Урок мужнасці, прымеркаваны да 100-гадовага юбілею Узброеных Сіл Беларусі, прайшоў у Брагінскай СШ

Общество Праздники и будни

000_7574

Аб гісторыі і сучаснасці беларускай арміі з адзіннаццацікласнікамі пагутарыў начальнік абасобленай групы ваеннага камісарыята Хойніцкага і Брагінскага раёнаў Іван Кавалькоў.

Звяртаючыся да вучняў, Іван Уладзіміравіч адзначыў важнасць такога пачуцця, як патрыятызм. Гэта, першым чынам, любоў да Радзімы, народа, яго гісторыі, мовы, нацыянальнай культуры. І ў той жа час гэта адданасць сваёй Айчыне, гонар за яе, імкненне служыць яе інтарэсам, абараняць ад ворагаў.

Начальнік абасобленай групы ўзгадаў таксама некалькі тэзісаў з Ваеннай дактрыны. Згодна з гэтым дакументам, Беларусь не разглядае ні адну з дзяржаў як саперніка. Наша краіна асуджае любы ваенны канфлікт як сродак рэалізацыі палітыкі і прытрымліваецца прынцыпу мірнага ўрэгулявання спрэчак. Між тым рэспубліка будзе адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы з выкарыстаннем усіх наяўных сродкаў, у тым ліку пасродкам ужывання ваеннай сілы і пакідае за сабой права прыняцця прэвентыўных мер стратэгічнага стрымлівання ў мэтах недапушчэння нападу ці нейтралізацыі ўнутранага ўзброенага канфлікту.

Прысутным быў прадэманстраваны відэафільм, які падрыхтавалі супрацоўнікі ВаенТБ. У ім увага школьнікаў акцэнтавалася на тым, што Беларусь – незалежная суверэнная дзяржава, дзе найвялікшымі жыццёвымі каштоўнасцямі з’яўляюцца мір і стабільнасць. Дзякуючы гэтаму мы можам вучыцца і працаваць, будаваць планы і рэалізоўваць іх, ствараць сем’і і выхоўваць дзяцей. Задачы па абароне гэтых каштоўнасцей ускла-дзены на эфектыўныя, высокападрыхтаваныя, забяспечаныя сучаснай ваеннай тэхнікай Узброеныя Сілы, якія ўваходзяць у лік самых баяздольных у рэгіёне Усходняй Еўропы і Азіі.

000_7575

ЯК УСЁ ПАЧЫНАЛАСЯ

Сучасная беларуская армія вядзе адлік сваёй гісторыі ад даты заснавання Мінскай ваеннай акругі – 28 лістапада 1918 года. 12 снежня гэтага ж года яна была перайменавана ў Заходнюю ваенную акругу, а 2 кастрычніка 1926-га стала Беларускай ваеннай акругай.
Пазней ведамства яшчэ не раз змяняла сваю назву. Але як бы яно ні называлася, якія б тэрыторыі ў сябе ні ўключала, створанае ў цяжкі для краіны перыяд – грамадзянскую вайну, яно з першых гадоў свайго існавання стала адыгрываць вядучую ролю ў справе ўмацавання абароннай моцы савецкай дзяржавы.

Цяжкім выпрабаваннем для акругі, як і для ўсёй краіны, стала Вялікая Айчынная вайна. Нашы байцы першымі прынялі на сябе ўдар фашысцкіх захопнікаў: змагаліся да апошняй кроплі крыві, паміралі, але не здаваліся абаронцы Брэсцкай крэпасці; да смерці стаялі каля берагоў Дняпра абаронцы Магілёва, на працягу 23-х дзён стрымліваючы неймаверныя сілы саперніка. А пасля кровапралітнай абарончай апе-рацыі ў Беларусі, летам 1941 года, войскі Заходняга фронта, з гонарам выконваючы ваенны абавязак, удзельнічалі ў розных вызваленчых бітвах, цаной сваіх жыццяў набліжаючы Вялікую Перамогу. Гэты подзвіг салдат і афіцэраў, як і ўсяго беларускага народа, прызнаны міжнароднай супольнасцю – у 1946 годзе Беларуская ССР стала адной з заснавальніц ААН.

Імкліва развівалася Беларуская ваенная акруга і ў пасляваенны перыяд. На яе палігонах праходзілі выпрабаванні най-ноўшых узораў узбраення і тэхнікі. Доўгія гады яе воіны ўдзельнічалі ў забеспячэнні ядзернага парытэту на планеце, захоўваючы мірнае неба над краінай.

Асабоваму складу вайсковых часцей акругі давялося прымаць удзел, па сутнасці, у першай у сучаснай гісторыі антытэрарыстычнай аперацыі. Аднымі з першых на тэрыторыю Афганістана ўвайшлі воіны 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі (г. Віцебск). Праявілі гераізм на той вайне і разведчыкі 334-га асобнага атрада спецыяльнага прызначэння. Сёння гэтыя злучэнні ўваходзяць у склад сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Яшчэ адной трагічнай і ў той жа час гераічнай старонкай у гісторыі акругі стаў удзел ваеннаслужачых у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Са стварэннем у 1992 годзе суверэннай незалежнай дзяржавы на базе ваеннай акругі былі заснаваны Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Яны прызначаны для забеспячэння ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны нашай краіны, яе суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці.

ЁСЦЬ ЧЫМ ГАНАРЫЦЦА

Сёння з упэўненасцю можна сказаць: рэспубліцы ёсць чым і кім ганарыцца. Менавіта беларускімі ваеннымі лётчыкамі ўстаноўлена 15 сусветных рэкордаў на мадэрнізаваных айчыннымі прадпрыемствамі самалётах МІГ-29. Нашымі ваеннымі пілотамі, першымі на постсавецкай прасторы, выканана пасадка розных тыпаў самалётаў на аўтамабільны ўчастак дарогі, у тым ліку ў цёмны час сутак. Беларускія ваеннаслужачыя, дэманструючы свой прафесіяналізм, заўсёды атрымліваюць высокую ацэнку падчас многанацыянальных вучэнняў дзяржаў-членаў АДКБ. Значных вынікаў дабіваюцца каманды нашай краіны і ў Армейскіх міжнародных гульнях.

У Беларусі не толькі захаваны, але і актыўна развіваецца абаронна-прамысловы комплекс, здольны вырабляць прадукцыю падвойнага прызначэння на ўзроўні лепшых сусветных стандартаў. У іх ліку – аўтаматызаваныя сістэмы кіравання зброяй і войскамі, спадарожнікавая навігацыйная апаратура, радыёлакацыйныя станцыі, лазерна-аптычныя сістэмы, тэхналогіі новага пакалення інтэгральнай элементнай базы. Усё гэта – распрацоўкі, якія вызначаюць тэхнічны прагрэс XXI стагоддзя. Напрыклад, створаныя ў нас аўтаматызаваныя сістэмы кіравання для ВПС і войскаў ППА не маюць аналагаў у свеце.

Больш таго, беларускімі прад-прыемствамі практычна з нуля засвоена вытворчасць ракетнай зброі. І сёння мы маем комплекс рэактыўнай сістэмы залпавага агню “Паланэз”, які здольны наносіць удар з ідэальнай дакладнасцю да 200 км.

НАВУЧЫЦЦА АБАРАНЯЦЬ

Урок мужнасці праходзіў у форме адкрытага дыялогу. Вучні атрымалі ад прадстаўніка ваеннага камісарыята адказы на пытанні, якія датычыліся Узброеных Сіл, абмеркавалі цікавыя тэмы. У завяршэнні сустрэчы Іван Кавалькоў яшчэ раз заклікаў школьнікаў быць патрыётамі і дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.

Беларуская армія адпавядае самым сучасным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да ўзброеных сіл у сённяшніх умовах. Да таго ж працэс яе ўдасканалення і развіцця ніколі не спыняецца. Але каб умела кіраваць сучаснай тэхнікай, навучыцца абараняць сваю Радзіму, свой дом, сваіх родных і блізкіх, не стаць у выпадку ўзнікнення ваеннай небяспекі мішэнню, патрэбны спецыяльныя веды і ўменні. А іх атрымаць можна толькі падчас службы ў арміі.

Той жа, хто вырашыць стаць прафесійным абаронцам краіны і атрымаць званне афіцэра, можа паступіць у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь або на адзін з ваенных факультэтаў грамадзянскіх ВНУ.



Пакінуць адказ