Да юбілею Брагіна: бібліятэка запрашае на выставу кніг «Брагіншчыны славутыя імёны»

Грамадства Популярное

Knigi

Брагіншчына багата таленавітымі людзьмі. Ёсць сярод іх вядомыя паэты, празаікі, публіцысты і перакладчыкі, крытыкі. Найбольш яркая асоба – Сяргей Палуян, які падтрымліваў і заахвочваў творчыя пошукі Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, быў прыхільнікам таленту Янкі Купалы і прадказваў яму вялікую будучыню. Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры і стаяў каля вытокаў беларускага тэатразнаўства. У артыкуле “Пра нацыянальную школу Беларусі” адстойваў права беларусаў на родную мову і культуру. Смерць пісьменніка болем адгукнулася ў сэрцах прагрэсіўных дзеячаў Беларусі і Украіны. Свае творы прысвяцілі яму Янка Купала, Максім Багдановіч і Цішка Гартны.

Пра творчасць Юрыя Максіменкі з Гдзені на старонках мясцовага выдання расказвалася шмат, многія паглядзелі тэатралізаваную пастаноўку з яго ўдзелам “Свет далёкай зоркі”. Прататыпы галоўных герояў п’есы – родныя і знаёмыя Юрыя Іванавіча, якім наканавана было пакінуць родную вёску і стаць перасяленцамі.

Пісьменніца Наталля Касцючэнка нарадзілася ў Старой Іёлчы. Друкавацца пачала ў 1984 годзе. Праз творы аўтара праходзяць людскія лёсы, у кожнага чалавека – сваё жыццё, свае радасці і клопаты. Кнігу “Верба над омутом” складаюць нарысы і артыкулы пра цудоўных людзей, нашых суайчыннікаў.

Літаратуразнаўца, крытык і празаік Уладзімір Карпаў пераехаў разам з маці ў 1921 годзе ў в. Іёлча, настаўнічаў на Брагіншчыне. У час Вялікай Айчыннай вайны быў намеснікам камандзіра спецгрупы Мінскага абкама КПБ. Яго раманы “За годам год”, “Вясеннія ліўні”, “Нямігі крывавыя берагі”, “Сотая маладосць” склалі цыкл “На перавале стагоддзя”.

Раман Сабаленка нарадзіўся ў вёсцы Сабалі ў сялянскай сям’і. У 1935 годзе надрукаваў паэму “Брагінь”, выдаў два зборнікі вершаў. Своеасаблівым падсумоўваннем вынікаў працы з’явілася двухтомнае выданне выбраных твораў. Творы Рамана Сабаленкі перакладаліся на іншыя мовы, беларускія кампазітары напісалі на яго вершы песні.

knigi

Малая радзіма Міколы Ракітнага – в. Петрыцкае. У 1952 годзе выйшаў першы празаічны зборнік “Ранняй вясной”, прысвечаны жыццю калгаснай вёскі, узаемаадносінам паміж людзьмі. Нязменным аб’ектам увагі Міколы Ракітнага сталі простыя і сціплыя вясковыя людзі і ў наступных мастацкіх творах.

Сымон Блатун родам з Кавакі. У Брагінскай беларускай СШ №1, дзе вучыўся, быў рэдактарам і мастаком сатырычнай газеты “Гром і маланка”. Аўтар зборніка паэзіі “Раўнавага”. Яго гумарэскі, сатырычныя мініяцюры сабраны ў зборніку “Калючая шаткаванка”.

Паэт і педагог Уладзімір Верамейчык нарадзіўся ў 1937 годзе ў сям’і настаўнікаў у в. Петрыцкае. Аўтар зборнікаў “Прыпяць”, “Яснасць”, “Люблю!”, “Клянуся Прыпяццю”. Прысвечаны яны роднаму Палессю, сельскім настаўнікам, чарнобыльскай трагедыі. Уся спадчына Верамейчыка – гэта гімн Прыпяці, Палессю, роднаму краю.

Творы нашых знакамітых землякоў змешчаны на спецыяльным стэндзе, які аформілі супрацоўнікі дзяржаўнай установы культуры “Брагінская цэнтральная раённая бібліятэка”.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *