Прадаўшчыца Алена Лявоненка з Галак рада кожнаму пакупніку

Общество

Prodavec_sait

Толькі пераступілі парог вясковага магазіна ў Галках – і адразу акунуліся ў атмасферу добразычлівасці і сардэчнасці, якая ўстанаўліваецца паміж прадаўцом і пакупніком у такіх вось гандлёвых кропках (на жаль, сённяшнім супермаркетам яна не ўласціва). Тут рады кожнаму, хто зайшоў. У невялікай гандлёвай зале ўсё проста і ў той жа час міла. Упрыгожаныя цацкамі сасновыя галінкі нагадваюць аб набліжэнні навагодняга свята. Для мясцовых жыхароў магазін, які размясціўся ў звычайным доме з пячным ацяпленнем – святло ў акне, месца, куды яны прыходзяць з задавальненнем. І не толькі за таварамі, але і каб пагутарыць з маладой сімпатычнай прадаўшчыцай Аленай Лявоненкай, абмяняцца думкамі, навінамі, абмеркаваць серыял. Яна для іх – як родная дачка. Гэта без перабольшвання. Відаць, таму, што нарадзілася і вырасла ў Галках і нікуды пасля школы не паехала, а яшчэ – з прычыны характару маладой жанчыны, шчырай і адкрытай.

Алена Іванаўна клапо-ціцца, каб выбар тавараў тут быў разнастайны. Запыты пакупнікоў стараецца задавальняць. Дастаткова каму-небудзь з аднавяскоўцаў сказаць, што патрэбна тая або іншая рэч, як яе адразу ж прывязуць.
Бывае, некаторым прадукты дастаўляе на дом. У вёсцы засталіся ў асноўным пенсіянеры, якія звязваюцца з Аленай Іванаўнай па мабільнай сувязі і выказваюць сваю просьбу. Занесці ім хлеб або малако, пабачыцца, даведацца, як справы, здароўе для прадаўшчыцы – у радасць. Людзі яе паважаюць і любяць, нават думкі не дапускаюць, што гандлёвую кропку ў неперспектыўнай вёсцы могуць закрыць, і хочуць бачыць Алену Іванаўну сваім дэпутатам.

У летні час Галкі ажываюць. Побач – Днепр, які вабіць да сябе аматараў рыбнай лоўлі, турыстаў. Мясціны вакол населенага пункта маляўнічыя, а ў лясах у спрыяльны год шмат грыбоў, ягад. Не ўсе беларусы імкнуцца за мяжу ў папулярныя курортныя гарады, камусьці бліжэй да сэрца родныя прасторы і адпачынак на ўлонні прыроды ў выхадныя дні. Больш мнагалюдна становіцца ў такі час і ў магазіне.

Многія здзіўляюцца, як можна жыць у вёсцы, дзе няма ўстановы культуры, пошты, школы, чым можна заняцца ў вольны ад работы час. Перад Аленай Іванаўнай такое пытанне не стаіць, яна – заўзяты рыбалоў-аматар і грыбнік. Прызналася, што не можа дачакацца заканчэння рабочага дня, каб хутчэй пабегчы ў лес. Сёлета было шмат грыбоў, браць якія наша гераіня – майстрыха. Дары лесу не заўсёды трапляюць на яе стол. Па дарозе дзеліцца імі з суседзямі, знаёмымі, адсыпае з кошыка не шкадуючы. Хапае і сабе, і добрым людзям. Цікава расказвае і пра рыбную лоўлю, сакрэты якой таксама спасцігла.

Не дзіўна, што горад яе не вабіць, ды ці можна прамяняць хараство прыроды і прастор палёў на гарадскі тлум? Закончыўшы школу, адразу пайшла працаваць у магазін в. Вялле. Першай настаўніцай і дарадцай для Алены стала Марыя Хмелянок, якая навучыла ўсяму, што ведала сама. Спачатку маладая прадаўшчыца падмяніла водпуск Марыі Пятроўны, а потым стала працаваць у Галках самастойна. Так доўжыцца з 1996 года і па сёння.

Ад душы хочацца пажадаць Алене Іванаўне шчасця і радасці, поспехаў і ўдачы. Няхай у новым 2018-м годзе ўсё складзецца найлепшым чынам. І ў асабістым жыцці, і ў працы.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий