Школьны мерыдыян: мелодыю мовы славянскай я чую

Грамадства

ckola

Літаратурна-музычная гадзіна пад такой назвай, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, прайшла ў Малейкаўскай сярэдняй школе. Правялі яе бібліятэкары Ала Шаўчэнка са Сцежарнага і Надзея Коцур (Малейкі).

“У год іх юбілею варта прыгадаць, што напачатку было слова, якое і сёння не страціла сваёй моцы і вядзе чалавека па Зямлі, ды і заўтрашні дзень не ўявіць нам без яго”, – так пачаўся расказ пра жыццёвы і творчы шлях вялікіх майстроў паэтычнага слова, веліч і значэнне якіх узрастаюць ад пакалення да пакалення. Ціха гучыць мелодыя песні на словы Якуба Коласа “Мой родны кут”, верш Уладзіміра Някляева “Дарагія імёны”. Адна за другой перагортваюцца старонкі жыцця і мастацкай біяграфіі нашых песняроў.

Ясь Луцэвіч стаў Янкам Купалам, каб знайсці купальскую кветку шчасця: “Я той, каму шукаць яе, – для сябе, для мужыка”. Верш “Мужык” быў надрукаваны поруч з апавяданнем славутага пісьменніка Льва Талстога “Тры сыны”. Так на літаратурным небасхіле заззяла зорка Янкі Купалы. Потым былі Вільня, рэдакцыя “Нашай нівы”, вучоба ў Пецярбургу. Тут маладыя беларусы-пецярбуржцы ставяць купалаўскую “Паўлінку”.
Паэт трагічна загінуў 28 чэрвеня 1942 года ў Маскве.

Жыццё Якуба Коласа – гэта адна з найцікавейшых старонак у жыцці ўсяго народа, бо лёс песняра неад’емны ад лёсу яго роднай зямлі. Як потым напіша Іван Мележ, “паэт, празаік, драматург, вучоны, публіцыст, – няма, здаецца, у беларускай літаратуры такога жанру, няма ў яе гісторыі на працягу паўстагоддзя такой старонкі, дзе б не заззяла слаўнае імя Якуба Коласа, не праявілася якая-небудзь грань яго шчодрага таленту”. Сапраўднымі з’явамі ў творчасці песняра і ўсёй беларускай літаратуры сталі яго паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, трылогія “На ростанях”. Пасляваенная творчасць вялікага паэта – узнёслая і радасная песня жыцця, Радзімы, кахання.

У творчым лёсе Якуба Коласа і Янкі Купалы было шмат агульнага: яны нарадзіліся ў адным годзе, амаль адначасова выступілі ў літаратуры, добра ведалі адзін аднаго. Упершыню сустрэліся ў 1912 годзе і вырашылі поплеч ісці па дарозе жыцця.

Разам адпачывалі, гулялі ў шахматы, радаваліся і хваляваліся. Выкарыстоўвалі любую магчымасць, каб падзяліцца ўражаннямі ад перажытага, ад прачытаных твораў, прысвячалі адзін аднаму вершы.

І якое ж свята без твораў беларускіх песняроў, без тых, каму родная мова, што ласка маці, каму свой “родны кут мілы” свеціць яскравай зоркай, хто любіць і шануе свой народ і Бацькаўшчыну. Літаратурная гадзіна прайшла на адным дыханні, работнікі культуры пастараліся данесці да свядомасці вучняў веліч і хараство паэзіі майстроў слова, таму што яно – гэта і шлях да іншага чалавека, ключ да яго душы, дотык да сэрца.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *