9 кастрычніка – Сусветны дзень пошты

Грамадства

Den-pochty

Сёння паштовая служба – галіна, якая дынамічна развіваецца, укараняючы ў практыку дасягненні тэхнічнага прагрэсу. І не мае значэння, у горадзе ці маленькай вёсачцы знаходзяцца аддзяленні паштовай сувязі. Паслугі ўсюды аказваюцца аднолькавыя, да ўсяго ў сельскай мясцовасці гэта ўстановы з шырокім спектрам дзейнасці.

У Красным, напрыклад, даведалася, што вяскоўцы могуць на месцы захоўваць свае зберажэнні. Каб адкрыць рахунак, у райцэнтр ехаць не патрэбна. Беларусбанк паклапаціўся аб зручнасцях для людзей, якія жывуць і працуюць у сельскай мясцовасці. Наяўныя грошы можна зняць з карткі таксама тут. Праўда, зрабіць гэта можна на працягу пяці дзён тыдня, нядзеля і панядзелак – выхадныя.

Побач з аддзяленнем сувязі знаходзіцца школа, і ў час перапынку дзеці забягаюць сюды, каб набыць ласункі. Дарэчы, ёсць тут і куток школьніка, дзе сабраны пісьмовыя прыналежнасці.

Наведвальнікі купляюць на пошце мыйныя сродкі, гаспадарчыя тавары, посуд, прадметы галантарэі, касметыку. Раз у тыдзень завозіцца хлеб. Камунальныя плацяжы таксама прымаюць на пошце. Іншымі словамі, усё робіцца для людзей, каб ім было камфортна і зручна. Даступная мясцовым жыхарам такая паслуга, як тавары – поштай. Папулярны зараз у гаспадынь інтэрнэт-магазін “ГиперМолл” накіроўвае сюды пасылкі, якія потым забіраюць заказчыкі.

Надзея Нікіцюк і Наталля Ветчанка
Надзея Нікіцюк і Наталля Ветчанка
Алена Барзілоўская
Алена Барзілоўская
Ніна Кулеш
Ніна Кулеш
Святлана Аксёнава
Святлана Аксёнава
Сяргей Чашанок
Сяргей Чашанок

І ўсё ж работнікі паштовай сувязі па-ранейшаму аддаюць прыярытэт тым накірункам, якія былі ўласцівы гэтай службе з дня яе заснавання: прыняць і адправіць карэспандэнцыю, пасылкі, бандэролі, грашовыя пераводы, даставіць іх адрасатам. З дапамогай камп’ютарнай тэхнікі асобныя аперацыі выконваюцца хутка і проста. Ніхто не адмяняў абавязкі па правядзенні падпісной кампаніі. Даведзены план на перыядычныя выданні стараюцца выконваць, працуюць у цесным кантакце з падпісчыкамі.

Начальнікам Красненскага аддзялення паштовай сувязі (яно, дарэчы, лічыцца адным з лепшых у раёне) працуе Сяргей Чашанок. Спачатку займаў гэтую пасаду ў Новай Іёлчы, а потым перавялі сюды. Пачынаў Сяргей Рыгоравіч свой шлях у цікавую прафесію ў 1999-м годзе, калі ён, малады паштальён, спяшаўся з газетамі, пісьмамі і часопісамі да людзей, несучы ім добрыя навіны і жаданыя лісты ад родных і блізкіх. Сёлета заняў першае месца сярод калег па такім паказчыку, як дастаўка пасылак.

Цікава склаўся лёс Надзеі Нікіцюк. Пасля выбуху на ЧАЭС яе разам з іншымі жыхарамі выселілі ў Новую Іёлчу. Роднай Капоранкі, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва, дзе нарадзілася двое дзяцей, больш не існуе. На новым месцы патрэбна было недзе ўладкоўвацца на работу. Дзяўчына, якая працавала тут паштальёнам, выйшла замуж і паехала адсюль, а яе месца заняла Надзея Ільінічна. Так з 1986 года і па сёння аддана служыць справе, якую палюбіла. Яе з нецярплівасцю чакаюць у Красным, Прудавіцы, Старой Іёлчы. Рада сустрэчы са сваімі падпісчыкамі і Надзея Нікіцюк. Пераважная большасць з іх – ветэраны працы, якія любяць гэтыя мясціны, цікавяцца навінамі, што адбываюцца ў раёне і за яго межамі, і, па словах Надзеі Ільінічны, з усіх выданняў аддаюць перавагу “Маяку Палесся”.

Наталля Ветчанка абслугоўвае жыхароў Галубоўкі, Новай Іёлчы і часткова – Краснага. Па сумяшчальніцтве яна яшчэ і сацыяльны работнік.
Сусветны дзень пошты будзе адзначаць і Алена Барзілоўская. Шаснаццаць гадоў – такі працоўны стаж жанчыны ў гэтай галіне.
Калі гаварыць аб умовах працы і даступных дабротах цывілізацыі, то ў паштавікоў з Хракавіч яны менш камфортныя. Хаця на гэта жанчыны наўрад ці зважаюць. Невялікі будынак прывялі ў парадак, пабялілі грубку, якая ўжо абагравае памяшканні, назапасілі на зіму дроў. Тут па-дамашняму цёпла і ўтульна. Начальнікам Хракавіцкага АПС Ніна Кулеш працуе восем гадоў, а ўсяго ў галіне сувязі – 17. Святлана Аксёнава дастаўляе вяскоўцам газеты і часопісы, розныя тавары па іх просьбе. Да 1 кастрычніка ў гэтым невялікім калектыве была і Валянціна Судаленка, якая пайшла на заслужаны адпачынак. Сусветны дзень пошты – яе свята таксама.

Ад шчырага сэрца віншуем усіх работнікаў паштовай сувязі Брагіншчыны з іх прафесійным святам і жадаем моцнага здароўя, удачы, душэўнага спакою і толькі добрых навін. І ім, і тым, да каго яны заходзяць у дом.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *