Камарын: сяброўства з «Маяком Палесся» працягваецца

Грамадства

0000_3087

У аддзяленні паштовай сувязі Камарына заўсёды шматлюдна. Як растлумачыла начальнік Валянціна Вашчанка, людзі прыходзяць сюды, каб аплаціць камунальныя, паштовыя паслугі, аформіць падпіску, прыдбаць неабходныя тавары. Мабільнікі ёсць амаль ва ўсіх, а вось магчымасць самастойна папоўніць баланс, “пакласці” на тэлефон, як прынята гаварыць, не. Робяць гэта на пошце з дапамогай аператара Таццяны Шуцяк.

Валянціна Вашчанка
Валянціна Вашчанка
Таццяна Шуцяк
Таццяна Шуцяк

Валянціна Уладзіміраўна працуе тут з 1986 года. Спачатку была намеснікам начальніка, а 16 год таму ўзначаліла невялікі калектыў. Паштальёны Алена Казлова і Людміла Езянок удваіх паспяваюць своечасова даставіць камарынцам газеты і часопісы, пенсіі. У летнія месяцы (каму патрэбна ці цяжка дабрацца да гандлёвай кропкі) – яшчэ цукар і алей.

Алена Казлова
Алена Казлова
Людміла Езянок
Людміла Езянок

Атрымальнікаў пенсій у кожнай – па 200 чалавек. Больш за 100 экзэмпляраў “Маяка Палесся” прыносяць яны сваім падпісчыкам па пятніцах. Алена Мікалаеўна, якая, дарэчы, занята ў галіне сувязі таксама немалы тэрмін, называе прозвішчы паважаных у пасёлку людзей, якія сябруюць з мясцовым выданнем даўно. Гэта Валянцін Койдан, Пётр Гардзіенка, Кацярына Злабенка, Васіль Прымак і іншыя. Вялікі дзякуй ім за падтрымку і цікавасць да газеты.

Са студзеня 2018-га “Маяк Палесся” зноў будзе прыходзіць у дом ветэрана працы Марыі Пінчук, якая клапоціцца аб выхаванні і духоўным развіцці ўнучак і выпісвае ім дзіцячыя часопісы. Пасля кароткага перапынку сувязь Марыі Фёдараўны з раёнкай адновіцца. А ў маладой маці Вольгі Малочкі яна і не перарывалася. Жанчына прыйшла спецыяльна, каб выпісаць любімыя выданні на 2018 год. “Маяк Палесся” – у іх ліку. Пажадаем жа ёй, а таксама дзевяцімесячнай дачушцы Вікторыі моцнага здароўя і ўсіх зямных даброт.

Марыя Пінчук
Марыя Пінчук
Вольга Малочка з дачкой
Вольга Малочка з дачкой

План тавараабароту паштавікі Камарына выконваюць, а гэта – ад 1500 да 1800 рублёў у месяц. Паспяхова праводзяць яны і падпісныя кампаніі.

0000_3084

Сваім наведвальнікам зараз прапануюць навагоднія сувеніры, падарункі ад Дзеда Мароза, якія адправяцца ў розныя куткі краіны па пошце. Работнікі аддзялення сувязі добразычлівыя, шчырыя, з імі прыемна размаўляць, бо адчуваецца, што ўсе любяць сваю справу, паважаюць людзей, дзеля якіх працуюць, стараюцца быць для кожнага карыснымі і патрэбнымі. Удачы ўсім!

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *