуса 13-й армии Центрального фронта, форсировавшим реку Днепр и 23 сентября 1943 года освободившим от немецко-фашистских оккупантов г.п. Комарин, деревни Н. Иолча, Берёзки – первые населённые пункты Белоруссии”.

Наступальныя дзеянні па вызваленні Камарына і яго ваколіц ажыццявілі 360-ты стралковы полк, якім камандаваў палкоўнік М. Сташак, 74-й стралковай дывізіі, а таксама 129-я асобная танкавая брыгада. “Агнявы налёт варожай артылерыі, узмоцнены ўдарамі авіяцыі, быў настолькі магутны, што на працягу некалькіх хвілін усё вакол пакрылася дымам, полымем, пылам і гарам. Палыхала яркім полымем усё, што яшчэ захавалася: дамы, сланечнік і сцяблы кукурузы, сады і асобныя дрэвы. Усё гарэла. Здавалася, што зямля дрыжыць ад болю, што настаў канец свету, а вораг працягваў бамбіць ланцугі атакуючых, робячы адзін за другім развароты з боку сонца”, – апісваў бой за райцэнтр Камарын Мікалай Сташак. У 1984 годзе яму, дарэчы, было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін г.п. Камарына”.

За паспяховае фарсіраванне Дняпра і замацаванне плацдармаў на правабярэжжы званне Героя Савецкага Саюза ў кастрычніку 1943-га было прысвоена 203 воінам 13-й арміі. У ліку адзначаных былі і 94 салдаты, сяржанты і афіцэры 15-га стралковага корпуса, які вызваляў Камарыншчыну: камандуючы 13-й арміяй генерал-лейтэнант М. Пухаў, камандзір 15-га стралковага корпуса генерал-лейтэнант І. Люднікаў, камандзіры 74-й і 8-й стралковых дывізій генерал-маёр А. Казаран, палкоўнік П. Гудзь, камандзіры 78-га, 229-га і 360-га стралковых палкоў І. Леўсенка, Д. Шышкоў, М. Сташак і інш.

З успамінаў Данііла Шышкова, Героя Савецкага Саюза, камандзіра 229-га стралковага палка 8-й стралковай дывізіі:

– Полк, якім я камандаваў, адным з першых 21 верасня выйшаў да Дняпра. Гэта было прыкладна за 40 кіламетраў на поўнач ад Кіева. Перад намі была задача пачаць фарсіраванне з ходу. Поспех залежаў ад імклівасці і рашучасці.

Бачу перад сабой стомленыя твары салдат. У нас не было часу на перадышку. У лічаныя гадзіны трэба было разведаць абстаноўку, падрыхтавацца да фарсіравання. Усе сродкі пераправы мы вышукалі на месцы. Ноччу, употай ад ворага, збівалі плыты з бярвенняў і дошак, падкочвалі да вады бочкі з-пад гаручага. Партызаны і мясцовае насельніцтва схавалі ад ворага рыбацкія лодкі і паромы і цяпер перадалі іх нам. Некалькі смельчакоў у цемры ўплаў перабраліся на правы бераг і змаглі замацаваць там канцы дроту, што працягнуўся пад самай вадой. Каб байцы, якія будуць перапраўляцца на плытах або бочках, маглі трымацца за дрот. У тым месцы, дзе мы выйшлі да Дняпра, ён дасягае шырыні 600–700 метраў. Да таго часу нікому з нас яшчэ не даводзілася пераадольваць такую шырокую раку пад агнём.

Ноччу з высокіх прыбярэжных хмызнякоў, якія маскіравалі левы бераг, волакам выцягнулі плыты і спусцілі іх на ваду. Першымі ішлі ў бой штурмавыя групы. Яны былі створаны ў кожным батальёне.

…Нам не было відаць, як першыя плыты і лодкі дасягнулі берага. Усё адбывалася ў цішыні. Першым групам удалося пераправіцца. Стрэлы пачуліся, калі байцы пайшлі на штурм варожых умацаванняў. На рацэ пачалі рвацца варожыя снарады, у паветры павіслі ракеты, асвятляючы бярвенні, дошкі, бочкі, барты лодак. Услед за штурмавымі групамі ўвесь полк пайшоў на фарсіраванне Дняпра. Стралялі проста з плытоў, саскоквалі з іх, яшчэ не дасягнуўшы берага, хапаючыся за кусты, камяні, узбіраліся на кручу. Ночы былі ўжо халодныя, вада апякала…

Наш полк вызваляў вёскі Жары, Гдзень і іншыя. Па трое сутак не спалі салдаты. І, калі выбілі фашыстаў, байцы заснулі, хто дзе быў… У наступныя дні мы працягвалі наступленне.

Неўміручая слава герояў, адстаяўшых свабоду і незалежнасць Айчыны. Іх подзвігі ўвекавечаны ў шматлікіх мемарыялах, помніках, манументах і абелісках. Усе яны – з імёнамі тых, хто не вярнуўся з вайны, і без імёнаў – сведчанне вялікай трагедыі і вялікай славы нашага народа.
627 воінаў 15-га стралковага корпуса 13-й арміі, якія зігінулі ў верасні 1943 года пры фарсіраванні Дняпра і вызваленні Камарыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і два партызаны пахаваны ў брацкай магіле ў Камарыне. Сярод іх – шэсць герояў Савецкага Саюза: Араз Анаеў, Васіль Баяркін, Дзмітрый Грачушкін, Мікалай Грышчанка, Фёдар Паўлоўскі і Мікалай Якаўлеў.

Напэўна, няма таго дома, такой сям’і ці працоўнага калектыву, у якіх не захоўвалася б памяць пра герояў-вызваліцелей. Таму дзень, калі пасёлак над Дняпром зняў з сябе цяжар фашысцкага ярма, застаецца і праз 74 гады такім жа светлым, радасным і хвалюючым. Гэта і наша памяць, і наш гонар, і магчымасць пацвердзіць, што сваімі справамі, клопатамі і ўчынкамі мы дастойны продкаў.

Гераічнае мінулае вучыць цаніць і абараняць мір, не страчваць чалавечай годнасці, жыць па самых высокіх мерках патрыятызму і маралі. Таму зноў да брацкай магілы лягуць кветкі, з гонарам і прызнаннем будуць гаварыць пра ветэранаў, нашчадкі ўшануюць хвілінай маўчання памяць тых, хто не вярнуўся з поля бою, дзякуючы каму мы радуемся кожнаму спакойнаму дню.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *