У Мікулічах здаўна 21 лістапада святкуюць Міхайла

Грамадства

litaratura

У нашых продкаў было шмат святаў, звязаных з важнымі падзеямі ў жыцці чалавека. Яны былі падпарадкаваны гадавому кругазвароту Зямлі вакол Сонца, які даваў веснавы росквіт прыродзе і замарожваў яго надоўга восенню, каб потым зноў адрадзіць. Так утварылася кола святаў і абрадаў беларускага народа. І ўсе яны былі невыпадковымі – кожнаму святу надавалася вялікае значэнне.

У Мікулічах здаўна 21 лістапада святкуюць Міхайла. У гэты дзень вернікі ўспамінаюць усіх анёлаў і архангела Міхаіла, які стаіць на чале. Яго лічаць пераможцам злых духаў, якія з’яўляюцца крыніцай хвароб, таму многія ў гэты дзень моляцца Міхаілу аб вылячэнні, умацаванні сіл, вызваленні ад смутку. Існавала меркаванне, што на чалавека, які носіць гэтае імя, ускладаюцца адмысловыя надзеі на свайго заступніка. Ён першым чынам адораны ўменнем абараняць ад цемры людскія душы. Народжанаму ў гэты дзень нябеснымі сіламі падаравана моцнае здароўе, устойлівасць на жыццёвым шляху.

Цікава, што менавіта 21 лістапада ўнукі наведвалі сваіх бабуль, якія іх шчодра адорвалі прысмакамі. У вёску, дзе адзначалася гэтае свята, прыязджалі і прыходзілі ў госці да сваякоў.

Сталы заўсёды былі застаўлены рознымі прысмакамі. Госці хадзілі ад хаты да хаты, елі, пілі і спявалі, усхвалялі святога Міхаіла, жадалі гаспадарам толькі дабрабыту.
У гэты дзень нельга было сварыцца і крыўдзіцца, каб не раззлаваць Міхайла. Існавалі таксама і розныя прыкметы і павер’і ў гэты дзень: калі дождж, то будзе мокра да Міколы (19 снежня), калі іней ‒ да вялікага снега ў снежні, калі туман, то снежань чакаецца цёплы. Калі лужыны замерзлі і невялікія вадаёмы пакрыліся лёдам, то снежань выдасца халодны. На Міхайла дамашнюю жывёліну пераводзяць на зімовы корм.

У Мікуліцкай сярэдняй школе ўдзельнікі заняткаў па інтарэсах “Размаўляем па-беларуску” паспрабавалі адрадзіць і паказаць традыцыі святкавання Міхайлы. На гэтае мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Брагінскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны крыж”. Госці змаглі паглядзець інсцэніроўку свята, а таксама прадэгуставаць некаторыя стравы нацыянальнай кухні.

Такім чынам мы ставілі на мэце абудзіць цікавасць у падрастаючага пакалення да свайго мінулага, здабыткаў нашых продкаў і духоўнай культуры. На сучасным этапе вельмі важна, каб дзеці змаглі не толькі запомніць, захаваць, але і працягваць традыцыі беларускага народа, услаўлаўляючы яго неўміручы талент.

Аксана ПЕЎНЯВЕЦ,

кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Размаўляем па-беларуску”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *