Тэма тыдня: удасканаленне і развіццё ЖКГ Беларусі

Тема недели

belta

Рэспубліканскі семінар «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны» прайшоў у Мінску 19-20 кастрычніка. На ім прадстаўлены вопыт арганізацыі работы па розных напрамках у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прагрэсіўныя рэсурса- і энергазберагальныя тэхналогіі для паэтапнага іх укаранення на тэрыторыі ўсёй рэспублікі. Галоўная мэта семінара — вызначэнне асноўных напрамкаў удасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі на сярэднетэрміновую перспектыву.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пленарным пасяджэнні семінара. На пасяджэнні разгледжаны пытанні ўдасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны, рэалізацыі новых падыходаў па ўдасканаленні работы ў галіне, зніжэнні затрат і павышэнні якасці абслугоўвання насельніцтва,  прааналізавана сусветная практыка арганізацыі кіравання жыллёвым фондам.

У мерапрыемстве ў Палацы Незалежнасці ўдзельнічалі амаль 250 чалавек, у тым ліку вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржорганаў і арганізацый, прадстаўнікі мясцовых органаў дзяржкіравання.

Выступае Аляксандр Лукашэнка
Выступае Аляксандр Лукашэнка

Лукашэнка: тарыфы на ЖКП павінны быць пад’ёмнымі для народа

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на рэспубліканскім семінары «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны».

«Стаўлю задачу для ўсіх: з 2018 года праводзім разавае павышэнне тарыфаў толькі на $5 і ў далейшым — ніякага росту без майго ведама. Тарыфы павінны быць пад’ёмнымі для народа. У сувязі з гэтым ураду, Камітэту дзяржаўнага кантролю даручаю дэталёва праверыць. І 1 студзеня 2018 года зацвердзім тарыфы рашэннем Прэзідэнта», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі ў пачатку года павышаюцца тарыфы на ЖКП на $5 у эквіваленце і індэксуюцца ва ўвязцы з ростам даходаў насельніцтва. «Наколькі мне вядома, такое павышэнне ўжо адбылося ў студзені 2017 года. Разам з тым урад, вядучае міністэрства, Міністэрства гандлю ў верасні павысілі тарыфы на 8 працэнтаў і пачынаеце далей палохаць людзей тым, што ў снежні яшчэ павялічыце на 10 працэнтаў. І гэта прытым, што з лістапада ўсе аб’ектыўна будуць плаціць больш у сувязі з уключэннем ацяплення.

Гэта антынародны падыход да справы. Так быць не павінна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

— Гэта прывядзе да значнага росту плацяжоў, што безумоўна выкліча негатыўны грамадскі рэзананс. І нездарма будзе гэты рэзананс. Чаму нельга індэксаваць тарыфы, скажам так, калі няма ацяплення, жыроўкі лягчэйшыя? Хоць і гэта мы ўжо зрабілі. Не разумею, вы, губернатары, разам з урадам каму хочаце дагадзіць — сваім людзям або нейкім міжнародным арганізацыям?»

Прэзідэнт асабліва адзначыў, што нельга бударажыць насельніцтва размовамі аб стапрацэнтным пакрыцці кошту паслуг літаральна з заўтрашняга дня. «Гэта пытанне ў тым ліку і палітычнае. Спешка тут недапушчальна. Мы палічым спачатку тарыфы дакладна, каб энергетыкі, тыя, хто ваду падае, не жыравалі і не вырашалі свае праблемы за кошт насельніцтва. І тады прымем рашэнне, калі будзем выходзіць і як будзем выходзіць на стапрацэнтную аплату. Я ўпэўнены: калі мы вельмі дакладна палічым, ужо з трэцяга заходу, гэтыя тарыфы, то працэнт пакрыцця будзе вельмі высокім. Можа, і 90 працэнтаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

 «Мы ні пад каго не павінны падладжвацца. Не забывайце, што галоўны прыярытэт нашай сацыяльнай палітыкі — гэта інтарэсы людзей, а не ведамстваў і розных міжнародных структур», — сказаў Прэзідэнт.

 

Лукашэнка даручыў пры неабходнасці ўдасканаліць сістэму безнаяўных жыллёвых субсідый

«Ураду трэба яшчэ раз вывучыць, як дзейнічае сістэма безнаяўных жыллёвых субсідый, і ў выпадку неабходнасці прыняць дадатковыя меры па яе ўдасканаленні», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ні адзін чалавек, ні адна сям’я, якія не маюць магчымасці аплаціць ЖКП, не павінны заставацца без дапамогі дзяржавы.

«Мы абавязаны гарантаваць падтрымку любому, хто апынецца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Менавіта з гэтай мэтай былі ўкаранёны безнаяўныя жыллёвыя субсідыі», — сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сістэма налічэння субсідый недапрацавана, з-за чаго не ўсе маючыя патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы ўлічаны.

Лукашэнка патрабуе пазбаўляцца ад «гігантызму» і шукаць рэзервы для эканоміі ў цеплазабеспячэнні

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цеплазабеспячэнне — гэта не толькі адна з найбольш важных жыллёва-камунальных паслуг, але і самая дарагая. Больш як 30 працэнтаў ад сумы жыроўкі зімой — на ацяпленне і падаграванне вады. «Тут ёсць велізарныя рэзервы для эканоміі. Зніжэнне долі імпартуемых газу і энерганосьбітаў, за якія мы расплачваемся валютай, прымушае нас больш актыўна выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва, а ў перспектыве электрычную энергію астравецкай АЭС», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што вытворчасць цеплавой энергіі на мясцовых відах паліва сябе апраўдала. Яе сабекошт значна ніжэйшы за аналагічны паказчык на прыродным газе пры іншых роўных умовах. Прэзідэнт прывёў у прыклад Віцебск, дзе гэтаму ўдзяляецца вялікая ўвага. У горадзе працавала кацельня на газе, сабекошт цяпла быў каля Br100. «Зрабілі рэканструкцыю, перавялі на шчэпкі — стала менш як Br65. Хоць і там безгаспадарчасці хапае. Калі яе ліквідаваць, то наогул на Br50 выйдзе, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — А вось у Брэсцкай вобласці працуюць на газе, маюць сабекошт Br100 і лічаць гэта нармальным. Там што, няма драўніны? Або яны газ недзе таннейшы бяруць?»

Аднак, прадоўжыў Прэзідэнт, і з выкарыстаннем мясцовых рэсурсаў не ўсё паспяхова. Праверкамі сістэматычна ўстанаўліваюцца факты выкарыстання пераўвільготненага драўнянага паліва. Гэта прыводзіць да павышэння яго ўдзельных расходаў да 65 працэнтаў і зніжэння каэфіцыента карыснага дзеяння катлоў да 30 працэнтаў. Закупка паліва ў пасрэдніцкіх структур і без правядзення адпаведных канкурэнтных працэдур таксама вядзе да завышэння сабекошту цеплавой энергіі. Такія факты былі выяўлены ў Полацку, Брэсце, Скідзелі. Устаноўлены выпадкі значнай розніцы ў кошце (часам да двух разоў) драўнянага паліва, што набываецца арганізацыямі ЖКГ у межах аднаго раёна.

Аляксандр Лукашэнка згадаў і аб стане самой кацельнай гаспадаркі. «Многія кацельні будаваліся даўно, з савецкім размахам і імкненнем да гігантызму. А мы сёння пажынаем плады, калі часта магутны кацёл працуе на ацяпленне толькі аднаго-двух дамоў», — сказаў ён.

Толькі ў Гомельскай вобласці на балансе арганізацый ЖКГ ёсць 114 кацельняў, магутнасць якіх значна перасягае далучаную нагрузку. «Часам ад кацельні да дома кіламетровая сетка пракладзена, там цяпла больш страчваецца, чым ідзе на яго ацяпленне. Можа, лепш закрыць такую кацельню, а людзям індывідуальныя катлы паставіць? — прапанаваў кіраўнік дзяржавы. — Такіх аб’ектаў у нас нямала, і над гэтым ураду сумесна з губернатарамі трэба працаваць. Цяпло сёння каштуе вельмі дорага (і заўтра будзе яшчэ даражэйшым), і любая аптымізацыя кацельнай гаспадаркі паварочваецца выгадай і для спажыўца, і для дзяржавы».

Прэзідэнт таксама заклікаў не забываць аб планавай замене зношаных цепласетак. «Калі не выконваць яе ў неабходных аб’ёмах, у агляднай будучыні атрымаеце вялікія праблемы, з якімі рэгулярна сутыкаюцца нашы суседзі. У Расіі і Украіне з-за гэтага зімой замярзаюць не толькі кварталы, але і цэлыя гарады. У нас недапушчальна, каб замёрз нават адзін асобна ўзяты дом. Спадзяюся, вы мяне пачулі!» — папярэдзіў беларускі лідар.

Асабліва востра праблема абслугоўвання камунальнай інфраструктуры стаіць у сельскай мясцовасці.

Лукашэнка даручыў Міністэрству ЖКГ вырашыць пытанне цеплавой мадэрнізацыі жылых дамоў

«У мэтах эканоміі вы змянілі падыходы да гэтага пытання. Народ гэта ацаніў неадназначна», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

«Калі людзі хочуць зрабіць уцяпленне большым па аб’ёме, чым належыць, то палічыце і зрабіце за іх жа грошы. Каб не было дорага, дамоўцеся з будаўнікамі, вытворцамі ўцяпляльніка і дайце растэрміноўку. Гэта таксама значная эканомія», — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка — энергетыкам: жыраваць за кошт грошай людзей недапушчальна

«Вы, Леанід Васільевіч Анфімаў (старшыня КДК. — Заўвага БЕЛТА), выявілі ў камунальнікаў рэзервы зніжэння затрат па жыллёва-камунальных паслугах. Але вялікі ўплыў на іх кошт аказваюць энергетыкі. Вы глядзелі, як яны фарміруюць свае тарыфы, колькі прыбытку закладваюць? Разбярыцеся, якія ўстаноўлены ім зарплаты, за што яны ўтрымліваюць свае крутыя санаторыі, базы і іншае, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Жыраваць за кошт грошай людзей недапушчальна ні для каго! І калі такія факты будуць выяўлены да наступнага вашага ўдакладнення тарыфаў, міністру трэба шукаць іншую работу. Ён быў туды назначаны, каб без ведамаснага падыходу вырашыць гэтыя пытанні, раскласці затраты свайго ведамства і зняць усё лішняе. Пакуль гэтага не адбываецца».

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што не вырашана пытанне заключэння прамых дагавораў на цеплазабеспячэнне і гарачае водазабеспячэнне паміж пастаўшчыкамі (энергетыкамі) і спажыўцамі гэтых паслуг (перш за ўсё насельніцтвам). Міністэрства энергетыкі настойвае на заключэнні дагавораў паміж энергазабеспячальнымі арганізацыямі і арганізацыямі ЖКГ раёнаў, не жадаючы працаваць з насельніцтвам з-за магчымага зніжэння эканамічных паказчыкаў. «Відавочны канфлікт інтарэсаў двух міністэрстваў з-за вузкаведамаснага падыходу. Кабякову і Анфімаву вырашыць гэта пытанне неадкладна, адназначна, без ведамаснага падыходу», — запатрабаваў беларускі лідар.

Лукашэнка запатрабаваў прыняць меры па пратэрмінаванай запазычанасці юрасоб за камунальныя паслугі

«Часта даводзіцца чуць, што даўгі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг перашкаджаюць стабільнай рабоце прадпрыемстваў. Як я ўжо гаварыў, да насельніцтва сёння асаблівых прэтэнзій няма: людзі свае абавязацельствы выконваюць спраўна. А вось пратэрмінаваная запазычанасць юрыдычных асоб за камунальныя паслугі, якая ў 4,5 раза вышэйшая, чым па насельніцтве, — гэта не проста праблема, гэта тормаз развіцця галіны. Прыміце адпаведныя меры», — даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Нясвоечасовыя плацяжы не даюць магчымасці арганізацыям ЖКГ нармальна функцыянаваць і выконваць ускладзеныя на іх задачы, адзначыў Прэзідэнт.

«Патрабую ад старшынь гар-, райвыканкамаў узяць гэта пытанне пад асабісты кантроль. Дысцыпліна, асабліва фінансавая, — гэта абавязковая ўмова паспяховай работы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Удзельнікі семінара наведалі смеццеперапрацоўчы сартавальны завод
Удзельнікі семінара наведалі смеццеперапрацоўчы сартавальны завод

 

Удзельнікі семінара наведалі "Мінскводаканал"
Удзельнікі семінара наведалі «Мінскводаканал»

Лукашэнка: некаторыя кіраўнікі бачаць у ЖКГ палачку-выручалачку для ўтойвання безгаспадарчасці

«Мне дакладваюць, што многія рашэнні, прынятыя на дзяржаўным узроўні, часта ігнаруюцца на месцах. Так, перадача няпрофільных аб’ектаў без забеспячэння іх фінансавання заканадаўча забаронена, але такія факты да гэтага часу маюць месца. Трэба разабрацца і даць сур’ёзна па руках такім дзеячам! — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Некаторыя кіраўнікі раёнаў бачаць у ЖКГ палачку-выручалачку, якая дапаможа ўтаіць любую безгаспадарчасць».

Паводле яго слоў, ёсць выпадкі, калі памяшканні закрытага прадпрыемства аддаюцца на баланс камунальнікаў. «Папярэджваю: гэтыя рэчы будуць разглядацца як сур’ёзныя правапарушэнні», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што любы аб’ект можна зрабіць патрэбным для раёна і прыбытковым, але для гэтага неабходны капіталаўкладанні.

«Таму спачатку падумайце, адкуль узяць сродкі, і прымайце ўзважанае рашэнне, а не перакладвайце адказнасць на камунальнікаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Камунальным службам катэгарычна забараняецца браць на баланс такія прадпрыемствы».

Лукашэнка запатрабаваў да 2020 года прывесці ўвесь ліфтавы фонд у належны тэхнічны стан

«Патрабую да 2020 года ўвесь ліфтавы фонд прывесці ў належны тэхнічны стан. Спасылкі на недахоп сродкаў не прымаюцца. Наш завод у Магілёве вырабляе выдатныя сучасныя ліфты. Дагаворвайцеся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што і прамыслоўцы павінны паклапаціцца аб якасці сваёй прадукцыі. «Тэхналогіі ўдасканальваюцца з кожным днём, а тэрміны, напрыклад, эксплуатацыі па-ранейшаму 25 гадоў. Можа, пара падумаць над іх павелічэннем, над павышэннем эксплуатацыйных характарыстык? Бо размова ідзе аб даволі дарагім абсталяванні, якое павінна апраўдваць сваю цану. Вы не толькі пра ўласны прыбытак павінны думаць, але і пра вырашэнне дзяржаўных задач, і пра бяспеку грамадзян», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Міністэрству прамысловасці і Міністэрству па надзвычайных сітуацыях кіраўнік дзяржавы даручыў заняцца гэтым пытаннем і разам унесці рацыянальныя прапановы.

«Асабліва падкрэсліваю — бяспека нашых людзей вышэй за ўсё. І для прамыслоўцаў, і для камунальнікаў гэта задача нумар адзін. Работа камунальнай гаспадаркі арыентавана не толькі на стварэнне камфорту, але і на бяспеку нашых людзей. Недагледзеў, не прадухіліў — вінаваты павінен адказваць», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў Беларусі штогод капітальна рамантуецца больш за 2 працэнты жыллёвага фонду, не за гарамі дасягненне жаданых 3 працэнтаў. «Нібыта нядрэнна. Аднак прыкрывацца статыстыкай не трэба, таму што асобныя негатыўныя моманты могуць звесці на нішто ўсе заслугі. Людзі павінны ведаць, што яны абавязаны рабіць сваімі рукамі і што яны павінны рабіць разам з прадстаўнікамі ЖКП і дзяржавай, і што яны не будуць рабіць наогул», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка даручыў у сістэме ЖКГ па ўсёй краіне забяспечыць належную якасць пітной вады

«У нас у рэспубліцы забяспечана стапрацэнтная даступнасць насельніцтва да пітной вады. У той жа час захоўваецца праблема яе якасці. 26 працэнтаў проб вады ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях не адпавядаюць патрабаванням нарматываў па колькасці жалеза. Забяспечанасць станцыямі ачысткі вады ад прымесей жалеза — 42 працэнты. Гэта пытанне неабходна вырашыць да 2025 года», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт назваў недапушчальным, што некаторыя рэгіёны не маюць ачышчальных збудаванняў і да гэтага часу адходы збіраюцца на палях фільтрацыі. «Ёсць самыя сучасныя формы ачысткі — укараняйце. Гэту праблему трэба было вырашаць учора. Таму сёння неадкладна трэба вырашыць гэтыя пытанні. Выкарыстоўвайце перадавы сусветны вопыт, навуку прыцягвайце, шукайце крыніцы фінансавання і дзейнічайце», — даручыў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, таксама актуальная ў гэтай сферы праблема замены зношаных сетак. «Ад гэтага і звышнарматыўныя страты вады. Некаторыя разумнікі ў рэгіёнах спрабуюць гэтыя страты ўключыць у сабекошт, беручы грошы і з насельніцтва, і з бюджэту. Аб гэтага ж церпіць якасць самой вады. Таму гэту праблему таксама стаўце сабе як прыярытэтную, — сказаў Прэзідэнт. — І калі Анфімаў (старшыня КДК Беларусі Леанід Анфімаў. — Заўвага БЕЛТА) з групай будзе разлічваць чарговы раз кошт паслуг, тут трэба абразаць».

«Гару ўжо з космасу відаць» — Лукашэнка патрабуе ўкаранення навацый у абыходжанні з адходамі

«Найбольш востра гэта праблема стаіць для нашай сталіцы. На палігоне «Паўночны» за перыяд яго эксплуатацыі з 1981 года пахавана 25 млн т адходаў, што больш як у 7 разоў перавышае праектныя нагрузкі. І гару адходаў ужо відаць пры пад’ездзе да горада за некалькі дзясяткаў кіламетраў і з космасу вельмі добра відаць, — адзначыў Прэзідэнт. — Такі стан спраў патрабуе распрацоўкі доўгатэрміновай праграмы па рэкультывацыі і закрыцці палігонаў, а таксама ўкараненні новых падыходаў да абыходжання з адходамі. У нас не так шмат свабоднай зямлі, каб будаваць палігоны і складзіраваць на іх смецце. Тым больш вам паказалі самыя сучасныя ўзоры і падыходы да гэтай справы. Рэнтабельныя для тых, хто гэтага хоча. Навука павінна падключыцца і сказаць, што найбольш мэтазгодна: спальваць смецце і атрымліваць ад гэтага энергію або большую яго частку перапрацоўваць».

Лукашэнка: добраўпарадкаванне нашых гарадоў і вёсак — задача і камунальнікаў, і грамадзян

«Нельга дапускаць безадказнасці і пры навядзенні парадку ў населеных пунктах. Работа па добраўпарадкаванні нашых гарадоў і вёсак — гэта задача не толькі камунальнікаў. І гэтаму ўжо з бягучай восені я асабіста ўдзяляю самую пільную ўвагу. На кальцавой дарозе ў Мінску, паглядзім, як у іншых гарадах, нарэшце пачалі варушыцца і хаця б дрэвы высаджваць там, дзе яны павінны расці», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на стан будаўнічых пляцовак і тэрыторыі вакол іх, запатрабаваўшы навесці там парадак. «Гэта датычыцца перш за ўсё Мінска», — сказаў ён.

Асобна кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як мясцовыя органы ўлады выконваюць яго даручэнне па замацаванні тэрыторый за суб’ектамі гаспадарання. «У нас школы, заводы, фабрыкі, проста прыватныя прадпрыемствы размешчаны на канкрэтным участку зямлі, у канкрэтным гарадскім квартале. Дык замацуйце за імі гэтыя тэрыторыі, і няхай яны там пастаянна наводзяць парадак», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Ён заўважыў, што гэта добрая магчымасць скараціць затраты бюджэту. Пры гэтым, сказаў Прэзідэнт, трэба прыняць неабходныя меры ўздзеяння на насельніцтва. «Але вы павінны арганізаваць, дапамагчы, падказаць, завесці. Як вы гэта будзеце рабіць, гэта вашы пытанні. Упэўнены, што вы ведаеце не горш за мяне, як гэта зрабіць больш эфектыўна. Праверым, асабліва ў будучым годзе», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на інфармацыйную работу з грамадзянамі. «Пачуццё ўласніка не нараджаецца само па сабе, яно выхоўваецца гадамі, у тым ліку эканомія, беражлівае стаўленне да маёмасці. І тут трэба далучыцца сродкам масавай інфармацыі, не толькі да семінара рыхтаваць матэрыялы, але паказваць факты і добрай работы, і безгаспадарчага стаўлення», — дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў, што жыллёва-камунальная гаспадарка — сфера няпростая, патрабуе пастаяннай увагі ўсіх органаў улады і пошуку эфектыўных рашэнняў.

«У прадпрыемстваў ЖКГ заўсёды быў, ёсць і будзе свой спажывец, і пры гаспадарчым падыходзе акупнасць усіх мерапрыемстваў гарантавана», — перакананы беларускі лідар.

Лукашэнка даручыў дакладна вызначыць межы адказнасці насельніцтва за захаванасць жылфонду

«Я ўжо некалькі разоў гаварыў: нам трэба данесці, паколькі жыллё практычна ўсё прыватызавана, што павінна рабіць насельніцтва, а што павінны рабіць мы. Напрыклад, не будзе ж насельніцтва рамантаваць непасрэдна трубы, па якіх падаецца газ у дамы. Гэта клопат дзяржавы. Не будзе ў дамах агульнага карыстання насельніцтва рамантаваць дах — яно можа паўдзельнічаць у гэтым нейкім чынам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён даручыў канкрэтна разабрацца ў гэтым пытанні.

«Але трэба мець на ўвазе, што не кожны чалавек, нават калі ён прыватызаваў жыллё, можа справіцца з работамі. Розныя людзі ёсць — старыя, інваліды, нядужыя. Мы ім таксама павінны ў чым-небудзь дапамагчы», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што жыллёва-камунальнымі паслугамі штодзень карыстаецца ўсё насельніцтва краіны. «Задаволенасць людзей узроўнем, якасцю, даступнасцю жыллёва-камунальных паслуг уплывае непасрэдна на сацыяльна-палітычную абстаноўку і настроі ў грамадстве. Гэта вельмі важна. Але яшчэ адна важнейшая рэч — мы ж даплачваем, датуем жыллёва-камунальныя паслугі. 100 працэнтаў у нас ніхто ЖКП не аплачвае. Таму лічу, што жыллёва-камунальная сфера — прыярытэт нумар адзін для кіраўнікоў рэгіёнаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, згодна з дакладамі сёння ў галіне зроблена многае ў плане зніжэння сабекошту, павышэння якасці паслуг і развіцця тэхналогій. «Тое, што 66 працэнтаў насельніцтва рэспублікі станоўча ацэньвае работу жыллёва-камунальных службаў у сваім раёне, горадзе, — гэта ўжо нядрэнна. Праўда, я сумняваюся, што амаль 70 працэнтаў так задаволены або хоць крыху задаволены развіццём ЖКГ. Дай бог, каб гэта было так. Але давайце лепш ставіць пад сумненне, каб лепш працаваць. Не трэба забываць, што амаль трэць апытаных дае ёй негатыўную ацэнку. Па значнасці для насельніцтва гэтыя пытанні займаюць другое месца пасля занятасці. І пакуль у краіне чуваць крытыку адносна сістэмы, супакойвацца рана», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Найбольшую занепакоенасць у людзей выклікае кошт паслуг. Сярод недахопаў у рабоце галіны таксама называюцца тэрміны капітальнага рамонту дамоў, якасць пітной вады, нездавальняючы стан дарог, дрэннае асвятленне вуліц, утрыманне пад’ездаў і дваровых тэрыторый і іншыя.

Лукашэнка выступае за захаванне строгага нарміравання затрат у ЖКГ

«Неабходна прадоўжыць забеспячэнне строгага нарміравання матэрыяльных і энергетычных рэсурсаў. Па-іншаму ў цяперашніх эканамічных умовах быць не можа», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што яшчэ пару гадоў таму бюджэтнаму фінансаванню падлягалі ўсе фактычныя затраты арганізацый ЖКГ, а сёння прыйшлі да іх строга нарматыўнага планавання і пакрыцця. «Гэта было маё даручэнне. Сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўжо некалькі гадоў працуе ў рэжыме фінансавай «дыеты», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Вядома, гэта не самы лёгкі спосаб аздараўлення. Але для насельніцтва важна, каб максімальная эканомія затрат не паўплывала на якасць і аб’ём аказваемых паслуг. У адваротным выпадку грамадзяне, галасуючы рублём, проста адмовяцца плаціць. Пакуль, як мне дакладваюць, у нас з гэтым нядрэнна — узровень плацяжоў 98 працэнтаў».

Паводле слоў Прэзідэнта, строгае нарміраванне затрат станоўча ўплывае на фінансавую ўстойліваць ЖКГ.

«Аднак, улічваючы, што арганізацыі абмежаваны ў расходах, недафінансаванне гэтай сферы наогул непрымальна. Акрамя таго, усё, што сэканомлена ў галіне, павінна ў ёй застацца. Гэта будзе стымулам эфектыўнай работы. Вырашэнне іншых праблем за кошт гэтых сродкаў недапушчальна. У першую чаргу губернатарам, выканкамам на месцах, а таксама ўраду трэба гэта пытанне трымаць на асаблівым кантролі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка ўвязвае адыход ад перакрыжаванага субсідзіравання з ростам даходаў насельніцтва

«Мы пастараемся да 2020 года адысці ад перакрыжаванага субсідзіравання. Гэтага вельмі хоча Сямашка (намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка. — Заўвага БЕЛТА) і прамысловы сектар краіны. Калі ласка, мы не супраць. Але вам давядзецца падняць зарплату, прытым істотна. Зможаце яшчэ напалову падняць заработную плату да таго, што ёсць, — калі ласка, мы людзям скажам: вось вам дабаўка да заработнай платы і стапрацэнтная аплата. Гульні ў адны вароты быць не павінна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што адыход ад перакрыжаванага субсідзіравання павінен ажыццяўляцца за кошт павышэння эфектыўнасці работы галіны, далейшага зніжэння затрат, удасканалення нарматываў, дыферэнцыяцыі тарыфаў, мадэрнізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. «Вось шляхі вырашэння гэтай праблемы. У нас ёсць дзяржпраграма, і яе трэба выконваць», — адзначыў Прэзідэнт.

Лукашэнка не супраць канкурэнцыі на рынку камунальных паслуг, але не на карысць сумніўным кампаніям

«Цяпер шмат гаворыцца аб развіцці канкурэнцыі, прыходзе на рынак прыватных кампаній. Я буду толькі за, калі гэта спрыяльна паўплывае на якасць паслуг і людзі станоўча адрэагуюць на перамены», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час ён прывёў у прыклад сітуацыю ў Расіі, дзе прыватныя арганізацыі значна завысілі кошт тарыфаў. Запазычанасць насельніцтва за паслугі ЖКГ там цяпер складае трыльёны рублёў. «Гэтага дапусціць нельга, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Няхай прыходзіць прыватнік — тарыфы будуць абазначаны. І няхай працуе ў гэтай сітуацыі. Застанецца пракантраляваць толькі якасць іх работы.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што сістэма ЖКГ — гэта не тая сфера, дзе можна мець завоблачную рэнтабельнасць, і кожная арганізацыя павінна разумець, што за кошт некага грошай тут зарабіць не атрымаецца. «Але вы ведаеце, што любы прыватнік, прыйшоўшы ў гэту сферу, будзе глядзець перш за ўсё ў сваю кішэнь: як даражэй узяць, што недарабіць, што не зрабіць, дзе няякасна абысці, а грошы ў кішэнь пакласці. Таму вы не спяшайцеся разбураць цяпер дзеючую структуру на карысць нейкім сумніўным кампаніям і мерапрыемствам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на існуючую практыку, калі многія наваствораныя прыватныя арганізацыі ліквідуюцца, а дамы пераходзяць на абслугоўванне мясцовых прадпрыемстваў ЖКГ. На яго думку, гэта сведчыць аб тым, што ўласнікі жылля не гатовы браць на сябе калектыўную адказнасць за агульную маёмасць, не могуць навесці ў сябе ў доме парадак без умяшання звонку.

«Відавочна, што гэтыя пытанні таксама патрабуюць неадкладнага ўрэгулявання», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: усялякія размовы аб тым, будзе Міністэрства ЖКГ або не, трэба спыніць

«Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі быць, развівацца, станавіцца цэнтрам прыняцця рашэнняў і несці адказнасць за якасць, паўнату і даступнасць усяго спектра жыллёва-камунальных паслуг, якія аказваюцца насельніцтву. Усялякія размовы аб тым, будзе — не будзе гэта міністэрства, што мы яго скарачаем, пераносім, пераводзім, трэба спыніць. Гэта рашэнне — кампетэнцыя Прэзідэнта. А сёння міністэрства працуе і будзе працаваць заўтра», — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, у сферы адказнасці міністэрства перш за ўсё забеспячэнне рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», навуковае суправаджэнне галіны, распрацоўка методык, норм і нарматываў, іх укараненне ў практыку, суправаджэнне сістэмы безнаяўных жыллёвых субсідый, планаванне ўсяго галіновага фінансавання, як інвестыцыйнага, так і бягучага.

У сваю чаргу, аблвыканкамы павінны вырашаць пытанні своечасовага і рытмічнага пералічэння бюджэтных субсідый, кантраляваць іх рацыянальнае і мэтавае выкарыстанне, забяспечваць парадак і якаснае абслугоўванне насельніцтва ў рэгіёнах.

Лукашэнка аб развіцці ЖКГ: не магу дапусціць бескантрольнага стану спраў у жыццёва важнай галіне

«Ураду, мясцовым уладам неабходна добра падумаць і ўзважыць, што канкрэтна трэба зрабіць для аптымальнага вырашэння абазначаных праблем. Я не магу дапусціць бескантрольнага стану спраў у жыццёва важнай галіне. Такія сферы, як цеплазабеспячэнне, водазабеспячэнне, капітальны рамонт дамоў, у любым выпадку павінны заставацца пад кантролем дзяржавы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што патрабаванні людзей з кожным годам будуць толькі ўзрастаць, асабліва пры павелічэнні цэн на паслугі. «Гэта нармальна, так і павінна быць, час не стаіць на месцы», — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў удзельнікаў семінара да актыўнай работы па навядзенні парадку ў жыллёва-камунальнай сферы.

«Трэба мець канкрэтны план па нармалізацыі работы — і ў кампаніях, якія на месцах аказваюць паслугі ў сферы ЖКГ, і вам асабіста, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Вы, прысутныя ў гэтай зале, з’яўляецеся прадстаўнікамі ўлады ў цэнтры і на месцах. Улада даецца законам, каб энергічна дзейнічаць у інтарэсах дзяржавы, грамадства, асобы, прымаць правільныя кіраўніцкія рашэнні».

Усё, што абмяркоўвалася на рэспубліканскім семінары аб развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны, Прэзідэнт даручыў давесці да ведама кожнага работніка галіны, каб кожны разумеў важнасць працэсаў, што адбываюцца ў сістэме. «З гэтага пачынаецца карпаратыўны дух і гатоўнасць да выканання пастаўленых задач. Бо толькі ад нас саміх залежыць узровень нашага дабрабыту і ўпэўненая будучыня краіны», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: структура ЖКГ павінна быць адзіная і кіруемая

«Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на далейшае ўдасканаленне існуючай сёння структуры жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Па маім глыбокім перакананні, тут неабходна разумная цэнтралізацыя пры дастатковай свабодзе дзеянняў на месцах, — заявіў Прэзідэнт. — Маё асноўнае патрабаванне — структура павінна быць адзіная і кіруемая. За вашы паслугі плацяць людзі, вы атрымліваеце бюджэтнае фінансаванне».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, трэба ісці ад жыцця, а не так, як гэта спрабуюць зрабіць, напрыклад, у Віцебскай вобласці. Там у сферы водазабеспячэння ствараюць залішнія структуры, нягледзячы на супраціўленне на месцах. «Наколькі гэта будзе эфектыўна, ці атрымае развіццё сфера водазабеспячэння? Кожнае рашэнне павінна быць узважана і эканамічна мэтазгодна», — падкрэсліў беларускі лідар.

Структуру работы галіны і механізмы ўзаемадзеяння неабходна ўніфікаваць у залежнасці ад колькасці насельніцтва ў населеных пунктах. Магчыма, нешта можна ўзяць з вопыту Мінска. «Але, падкрэсліваю, прадпрыемствы ЖКГ, у якія прыходзяць людзі за вырашэннем сваіх праблем, павінны застацца ў кожным раённым цэнтры і горадзе. Людзі павінны ведаць, куды ісці для вырашэння тых ці іншых пытанняў. І гэта павінна быць у рамках даступнасці кожнага чалавека», — заявіў Прэзідэнт.

Ён таксама папярэдзіў, што ад структурных змяненняў не павінен пацярпець ніводны спажывец, людзі ж ад жыллёва-камунальнай гаспадаркі чакаюць перш за ўсё якасную паслугу па справядлівай цане.

Змяненне структуры непазбежна прывядзе і да аптымізацыі колькасці на прадпрыемствах. «Тут формула адна, я ўжо вам гаварыў. Хутка мы зноў зоймемся пытаннямі занятасці, цэн і заработных плат па выніках года. Формула адна: звольніць можна толькі тады (асабліва там, дзе цяжка знайсці новую работу), калі ты ўзгодніш гэта са старшынёй гар-, райвыканкама. Таму што ім перш за ўсё адказваць па ўсіх гэтых напрамках, у тым ліку і занятасці людзей. Выкідваць на вуліцу людзей забаронена», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён выказаў упэўненасць, што ў прадпрыемстваў ЖКГ дастаткова магчымасцей для пашырэння рынку паслуг і ёсць пэўныя перавагі перад канкурэнтамі. «Матэрыяльна-тэхнічная база стваралася гадамі, і цяпер адмаўляцца ад якіх-небудзь аб’ектаў, «замарожваць» тэхніку і абсталяванне будзе верхам недальнабачнасці, — сказаў ён. — Так, ёсць асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, якія не заўсёды рэнтабельныя. Але за кошт дадатковай дзейнасці можна забяспечыць фінансавы дабрабыт прадпрыемства і пры гэтым эфектыўна выконваць сацыяльную місію. Добры гаспадар заўсёды знойдзе, як арганізаваць справу, каб і людзям даць магчымасць зарабіць, і прадпрыемству было выгадна. Прастора для творчасці тут неабмежаваная».

Лукашэнка мае намер праверыць добраўпарадкаванне ў двух-трох дзясятках гарадоў у 2018 годзе

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў 2018 годзе асаблівая ўвага будзе ўдзелена навядзенню парадку ў населеных пунктах. «Трэба намеціць два-тры дзясяткі такіх гарадоў, каб я мог асабіста паглядзець. І не толькі я, усе мы павінны пабываць там, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Абавязкова трэба добраўпарадкаваць гарады, вёскі. Там жа вы жывяце, вашы людзі і вашы дзеці».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што добраўпарадкоўваць тэрыторыі неабходна і для таго, каб краіна мела свой твар. «Чысціня і парадак — пытанне нумар адзін. Я вас не буду больш пераконваць, я проста патрабую ад вас неадкладна пачаць гэту работу», — падкрэсліў ён.

Прадпрыемствы ЖКГ у 2018 годзе плануецца вызваліць ад няпрофільных актываў

Аб гэтым заявіў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў на рэспубліканскім семінары «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны».

«Прэм’ер-міністрам прынята прынцыповае рашэнне па вызваленні прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі ад няпрофільных актываў у 2018 годзе, нягледзячы на тыя спрэчкі, якія разгарнуліся пры падрыхтоўцы да гэтага семінара», — адзначыў Аляксандр Церахаў.

Ён падкрэсліў, што зніжэнне затрат — стратэгічны напрамак работы галіны, яно датычыцца кожнага рабочага месца, тэхналагічнага ўчастка, арганізацыі, рэгіёна. «Мы бачым рэзервы і не спыняемся на дасягнутым. Нараўне са зніжэннем страт накладных выдаткаў, аптымізацыяй колькасці і павышэннем эфектыўнасці цеплазабеспячэння затраты будуць зніжаны і за кошт прыняцця з 1 студзеня 2018 года такіх рашэнняў, як зніжэнне тарыфаў на электрычную энергію для арганізацый ЖКГ пры аказанні паслуг насельніцтву, адмена павышаючых каэфіцыентаў да падаткаў на зямлю і нерухомую маёмасць», — расказаў міністр.

Аляксандр Церахаў канстатаваў, што жыллёвы фонд рэспублікі, пабудаваны да 1996 года, характарызуецца высокім спажываннем цяпла, што з’яўляецца стрымальным фактарам пры прыняцці рашэнняў аб павышэнні тарыфаў на цеплавую энергію. «Намі вывучаны станоўчы вопыт замежных дзяржаў, адаптаваны да нашай рэчаіснасці, і мы гатовы прапанаваць механізм вырашэння праблемы. Прапануецца рэалізаваць падыход уключэння ўласнікаў жыллёвага фонду, а іх у нас амаль 94 працэнты, у фінансаванне гэтых мерапрыемстваў з аказаннем дзяржаўнай падтрымкі. Эфект будзе як для чалавека, так і для дзяржавы», — растлумачыў міністр. Паводле яго слоў, крыніцамі фінансавання з боку дзяржавы могуць быць сродкі, якія паступаюць ад прыватызацыі жыллёвага фонду, а таксама сродкі міжнародных фінансавых арганізацый.

Адносна замены ліфтаў Аляксандр Церахаў расказаў, што ў бліжэйшы час неабходна замяніць не менш як 10 тыс. адзінак ліфтавага абсталявання. «Прапрацавана пытанне прыцягнення сродкаў беларускіх банкаў з мінімальнай працэнтнай стаўкай на працяглы тэрмін пад умовы, якія забяспечваюць баланс інтарэсаў дзяржавы і насельніцтва. Лічу, што мэтазгодна замену ліфтаў праводзіць праз фарміраванне дзяржзаказу з вызначэннем аптымальнай цаны, прадаўжэннем гарантыйнага тэрміну не менш як да 5 гадоў і павышэння эксплуатацыйнай надзейнасці. Адпаведны праект нарматыўнага прававога акта падрыхтаваны», — канстатаваў ён.

БелТА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *