Тэма тыдня: аб рабоце эканомікі і праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год

Общество Тема недели

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур і прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў (злева направа)
Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур і прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў (злева направа)

Лукашэнка: у эканоміцы намеціўся рост, але падстаў для самазаспакоенасці няма

У беларускай эканоміцы ў 2017 годзе намеціўся некаторы рост, але падстаў для самазаспакоенасці няма, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на дакладзе ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2017 года, ацэнцы вынікаў года і праектах прагнозу бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што 2018 год будзе асаблівым. Трэба будзе пераадолець адставанне, дапушчанае ў 2016 годзе, і выйсці на траекторыю пяцігадовай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця.

«У гэтым годзе намеціўся некаторы рост эканомікі, ёсць пазітыўныя зрухі ў яе ключавых галінах. Унутраны валютны рынак устойлівы. Сальда знешняга гандлю дадатнае. Мы нарасцілі золатавалютныя рэзервы, аднаўляем аб’ёмы экспарту. Тым не менш падстаў для самазаспакоенасці быць не можа. Эканоміка за 2015-2016 гады страціла 6 працэнтаў. У гэтым годзе адыгралі толькі 2 працэнты, што яўна недастаткова», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, узнікае заканамернае пытанне: чаму пры росце ВУП няма запланаванага павелічэння даходаў насельніцтва? «Я не настойваю на тым, каб гэта быў завоблачны рост — прымальны рост, і ён вызначаны. Нават за два гады мы не аднавілі ўзровень, які быў у канцы мінулай пяцігодкі. Ды і з выкананнем майго даручэння па дасягненні сярэдняй заработнай платы ў памеры тысячы рублёў шмат пытанняў і праблем. У сувязі з гэтым што мы маем у гэтай частцы на 2018 год?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно важнае пытанне — занятасць насельніцтва. Тут, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, таксама не ўсё добра. «Урад дакладвае пра 50 тыс. новых рабочых месц, але ў той жа час, як канстатуюць статыстыкі, колькасць звольненых перасягнула колькасць прынятых на работу на 43 тыс. чалавек — два сярэднія раёны Беларусі. Колькасць занятых у эканоміцы павінна расці. Без гэтага расказваць пра макрастабільнасць сэнсу няма», — падкрэсліў Прэзідэнт.

На нарадзе абмяркоўваюцца важнейшыя дакументы дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, якія вызначаць развіццё краіны ў будучым годзе. У прыватнасці, Саветам Міністраў адобраны і ўнесены на разгляд праекты ўказаў аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2018 год і асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі рэспублікі на 2018 год, законапраект аб рэспубліканскім бюджэце на 2018 год.

Як далажыў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на будучы год сфарміраваны зыходзячы з неабходнасці вырашэння ключавой задачы па забеспячэнні макраэканамічнай і сацыяльнай стабільнасці пры больш актыўным уплыве ўнутранага попыту на эканамічны рост.

Лукашэнка: прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2018 год павінен быць рэалістычным, але напружаным

«Чакаю актыўнага абмеркавання актуальных пытанняў і канкрэтных прапаноў па ключавых сферах жыцця краіны. Прагноз павінен быць рэалістычным, але выключна напружаным», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага банка, у бягучым годзе ў Беларусі будзе самы нізкі ўзровень інфляцыі за ўсю гісторыю незалежнасці. «6 працэнтаў па выніках 2017 года — цудоўна. Аднак у планах на 2018-ы прадугледжана павялічыць яе да 7 працэнтаў. Якія падставы для гэтага? Мы гаворым аб інфляцыйных чаканнях, але ў той жа час самі падганяем іх», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнта насцярожвае сітуацыя ў сферы інвестыцый. «Паводле маёй інфармацыі, на наступны год іх запланавана аж 65 працэнтаў ад узроўню 2011 года. Гэтага вельмі недастаткова для простага падтрымання канкурэнтаздольнасці эканомікі. Калі няма ўласных капіталаў, трэба шукаць і прыцягваць інвестараў. Дарэчы, яны таксама ёсць. І крэдыты прымальныя ёсць. Але дзіўна — праектаў няма. Вось і ўсё менеджарства», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бюджэт павінен служыць мэтам сацыяльнай палітыкі.

«Чаму бюджэт ператвораны ў кастыль для кульгаючых прадпрыемстваў? І паток прапаноў ад урада па вырабе гэтых кастылёў на ўзровень Прэзідэнта не спыняецца. Насцярожвае праблема даўгоў у рэальным сектары. Доля праблемных актываў высокая. Як на гэта глядзяць урад, Нацыянальны банк? Ці гэта зноў будзе перакладзена на бюджэт краіны? Большасць мер, што прымаюцца, пакуль маюць касметычны характар. А патрэбны сістэмныя рашэнні», — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка: улада павінна пранікнуцца пачуццём, што кожны чалавек павінен мець магчымасць працаваць

«Я адчуваю і бачу сітуацыю: чалавек сёння гатовы любую работу выконваць. Так, ёсць 10 працэнтаў на ўліку ў Шуневіча і іншых, з імі мы працуем па-свойму, прытым жорстка працуем. Але тым, хто хоча працаваць, трэба дапамагчы ўладкавацца і заплаціць, — паставіў задачу Прэзідэнт. — Таму давайце пачынаць працаваць».

Акрамя таго, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, людзі павінны не толькі мець работу, але і добра зарабляць. Ён нагадаў аб сваім даручэнні выйсці да канца 2017 года на сярэдні ўзровень зарплаты ў краіне ў памеры Br1 тыс. «Іншага вы і вымаўляць не павінны. У адваротным выпадку гэта дорага абыдзецца ўраду», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дапусціў, што ў пачатку 2018 года будзе больш выхадных, адпаведна, людзі будуць менш працаваць і могуць атрымаць зарплату крыху ніжэйшую за плануемы ўзровень. «А далей, другі, трэці, чацвёрты кварталы, мы павінны перасягаць ужо Br1 тыс. хоць крыху», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Павысіць жа сярэдні ўзровень даходаў у краіне неабходна ў першую чаргу за кошт павелічэння памеру зарплаты тым катэгорыям грамадзян, у якіх яна была ніжэйшая за сярэдняе значэнне, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Вось вам задача. І барані вас бог гэту задачу не выконваць, — заявіў Прэзідэнт. — У нас вызначана заданне. Не будзе выканана — галавой адкажаце».

«Пачынайце рэалізоўваць тое, што я вам гавару. Не можаце, не хочаце — ідзіце. Вы для таго і ёсць, каб выканаць гэтыя даручэнні. Тым больш я не патрабую чагосьці незвычайнага. Я патрабую больш-менш забяспечыць людзей. Гэта задача дзяржаўнай улады», — падкрэсліў ён.

Як далажыў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, за дзевяць месяцаў 2017 года ў краіне створана практычна 50 тыс. рабочых месц, у тым ліку 48 тыс. — на наваствораных прадпрыемствах. «Урад для сябе ў пачатку года вызначыў больш напружаную задачу — 70 тыс., у рэалізацыі якой ёсць адставанне. Па 9 месяцах адстаём на 2,5 тыс.», — сказаў Андрэй Кабякоў.

Ён канстатаваў, што разам з тым колькасць фактычна занятых у эканоміцы за гэты ж час знізілася на 54 тыс. чалавек. Але пры гэтым, згодна са статыстыкай, на 25,5 тыс. змяншалася і колькасць насельніцтва працаздольнага ўзросту, таксама на 28,5 тыс. зменшылася колькасць працуючых пенсіянераў. «Гэта значыць, прыблізны баланс», — заўважыў кіраўнік урада.

У сваю чаргу старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева падкрэсліла, што сітуацыя ў сферы занятасці застаецца няпростай. Гэта пацвярджае і праведзены ў Маладзечне пробны перапіс насельніцтва. Магчыма, гэта тлумачыцца асаблівасцямі раёна.

Тое, што пытанне працаўладкавання хвалюе грамадзян рэспублікі, пацвердзіла і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава.

«Мы бачым, што сёння гэта асноўнае пытанне, якое хвалюе жыхароў нашай краіны. У розных рэгіёнах сітуацыя розная, але яна сапраўды мае месца і самазаспакойвацца тут нельга», — пераканана яна.

Закранаючы выкананне даручэнняў аб павышэнні заработнай платы, Андрэй Кабякоў адзначыў, што па выніках студзеня-верасня рэальная заработная плата ў цэлым па эканоміцы прырасла да ўзроўню мінулага года на 3,8 працэнта, што крыху вышэй, чым рост прадукцыйнасці працы. «Гэта не вельмі добра. Але не трэба рабіць трагедыю — гэта цалкам чакана і вытлумачальна. Такія суадносіны склаліся выключна з улікам прынятых рашэнняў па павелічэнні заработнай платы ў дзяржкіраванні і бюджэтнай сферы», — растлумачыў прэм’ер-міністр.

У рэальным сектары рост прадукцыйнасці працы перавышае рост заработнай платы на 1 працэнт. Намінальная заработная плата ў верасні ў параўнанні са студзенем павялічылася на Br110 да Br831, або на 15 працэнтаў. «У бюджэтных арганізацыях пасля прынятых рашэнняў намінальная зарплата вырасла на 13 працэнтаў. Ёсць адставанне ад графіка па дасягненні да канца года сярэдняй зарплаты ў памеры Br1 тыс. Па студзені-верасні такое адставанне склала Br25,4, або 3,1 працэнта», — праінфармаваў Андрэй Кабякоў.

Лукашэнка даручыў падрыхтаваць да 20 снежня канчатковы варыянт праекта бюджэту на 2018 год

У цэлым Прэзідэнт станоўча ацаніў праект бюджэту. «Усё падлічана нармальна. У асноўным усё правільна сказана. Але саскочце з верхатуры на зямлю. Людзі хочуць нармальна жыць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў знасці сродкі, каб падтрымаць бюджэтных работнікаў і сацыяльна слабаабароненыя слаі насельніцтва.

У якасці асноўных параметраў для разліку праекта бюджэту на 2018 год прыняты кансерватыўны сцэнарый знешніх умоў, пры якім тэмп росту ВУП Беларусі — 101,2 працэнта, сярэднегадавыя параметры: інфляцыя — 107,4 працэнта, стаўка рэфінансавання — 11 працэнтаў гадавых, цана на нафту — $43 за бараль, курс долара — Br2,038 і 62,3 расійскага рубля.

Аб’ём даходаў рэспубліканскага бюджэту прагназуецца ў суме Br20,5 млрд, або 107,5-107,8 працэнта да ацэнкі даходаў 2017 года. Расходы запланаваны ў суме Br19,8 млрд, што складае амаль 107 працэнтаў да ацэнкі 2017 года. Прафіцыт рэспубліканскага бюджэту сфарміраваны ў суме Br718,3 млн (0,64 працэнта ВУП) і будзе накіраваны на пагашэнне часткі дзяржаўнага доўгу.

Прыярытэтнымі задачамі пры фарміраванні праекта бюджэту на 2018 год з’яўляюцца своечасовыя і ў поўным аб’ёме выплаты па знешніх дзяржаўных абавязацельствах без нарошчвання доўгу, а таксама забеспячэнне ў поўным аб’ёме ўсіх расходаў па сацыяльных выплатах і заработнай плаце ў бюджэтным сектары і сферы дзяржаўнага кіравання, захаванне не ніжэйшай за 2017 год дзяржаўнай падтрымкі экспарту тавараў беларускай вытворчасці.

Асаблівасцю праекта прагнозу на 2018 год з’яўляецца аднаўленне ўнутранага попыту — Кабякоў

«Адметнай асаблівасцю праекта прагнозу з’яўляецца максімальнае задзейнічанне існуючых рэсурсаў і збалансаванае аднаўленне ўнутранага попыту. Рост эканомікі ў аднолькавай ступені будзе забяспечвацца як за кошт унутранага, так і знешняга попыту. Асноўнае патрабаванне — яго нарошчванне без нагрузкі на плацежны баланс суразмерна з укладам знешніх фактараў у рост эканомікі», — сказаў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, у аснову праекта прагнозу пакладзены два сцэнарыі развіцця: «Першы — мэтавы, які ў асноўным забяспечвае выхад на траекторыю росту эканомікі, прадугледжаную пяцігадовай праграмай. Другі — кансерватыўны, на базе якога разлічаны праект бюджэту». Андрэй Кабякоў канстатаваў, што пры мэтавым сцэнарыі цана нафты прагназуецца на ўзроўні $45,9 за бараль, курс расійскага рубля — 60,5 за долар, тэмп росту расійскай эканомікі — 101,7 працэнта, кошт калійных угнаенняў — $205 за т.

У адпаведнасці з праектам прагнозу, тэмп росту ВУП у 2018 годзе складзе 103,4 працэнта, тэмп росту прадукцыйнасці працы — 102,8 працэнта, тэмп росту экспарту тавараў і паслуг — 106 працэнтаў. Сальда знешняга гандлю таварамі плануецца на ўзроўні «мінус» $33,4 млн, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове — $1,45 млрд. «Рэальна наяўныя грашовыя даходы насельніцтва павялічацца на 3,2 працэнта. Будзем утрымліваць індэкс інфляцыі на ўзроўні не вышэйшым за 107 працэнтаў», — сказаў Андрэй Кабякоў.

Асноўны ўклад у рост ВУП забяспечыць прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва, гандаль, транспарт, інфарматызацыя і сувязь.

Праектам прагнозу запланавана пабудаваць 3,5 млн кв.м жылля.

Еўразійскія структуры павінны абараняць вытворцаў у адпаведнасці з дагаворам аб ЕАЭС — Мясніковіч

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч на дакладзе Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2017 года, ацэнцы вынікаў года і праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год.

«Лічу, з нашага боку недастатковае запатрабаванне з інтэграцыйных структур і добра матываваных службовых асоб, якія там знаходзяцца. Мы перадалі пытанні тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання, зацвердзілі Мытны кодэкс ЕАЭС. Г.зн. сёння важныя пытанні эканамічнай незалежнасці мы не можам вырашаць самастойна. Каб кампенсаваць гэту суверэнную функцыю, якая выпадае, стварылі ЕЭК, Пастаянны камітэт, іншыя органы. З бяздзейнасцю гэтых арганізацый, лічу, мірыцца нельга», — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

У прыклад ён прывёў работу наднацыянальных органаў у Еўрапейскім саюзе.

Еўразійскія структуры павінны абараняць беларускага вытворцу строга ў адпаведнасці з нормамі ратыфікаванага дагавора аб ЕАЭС», — адзначыў спікер.

Мы, у Савеце Рэспублікі, звяртаем увагу на гэтыя недахопы, а яны гавораць, што не хапае паўнамоцтваў. Але наколькі я ведаю, ні разу ніхто з іх не выйшаў з аргументаванай прапановай па дадатковым надзяленні такімі функцыямі», — працягнуў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што работа па абароне інтарэсаў дзяржаў — членаў ЕАЭС павінна праводзіцца на ўзроўні адпаведных наднацыянальных структур, а вырашэнне спрэчных пытанняў не павінна аддавацца на водкуп кіраўнікам дзяржаў. «Спачатку трэба прымусіць працаваць тое, што ёсць. І дабіцца ад іх эфектыўнасці. Усе павінны быць пастаянна ў кантакце са сваімі калегамі», — сказаў Прэзідэнт.

Аблвыканкамам плануюць прадаставіць большую свабоду ў распараджэнні мясцовымі бюджэтамі

Аблвыканкамам плануюць прадаставіць большую свабоду ў распараджэнні сродкамі мясцовых бюджэтаў. Гэта пытанне абмяркоўвалася на нарадзе ў Прэзідэнта.

«Няхай яны самі распараджаюцца сваімі сродкамі і нясуць адказнасць. Мы вызначылі прынцыпы, па якіх фарміруюцца мясцовыя бюджэты, яны пагадзіліся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што мясцовым органам улады лепш відаць, якім прадпрыемствам, у якім аб’ёме і чым неабходна дапамагаць у першую чаргу. «Калі чагосьці не хапае, падыход адзін: ёсць абласны бюджэт, ёсць губернатар і абласны Савет, вось няхай яны яго там фарміруюць і дзеляць. А Камітэт дзяржкантролю праверыць рэалізацыю», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *