Пакінутыя ў кантэйнеры рэчы прапаноўваюцца людзям, чые фінансы не дазваляюць набыць усё неабходнае

Общество Официально

konteiner

Універсальны кантэйнер Чырвонага Крыжа для збору чыстага адзення і абутку ад насельніцтва ўжо чатыры разы напаўняўся да краёў.

Такое прыстасаванне, як паведамлялася ў адным з чэрвеньскіх нумароў мясцовага выдання, з’явілася ў Брагіне яшчэ ў пачатку лета. І з таго моманту ў вулічную скрыню, што ўстанавілі каля будынка цэнтральная раённай бальніцы, пачалі трапляць рэчы, з якімі жыхары вырашылі развітацца. Выгада атрымалася ўзаемная: для адных гэта добрая магчымасць пазбавіцца ад непатрэбнага ці надакучлівага, але яшчэ даволі акуратнага, прыдатнага для нашэння адзення і абутку, а для другіх, з меншым дастаткам, – выхад з цяжкай жыццёвай сітуацыі, вырашэнне матэрыяльнай праблемы.

Кантэйнер, як адзначае старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Людміла Бурак, ужо тройчы напаўняўся да краёў за лета і адзін раз – за восень. Так што першыя вынікі дабрачыннай справы паказалі: брагінчане – людзі чулыя, неабыякавыя і спагадлівыя. Ды і ў зборы “сэканд-хэнда” – дбайныя, скурпулёзныя і старанныя.

– Усе рэчы, вынятыя з кантэйнера, у добрым стане, чыстыя і акуратна складзеныя ў пакеты. Гэта не толькі адзенне і абутак, сярод якога шмат дзіцячага, але і цацкі, школьныя прыналежнасці, рук-закі, што асабліва было запатрабавана напярэдадні навучальнага года. Многае, дарэчы, пасля сартыроўкі знайшло сваіх адрасатаў, – заўважае Людміла Паўлаўна.

У ліпені, па яе словах, большая частка выгружанага з вулічнай скрыні была перададзена выхаванцам Асарэвіцкага дзіцячага сацыяльнага прытулку. А чарговыя партыі пакінутых у кантэйнеры рэчаў прапаноўваліся тым жыхарам раёна, чые фінансавыя магчымасці не дазваляюць набыць усё неабходнае. Матэрыяльнае становішча такім чынам палепшылі больш чым 30 маламаёмасных, мнагадзетных і няпоўных сем’яў, каля 40 інвалідаў, адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, двое жыхароў, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі.

Каб выявіць маючых патрэбу ў такой падтрымцы і перадаць сабранае ў другія рукі, раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа працуе ў цесным кантакце з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і наглядальнымі камісіямі. Звяртацца грамадзяне, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю ці адчуваюць нястачу, могуць да Людмілы Паўлаўны (вуліца Крылова, 7, кабінет 34) ці ў ТЦСАН. Запасы адзення і абутку, дзіцячых цацак ёсць. Ды і кантэйнер не прастойвае – напаўняецца новымі рэчамі.

Магчыма, і вы ўжо даўно не пераглядалі свой гардэроб?..

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий