ДЛГУ “Камарынскі лясгас”: каб вырасціць і захаваць лес, патрэбны і клапатлівыя рукі, і гаспадарскі падыход

Праздники и будни

Les_002

Стройныя велічныя сосны выстраіліся паўз дарогу. Усё шумяць, аб чымсьці перашэптваюцца, ціхенька вядуць размову. Нібы запрашаюць: зайдзі, адпачні ад доўгага шляху пад пышнымі кронамі, паблукай па лясных сцяжынках і ўдосталь надыхайся гаючым водарам хваёвых дрэў. А калі пашчасціць назбіраць пачастункаў – ягад і грыбоў ці лекавых раслін – прымі іх з удзячнасцю.

Тысячы зялёных гектараў, бясцэнныя прыродныя скарбы, непаўторная прыгажосць… Каб вырасціць, захаваць, засцерагчы ўсё гэта ад агню, хвароб і шкоднікаў, несанкцыянаваных высечак, патрэбны і клапатлівыя рукі, і гаспадарскі падыход. Работнікі лесу адносяцца да яго, як да жывой істоты. І мала што ў жыцці можа прынесці большае адчуванне самазадаволенасці, чым разуменне таго, якую значную і патрэбную справу ты зрабіў для роднай зямлі.

На нашы пытанні напярэдадні прафесійнага свята людзей, шчыра заклапочаных захаваннем і прымнажэннем нацыянальнага багацця, адказвае дырэктар дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Камарынскі лясгас” Аляксандр Дзягцярык.

Les_007

– Аляксандр Мікалаевіч, пачнём нашу размову з найбольш праблематычнага: апошнім часам усе позіркі спецыялістаў лясной аховы звернуты на паўднёвыя рэгіёны краіны. Менавіта тут актыўна размнажаюцца жукі-караеды і знішчаюць сосны. Як змагаюцца з гэтым нашэсцем на Брагіншчыне?

– Няпростая сітуацыя назіраецца не толькі ў нашым раёне, але і па ўсёй рэспубліцы, асабліва ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Штуршком да масавага ўсыхання сасновых насаджэнняў і іх паражэння сталі неспрыяльныя ўмовы надвор’я апошніх гадоў: памяншэнне колькасці ападкаў, паніжэнне грунтовых водаў, доўгія засухі, ураганныя вятры. Усё гэта зрабіла дрэвы больш уразлівымі для хвароб і шкоднікаў. Вяршынны караед стаў сапраўдным бедствам для краіны, якое нават называюць біялагічным пажарам. Выдаліць пашкоджаныя жукамі дрэвы і спаліць рэшткі – пакуль адзіны спосаб змагацца са шкоднікам, ад якога церпяць і спелыя насаджэнні, і маладыя. А ўлічваючы, што колькасць атакаваных караедам лясных культур расце ў геаметрычнай прагрэсіі, толькі сваімі сіламі з паследкамі нашэсця не справіцца. На выручку прыйшлі калегі з шасці лясгасаў вобласці і работнікі 15-ці прыватных арганізацый, якія зараз далучаны да вымушаных высечак на тэрыторыі раёна. У работах задзейнічаны звыш 300 чалавек, больш за 50 адзінак тэхнікі і каля сотні бензапілаў.

Да ведама: калі ў мінулым годзе ад пашкоджаных дрэў было пазбаўлена 207 гектараў, то ў бягучым гэтая лічба ўжо перавысіла шэсцьсот. Адпаведна, пашыраюцца і плошчы, якія патрэбна заняць маладымі саджанцамі. Яшчэ да нядаўняга часу, дарэчы, паказчык лесааднаўлення складаў у сярэднім 200 га у год, а зараз перад намі стаіць куды больш маштабная задача – звыш 800 га. Таму плануем задзейнічаць у гэтай справе тых, хто пакуль знаходзіцца ў пошуку работы, разлічваем на дапамогу іншых арганізацый.

– Многае пра вынікі дзейнасці любога прадпрыемства могуць сказаць вытворчыя паказчыкі. Аб чым яны сведчаць?

– Мяркуйце самі: аб’ём вытворчасці прадукцыі ў фактычных цэнах вырас за студзень–жнівень у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам на 21,5%, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг – на 22,4%, а прыбытак ад яе склаў 329 тысяч рублёў пры даведзеным заданні 139 тысяч, рэнтабельнасць – 11,9% пры плане 5,3%. Даходы ад экспартных паставак выраслі з 377,58 тысячы долараў у мінулым годзе да 420,98 тысячы у бягучым. А чысты прыбытак ад прамысловай дзейнасці павялічыўся ў два разы.

– Што дапамагае паспяхова нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, канкурыраваць на рынку?

– Вялікую ўвагу надаём тэхнічнаму пераабсталяванню і ма-дэрнізацыі: сёлета ў нас з’явіліся чатыры новыя адзінкі тэхнікі і яшчэ сем плануем закупіць да канца года. Гэта шчэпкавоз, два трактары, агрэгат для драбнення драўніны, легкавы аўтамабіль для падвозу рабочых і інш. Фарвардэр і харвестар, дарэчы, будуць набыты ў кастрычніку дзякуючы рэалізацыі праекта Сусветнага банка “Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь”. Кошт усяго новага транспарту вымяраецца больш як мільёнам рублёў, і яго эфектыўнае выкарыстанне пры выкананні лесанарыхтоўчых работ прыкметна панізіць долю ручной працы.

Акрамя гэтага, ужо ў бягучым ці наступным месяцы плануем абнавіць дрэваапрацоўчае абсталяванне, якое абыдзецца ў 35 тысяч еўра.

У мэтах узмацнення працоўнай дысцыпліны, эфектыўнага выкарыстання працоўнага часу ўстанавілі 15 камер відэаназірання на вытворчай базе і ў рамонтных майстэрнях, на што выдаткавана больш як 20 тысяч рублёў.

– Заўсёды важнае значэнне работнікі вашай галіны надавалі добраўпарадкаванню…

– Гэтае пытанне і сёння застаецца ў зоне асаблівай увагі, бо ідэальная чысціня і ўтульнасць у адміністрацыйным будынку, дагледжаная і ўпрыгожаная зелянінай, кветкамі, малымі архітэктурнымі формамі дваровая тэрыторыя – візітная картка кожнага лясніцтва.

Многае таксама зроблена па прывядзенні ў належны стан чыгуначнай веткі ў Хойніках, якую мы атрымалі ў бязвыплатнае карыстанне ад ВУП “Гомельаблпаліва” і дзе штомесячна загружаецца для адпраўкі на экспарт і ўнутраны рынак ад пяці да васьмі тысяч кубаметраў круглых лесаматэрыялаў. На асфальтаванне тэрыторыі, абсталяванне пляцоўкі з навесам, іншыя работы па добраўпарадкаванні гэтага ўчастка затрачана сёлета каля сямідзесяці тысяч рублёў.

Працягваем, пакуль на дварэ стаіць спрыяльнае надвор’е, працаваць над паляпшэннем знешняга выгляду прыпыначнага пункта, што размешчаны на тэрыторыі Лубяніцкага лясніцтва, стварэннем тут большага камфорту і зручнасці для турыстаў, аматараў палявання ці проста адпачынку на ўлонні прыроды. Зараз для паслуг такіх гасцей – чатыры спальныя пакоі, разлічаныя на дзесяць чалавек, абсталяваная кухня і гасцёўня з камінам, два санвузлы. Створаны штучны вадаём дазваляе займацца рыбнай лоўляй. На тэрыторыі ёсць некалькі зон для адпачынку, а зусім нядаўна тут з’явіліся лазня, новая агароджа, асфальт. Закуплены тратуарная плітка і бардзюрны камень, якія будуць укладзены ўжо ў наступным годзе. У планах таксама – устанавіць дзве дадатковыя альтанкі, адвесці месца для гатавання шашлыкоў і барбекю, пераабсталяваць адзін з будынкаў у летні домік. Ёсць пэўныя задумы і па азеляненні тэрыторыі.

Les_005Les_013Les_012Les_011Les_010Les_006Les_004Les_003

– Тысячы гектараў “зялёнага золата”, пра захаванне якога клапоцяцца прафесіяналы, з’яўляюцца не толькі прадметам асаблівага гонару, але і магутным прыродным патэнцыялам для эканамічнага развіцця нашага краю. Старанна, з усведамленнем адказнасці працуюць лесаводы – павялічваецца і працэнт аддачы ляснога фонду. Чые поспехі і асабісты ўклад у развіццё галіны будуць адзначаны напярэдадні прафесійнага свята?

– Ганаровая грамата Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь чакае ляснічага Жараўскага лясніцтва Сяргея Повада, грамата – начальніка аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення Мікалая Шавыру, падзяка – трактарыста Васіля Кузьменка. На абласным узроўні будуць заахвочаны станочнікі дрэваапрацоўчага цэха Сяргей Жораў і Аляксей Арцюшэнка, ляснік Камарынскага лясніцтва Аляксандр Шульга, электраманцёр Віктар Каляда, майстар пагрузачна-разгрузачных работ лесапункта Алег Цішкевіч, галоўны механік Валерый Ляпешка. У гэтым жа спісе – трактарыст Петрыцкага лясніцтва Леанід Ціханенка і вальшчык лесу Лубяніцкага лясніцтва Аляксандр Працко. Яшчэ пятнаццаць чалавек атрымаюць граматы і лісты з падзякай ад дырэкцыі лясгаса.

Апрача гэтага, пяці работнікам будуць уручаны нагрудныя знакі Міністэрства лясной гаспадаркі.

Мікалай Шавыра
Мікалай Шавыра – адзін з работнікаў, чыя праца напярэдадні прафесійнага свята адзначана на рэспубліканскім узроўні.
Віктар Каляда – у ліку ўзнагароджаных граматай Гомельскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання.
Віктар Каляда – у ліку ўзнагароджаных граматай Гомельскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання.

– Дзякуй за гутарку і прыміце самыя шчырыя віншаванні: у трэцюю нядзелю верасня па добрай традыцыі ваш калектыў будзе сустракаць Дзень работнікаў лесу. Няхай кожнага, хто звязаў сваё жыццё з гэтай ганаровай прафесіяй, справай на карысць нашчадкаў, не падводзіць здароўе і радуюць вынікі плённай працы. Са святам!

Гутарыла Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *