Дапытлівыя і ўдумлівыя, старанныя і мэтанакіраваныя, руплівыя і зацікаўленыя…

Общество

icledow

 Менавіта такія вучні рушылі ў свет адкрыццяў, каб спазнаць новае і выкрыць неразгаданае, узняць да канца не вывучаныя праблемы. А тое, наколькі юныя асобы ўразілі аўдыторыю глыбінёй сваіх ведаў, актуальнасцю ўзнятых пытанняў і ўласнымі перакананнямі, паказала раённая навукова-даследчая канферэнцыя, арганізатарам якой не першы год выступае гімназія г.п. Брагіна. Сёлета мерапрыемства праходзіла ў рамках Года навукі.

На суд журы, як паведаміла намеснік дырэктара гэтай установы адукацыі Валянціна Нікіценка, удзельнікі вынеслі 16 работ. І кожная па-свойму была змястоўнай, павучальнай і цікавай. А іх аўтары паказалі самае сур’ёзнае стаўленне да праблем, што датычаць экалагічнай бяспекі, духоўнага адраджэння, захавання і прапаганды нацыянальнай культуры, спадчыны і інш. Усе імкнуліся пры абароне праектаў пераканаўча выказваць свае думкі, прыводзіць доказы, рабіць на аснове сабраных матэрыялаў і праведзеных даследаванняў вывады, выкарыстоўваючы мультымедыйныя презентацыі.

Цалкам зразумелым было хваляванне і дзяцей, і педагогаў, пад кіраўніцтвам якіх рыхтаваліся работы: у атмасферы інтэлектуальнага саперніцтва выяўляліся мацнейшыя. Але ўжо сам удзел у канферэнцыі, добрая магчымасць абмяняцца думкамі, заявіць пра сябе, знайсці новых сяброў з’яўляюцца, па меркаванні Валянціны Іванаўны, крокам да поспеху і сведчаннем таленту, актыўнай жыццёвай пазіцыі юных асоб.

Дыпломы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама атрымалі: першай ступені – Віялета Карпенка (Брагінская СШ), другой – Вераніка Дзешча (Іялчанская СШ) і Іван Сапоненка (Хракавіцкая СШ), трэцяй – Ларыса Астапенка і Таццяна Савянок (Брагінская СШ). А пераможцамі конкурсу прызнаны вучань 10 класа ДУА “Чамярыскі дзіцячы сад – сярэдняя школа” Андрэй Шубянок з работай “Дарогамі нашых продкаў” і дзевяцікласнік гімназіі Ілля Мельнічэнка (“Традыцыйная кухня Брагіншчыны”).

Аб заахвочвальных прызах для аўтараў лепшых праектаў паклапаціліся старшыня РК ГА “БРСМ” Юлія Сапега і кіраўнік раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Сяргей Пархамец.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ