Сёння — дзень нараджэння нашага вядомага земляка Сяргея Палуяна

Грамадства

palujan712

Беларускі публіцыст, празаік і літаратуразнавец Сяргей Палуян нарадзіўся 19 кастрычніка 1890 года ў Брагіне.

Быў трэцім дзіцём у сям’і арандатараў Епіфана і Аляксандры Палуян, сярод 3 сыноў і 5 дачок. Дзяцінства прайшло ў в. Крышычы Юравіцкай воласці Мазырскага павета, дзе бацькі Сяргея купілі фальварак.

Вучыўся ў Мазырскай гімназіі. Пад пагрозай выключэння за ўдзел у рэвалюцыйным руху пераведзены бацькам у Мітаўскую гімназію (цяпер Елгава, Латвія) пад нагляд сваякоў, але ўдзелу не спыніў з-за чаго адбыўся канфлікт і разрыў з бацькам. Жыў у Кіеве ў сваякоў, таксама ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху.

Падтрымліваў сяброўскія і творчыя сувязі з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Цішкам Гартным, Ядвігіным Ш. і інш. Аўтар вершаў, п’ес, празаічных твораў, публіцыстычных артыкулаў, у т.л. артыкула «Аб нацыянальнай школе ў Беларусі», рэцэнзіі на кнігу «Другое чытанне для дзетак беларусаў» Я. Коласа.

На жаль, не ўся творчая спадчына Сяргея Палуяна захавалася. Цяпер вядома яго апавяданне «Вёска», абразок «Хрыстос уваскрос!» (зварот да беларускага народа), дваццаць адзін публіцыстычны артыкул, рэцэнзіі. Выйшаў зборнік твораў  «Лісты ў будучыню» (1986).

Паводле афіцыйнай версіі Сяргей Палуян скончыў жыццё самагубствам у ноч з 7 на 8 красавіка 1910 года, пахаваны на кіеўскіх Байкаўскіх могілках (не захаваліся).

Памяці нашага земляка  Янка Купала прысвяціў паэму «Курган» і верш «Памяці С. Палуяна», Максім Багдановіч — першы і апошні прыжыццёвы зборнік твораў «Вянок» і верш «С. Палуяну», Ядвігін Ш. — верш у прозе «Раны».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *