Бібліятэкі Брагіншчыны сустракаюць наведвальнікаў з радасцю

Общество

Biblioteka_002

На паліцах бібліятэк – тысячы выданняў. Надзвычай магутная сіла слова, захапляючы змест, шчырасць аўтараў – тое, што заўсёды цэніць чытач. Вочы загараюцца дапытлівасцю, калі ў рукі трапляе чарговая цікавая кніга. І не здольны замяніць яе ні тэлебачанне, ні інтэрнэт. Людзі, якія імкнуцца пашыраць свой далягляд, абагачацца духоўна, ніколі не здрадзяць друкаванаму слову.

У гэтым, дарэчы, перакананы самі гаспадыні храмаў кніг. Для іх чытачоў бібліятэка – месца, дзе сабраны жыццёвы вопыт, чалавечая мудрасць, захоўваюцца культура і спадчына. А кожная перагорнутая старонка – як хваля ведаў, усплёск эмоцый, думак і пачуццяў. Таму супрацоўнікі стараюцца, каб наведвальнікі прыходзілі сюды часцей, з радасцю і задавальненнем, каб адчувалі сябе ўтульна. Эстэтычны выгляд памяшканняў, цёплая атмасфера, прывабная тэрыторыя, напаўняльнасць паліц – усё павінна быць у гармоніі. Тым больш што справа на глебе духоўнай не абмяжоўваецца толькі выдачай кніг. Час прымушае думаць, аналізаваць, шукаць неардынарныя формы і метады работы, асвойваць новыя інфармацыйныя тэхналогіі, пашыраць паслугі.

– Сёння 20 бібліятэчных устаноў Брагіншчыны прапаноўваюць сваім чытачам каля 200 тысяч экзэмпляраў кніг, часопісаў, газет, электронных носьбітаў інфармацыі. Толькі за першае паўгоддзе фонд папоўніўся на 2600 выданняў, і столькі ж яшчэ паступіць за другое. У асноўным гэта мастацкая і галіновая літаратура, – распавядае дырэктар дзяржаўнай установы культуры “Брагінская цэнтральная раённая бібліятэка” Галіна Карпенка.

Колькасць чытачоў у нашым раёне, па словах суразмоўцы, перавышае дзесяць тысяч, і ў сярэднім за год кожны з іх бывае ў бібліятэцы 10-12 разоў. Актыўна практыкуецца і надомнае абслугоўванне, якім ахоплена 303 жыхары: па адпаведных адрасах літаратура дастаўляецца, калі пажылы ўзрост ці стан здароўя чалавека не дазваляе самастойна наведваць бібліятэку. Зацікавіць інфармацыйныя патрэбы і густы неабходна кожнага: ад дзіцяці да пенсіянера. Як, дарэчы, і паўплываць на іх сэрцы і розум.

Любоўю да Айчыны, гонарам за яе славутае мінулае, дасягненні продкаў, прапагандай здаровага ладу жыцця прасякнуты дзясяткі мерапрыемстваў, што праходзяць у сценах бібліятэк. Тэматычную накіраванасць сёлета абумоўліваюць у тым ліку юбілеі беларускіх майстроў слова: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Янкі Брыля, Пімена Панчанкі, а таксама сустрэча 870-годдзя Брагіна. Таму ладзяцца літаратурныя гасцёўні, інфармацыйныя гадзіны, пазнавальныя праграмы, літаратурна-музычныя вечары… І каб захапіць светам нацыянальнай культуры, абудзіць цікаваць да вывучэння сваіх каранёў і вытокаў, крануць струны чалавечай душы, сцэнарый – гэта толькі палова справы. У яго яшчэ патрэбна ўдыхнуць любоў, унесці сваё бачанне той ці іншай праблемы. Нездарма бібліятэку ўжо лічаць не проста захавальніцай кніг, а выхаваўчым і адукацыйным цэнтрам, пляцоўкай для самаразвіцця, грамадзянскага станаўлення асобы.

Biblioteka_003

Biblioteka_004

Улічваючы, што духоўнасць і прыгажосць – паняцці тоесныя, работнікі гэтых устаноў пастаянна клапоцяцца, каб вакол іх красаваліся мудрагелістыя фларыстычныя кампазіцыі, малыя архітэктурныя формы. Толькі каля цэнтральнай раённай бібліятэкі штогод высаджваецца больш за дзясятак відаў кветак, якія радуюць прахожых і наведвальнікаў сваім цвіценнем з ранняй вясны да позняй восені. І гэтым таксама выхоўваецца пачуццё павагі да месца, дзе вырас і працуеш, падаецца прыклад гаспадарлівасці.
Сёння ў бібліятэчнай сістэме працуюць 32 чалавекі. Гэта як сталыя, духоўна багатыя, умудроныя жыццёвым вопытам прафесіяналы, так і маладая змена. Сёлета, напрыклад, паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Максім Ласіца, які загадвае аддзелам абслугоўвання і інфармацыі. Паспяхова аналізуе запыты чытачоў на інфармацыйныя матэрыялы, складвае картатэкі і каталогі, класіфікуе навінкі літаратуры, спраўляецца з іншымі абавязкамі бібліёграфа Святлана Клімянок. Не менш адказна ставіцца да даручанага і загадчыца аддзела камплектавання і апрацоўкі літаратуры Вольга Ігнаценя, дзе многія працэсы, дарэчы, ужо аўтаматызаваны.

Цэняцца прафесійныя веды і набыты вопыт, уклад у развіццё бібліятэчнай сферы Брагіншчыны старэйшага пакалення: асобныя працягваюць працаваць, не развітваюцца з любімай справай і ў сваім паважаным узросце. Сярод такіх – Валянціна Бондар (Сялец), Раіса Протчанка (Зарэчча), Тамара Марчанка (Конанаўшчына), Алена Раманюк (Буркі), Тамара Фяськова, Іна Гардзіенка (Брагін).

Заўсёды добрым словам узгадваюць і з асаблівай павагай ставяцца ў калектыве да тых, хто прысвяціў бібліятэчнай справе доўгія гады, уклаў у яе душу і быў прыкладам адданасці любімай прафесіі, умеў зацікавіць чытачоў, натхніць, далучыць іх да самага важнага і каштоўнага, а зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Гэта Алена Леановіч, Марыя Герасіменка, Ганна Траіліна, Валянціна Хмелянок, Тамара Краўчанка, Людміла Каляда, Ніна Гардзеенка, Тамара Малочка, Любоў Міхайлава.

Няхай усім вам, паважаныя, – і маладым, і ветэранам працы – спадарожнічае на жыццёвым шляху ўдача! Няхай будзе як мага больш радасных і светлых, напоўненых прыемнымі падзеямі дзён, а бібліятэкі застаюцца тымі астраўкамі ведаў, духоўнасці, культурных набыткаў і развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу, на якіх захочуць спыніцца як мага больш людзей.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Пакінуць адказ