За газетным радком – гісторыя роднага краю

Грамадства

Bragin_gazeta

Па старонках раённай газеты “Маяк Палесся” за 1963–1991 гг.

 

 З фермы – у акадэмію

7 сакавіка 1964 г.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Ганна Кавалёва больш, як пяць гадоў працавала даяркай на касачоўскай ферме калгаса “Шлях да камунізма”, лічылася адной з перадавых жывёлаводак гаспадаркі. Але была ў дзяўчыны мара вучыцца далей. І праўленне калгаса накіравала адну з лепшых працаўніц на вучобу ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію.

Першы выпуск

11 чэрвеня 1968 г.

У Брагінскай дзіцячай музычнай сямігадовай школе адбыўся першы выпуск навучэнцаў. На працягу пяці гадоў тут паспяхова займаліся па класу баяна 16 хлопчыкаў і дзяўчынак. А праз два гады адбудзецца першы выпуск навучэнцаў па класу фартэпіяна.

Сустрэча з героем

1 красавіка 1986 г.

У гасцях у брагінчане пабываў Герой Савецкага Саюза, легендарны лётчык М.П. Дзевятаеў, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны вырваўся з варожага палону, захапіўшы на аэрадроме нямецкі самалёт.

Новая паліклініка

25 верасня 1986 г.

У гарпасёлку Брагін здадзена ў эксплуатацыю новая трохпавярховая паліклініка. Светлыя і прасторныя кабінеты, утульныя калідоры. Паліклініка мае сучаснае абсталяванне для аказання медыцынскай дапамогі жыхарам раёна.

Знойдзена костка маманта

23 чэрвеня 1987 г.

Вучань дзесятага класа Брагінскай СШ Артур Качаноўскі знайшоў у пяску, прывезеным з кар’ера, што ля вёскі Чырвоная Гара, дзесяцікілаграмовую костку маманта. Знаходка перададзена ў школьны музей.

Танк на п’едэстале

5 ліпеня 1983 г.

3 ліпеня ў Брагіне ва ўрачыстай абстаноўцы і ў прысутнасці групы ветэранаў 61-й арміі, якія прымалі ўдзел у вызваленні Брагіншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкрыты мемарыяльны помнік “Танк”. На вечную стаянку на пастаменце стаў Т-34 – баявая машына з роты Н.В. Хлістунова 2-га батальёна 68-й асобнай танкавай брыгады, што ўдзельнічала ў вызваленні Брагіншчыны восенню 1943 года.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *