Тэма тыдня: ІІ З’езд вучоных Беларусі

Тема недели

belta

ІІ З’езд вучоных Беларусі прайшоў 12-13 снежня ў Мінску. У ім прынялі ўдзел 2,6 тыс. чалавек, у тым ліку замежныя госці — вядомыя вучоныя Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых замежных акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў.

У першы дзень работы з’езда дэлегаты і запрошаныя працавалі па дзевяці секцыях, прысвечаных асноўным напрамкам развіцця навукі і міжнароднаму супрацоўніцтву. Пленарнае пасяджэнне прайшло 13 снежня. На месцы яго правядзення адкрылася абагульненая міжведамасная выстаўка пад лозунгам «Беларусь інтэлектуальная», якая складалася з васьмі кластараў, звязаных з прыярытэтамі развіцця краіны: Беларусь як IT-краіна і тэхналогіі штучнага інтэлекту, электратранспарт, электроніка, нанаіндустрыя і адытыўная вытворчасць, касмічныя тэхналогіі, беспілотныя рабатызаваныя тэхналогіі, біятэхналогіі і фармацэўтыка, прамысловыя тэхналогіі і новыя матэрыялы. Будзе прадстаўлены беларускі персанальны суперкамп’ютар, электрамабіль, электравеласіпед і іх кампаненты, беспілотнікі, сонечныя элементы, разумныя ніткі для лёгкай прамысловасці, прадэманстраваны магчымасці 3D-друку з розных матэрыялаў, паказаны вынікі работы Беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і спадарожніка сувязі «Белінтэрсат-1».

У час з’езда прэзентавана ўнікальнае выданне — кніга «Вучоныя, якія праславілі Беларусь». У ёй расказваецца пра больш як 150 выдатных дзеячаў беларускай навукі. Кніга была падрыхтавана і выдадзена ў Год навукі.

Ключавым дакументам, які вынесены на II З’езд вучоных Беларусі, стаў праект стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018-2040». Цяпер гэты праект праходзіць грамадскае абмеркаванне. У стратэгіі вызначаны прыярытэты доўгатэрміновага развіцця навукі і тэхналогій, а таксама комплекс інструментаў удасканалення навукова-тэхнічнай сферы, якія забяспечаць новую якасць эканамічнага росту Беларусі і выхад у перспектыве на сусветны ўзровень па шэрагу напрамкаў. Стратэгія распрацавана вучонымі НАН Беларусі з улікам заўваг і прапаноў, што паступілі ад органаў дзяржкіравання, рабочых груп і асобных вучоных. Мяркуецца, што дзякуючы рэалізацыі стратэгіі да 2040 года навукаёмістасць ВУП павінна скласці 3 працэнты, доля прарыўных навуковых даследаванняў і распрацовак — 30 працэнтаў у агульным аб’ёме, доля высокатэхналагічных сектараў у структуры эканомікі — 10 працэнтаў. У агульным аб’ёме вытворчасці прампрадпрыемстваў 25 працэнтаў будзе займаць інавацыйная прадукцыя.

Правядзенне з’езда — падагульняючае мерапрыемства Года навукі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пленарным пасяджэнні ІІ З’езда вучоных Рэспублікі Беларусь.

Лукашэнка: у Беларусі за пяць гадоў выпуск навукова-тэхнічнай і інавацыйнай прадукцыі ўзрос больш як у два разы

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на ІІ З’ездзе вучоных.

Вітаючы ўдзельнікаў вышэйшага інтэлектуальнага форуму краіны, кіраўнік дзяржавы сказаў, што такія мерапрыемствы павінны праводзіцца часцей, паколькі перад Беларуссю стаяць амбіцыйныя мэты, рэалізаваць якія без навукі немагчыма. «У сучасным свеце навука — важнейшы фактар прагрэсу. Мы гэта добра разумеем, менавіта таму пастаянна ўдзяляем увагу дынамічнаму развіццю гэтай сферы. 10 гадоў таму на I З’ездзе вучоных прадстаўнікі навуковай супольнасці краіны ўпершыню сабраліся разам, каб абмеркаваць стан, надзённыя праблемы айчыннай навукі, намеціць шляхі развіцця, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Ужо тады магістральным напрамкам мы вызначылі яе прыкладны характар. На гэта былі нацэлены як акадэмічныя, галіновыя, так і вузаўскія навуковыя структуры».

На думку Аляксандра Лукашэнкі, за дзесяцігоддзе зроблена нямала і эфектыўныя беларускія распрацоўкі атрымалі шырокае прызнанне.

Зроблены крокі па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы навукова-інавацыйнай дзейнасці. Рэалізаваны мерапрыемствы па паглыбленні ўзаемадзеяння навукі з арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы. Выбудавана сістэма падтрымкі таленавітай моладзі.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што ў беларускім грамадстве назапашаны значны навуковы кадравы рэсурс.

Сёння больш як 25 тыс. супрацоўнікаў выконваюць навуковыя даследаванні і распрацоўкі, у тым ліку амаль 8 тыс. чалавек працуюць у Нацыянальнай акадэміі навук. Словам, салідная армія, якой пад сілу вырашаць самыя адказныя і складаныя задачы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што менавіта навуковае асяроддзе фарміруе эліту беларускага грамадства, як і ў любой іншай дзяржаве: «Вы, вучоныя, без перабольшання, уяўляеце сабой інтэлектуальны цвет нацыі. І калі вам пакараюцца новыя вяршыні, я як кіраўнік дзяржавы шчыра радуюся гэтаму. Нам ёсць чым ганарыцца. У Беларусі працуюць вучоныя з сусветнымі імёнамі. Ваш талент, невычэрпная энергія, вопыт і веды служаць на карысць беларускага народа і нашай маладой суверэннай дзяржавы».

Лукашэнка: беларускія акадэмічныя арганізацыі выконваюць экспартныя кантракты амаль з 60 краінамі

«У фундаментальнай навуцы даследаванні нашых вучоных у галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, матэрыялазнаўства з часам становяцца асновай стварэння новых тэхналогій, вытворчасцей і цэлых галін эканомікі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Так, дзякуючы выкарыстанню перадавых ведаў створаны беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і сістэма мікраспадарожнікавай сувязі. У адкрытым акцыянерным таварыстве «Пеленг» асвоілі мэтавую спадарожнікавую апаратуру з распазнаваннем дакладней за адзін метр. «Інтэграл» наладзіў выпуск новых электронных кампанентаў для эксплуатацыі ў космасе».

Усё гэта садзейнічала таму, што Беларусь прынята ў члены Камітэта ААН па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах, перакананы Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў 2018 годзе даверана правядзенне ў Мінску 31-га Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта вялікі гонар для краіны.

Пытанне харчовай бяспекі вырашана з апорай на новыя айчынныя тэхналогіі — Лукашэнка

«Мы сталі не толькі самадастатковай у гэтых адносінах, але і экспартна арыентаванай краінай (доля экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў аб’ёме экспарту тавараў у 2016 годзе склала 17,7 працэнта), — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — За 10 гадоў вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічылася на 30 працэнтаў. Гэта дасягнута дзякуючы істотнаму абнаўленню матэрыяльна-тэхнічнай базы, пераходу на сучасныя тэхналогіі вытворчасці і прымяненню найноўшых навукова-тэхнічных распрацовак».

Паводле ацэнкі Прэзідэнта, радуюць вынікі работы беларускіх вучоных-медыкаў і фармацэўтаў. Толькі ў 2016 годзе ўкаранёны ў практыку больш за 250 новых медыцынскіх тэхналогій у такіх важных галінах, як кардыялогія, траўматалогія, анкалогія, ахова мацярынства і дзяцінства. Беларусь знаходзіцца ў ліку сусветных лідараў у галіне транспланталогіі.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што рэалізуемыя ў айчыннай ахове здароўя навуковыя падыходы, несумненна, уплываюць на дэмаграфічную бяспеку дзяржавы. Пачынаючы з 2007 года зніжаецца дзіцячая смяротнасць і павышаецца працягласць жыцця беларусаў.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што да гэтага часу доля айчынных лекавых сродкаў на рынку краіны ў вартасным выражэнні дасягнула больш як 56 працэнтаў, а ўдзельная вага экспарту лякарстваў у агульным аб’ёме вытворчасці — 27 працэнтаў, некалькі гадоў таму было менш за 20 працэнтаў уласных лякарстваў.

Лукашэнка нацэльвае інтэлектуальную эліту на вырашэнне найбольш актуальных праблем

На думку Прэзідэнта, нязменнай з’яўляецца галоўная задача — павышэнне навукова-тэхнічнага патэнцыялу краіны і паскарэнне ўкаранення ў рэальны сектар эканомікі распрацовак вучоных. «Менавіта таму было прынята рашэнне аб’явіць 2017 год Годам навукі. Паводле задумы, гэта павінна было актывізаваць навуковую супольнасць і надаць большую дынаміку інавацыйнаму развіццю. Цяпер мы можам аб’ектыўна і ўсебакова ацаніць вынікі, рэальны стан спраў у навуцы і прыняць ключавыя рашэнні па павышэнні яе эфектыўнасці», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён запэўніў, што з заканчэннем 2017 года не знізіцца ўвага дзяржавы да пытанняў эфектыўнасці навуковай дзейнасці.

«Наадварот, гэты год павінен стаць новым пунктам адліку і стымулам нарошчвання інавацыйнага патэнцыялу і пранікнення навукі ва ўсе сферы жыцця грамадства. З гэтай мэтай і сабраўся наш форум, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. — Навуковы патэнцыял Беларусі ўяўляе сабой магутную прадукцыйную сілу грамадства. Дасягнуты безумоўныя поспехі, на некаторыя з іх я ўжо звярнуў вашу ўвагу».

Прэзідэнт нагадаў, што ў красавіку гэтага года даручыў кіраўніцтву Нацыянальнай акадэміі навук і ўраду максімальна вырашыць праблемныя пытанні навуковай дзейнасці, уключаючы сістэму фінансавання, аплату працы вучоных, стымулюючыя фактары і іншыя. «Спадзяюся, што гэта надасць новы імпульс вашай рабоце. Паколькі задачы наперадзе вельмі адказныя», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з гэтым Прэзідэнт выказаў нездаволенасць тым, што не ўсё з намечанага першым з’ездам удалося выканаць. Таму сёння трэба вельмі ўважліва прааналізаваць тыя праблемы, якія да гэтага часу не вырашаны.

Лукашэнка лічыць недастатковай дынаміку развіцця высокатэхналагічных вытворчасцей

«За апошнія гады доля высокатэхналагічных вытворчасцей вырасла зусім нязначна: з 2,5 працэнта ў 2010-м да амаль 3 працэнтаў у 2016 годзе, — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы. — А ўдзельная вага нізкатэхналагічных вытворчасцей па-ранейшаму складае больш за трэць рэальнага сектара эканомікі, павялічыўшыся з 30 працэнтаў у 2010-м да 35 працэнтаў у 2016 годзе».

Акрамя таго, удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў 2016 годзе склала крыху больш за 16 працэнтаў, у бягучым годзе — 17 працэнтаў. «Рост ёсць, але невялікі. Хоць згодна з Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі гэты паказчык не павінен быць ніжэйшы за 20 працэнтаў», — заўважыў Прэзідэнт.

Пры гэтым доля сапраўды інавацыйнай, новай для сусветнага рынку беларускай прадукцыі нязначная — да 2 працэнтаў. Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, такая сітуацыя ў многім складваецца з-за невысокіх тэмпаў распрацоўкі і ўкаранення перадавых тэхналогій.

«Некаторыя айчынныя прадпрыемствы дэманструюць недастатковы інтарэс да інавацый, а навуковыя арганізацыі не праяўляюць належнай настойлівасці ў пашырэнні новаўвядзенняў. Па выніках пяцігодкі мы дадзім прынцыповую ацэнку гэтым тэндэнцыям», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Пустацветы нікому не патрэбны» — Лукашэнка чакае аддачы ад затрат на навуковую сферу

Затраты на навуковую сферу павінны прыносіць аддачу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час выступлення на ІІ З’ездзе вучоных.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на навуку ў Беларусі заўсёды выдзяляюцца сродкі — фінансавыя затраты з бюджэту краіны ў 2015-2016 гадах складалі па 0,5 працэнта валавога ўнутранага прадукту штогод.

«У перспектыве мы будзем паступова павялічваць асігнаванні. Але ёсць і іншы бок пытання — эфектыўнасць выкарыстання капіталаўкладанняў, аддача ад затрат на навуку.

Ад усіх арганізацый і галін мы патрабуем галоўнага — выніку. Не будзе выніку — не будзе грошай.

Навука ад выканання гэтага патрабавання не павінна быць убаку. Мы не настолькі багатыя, каб траціць рэсурсы на бясплодную дзейнасць. Як гаворыцца, пустацветы нікому не патрэбны. Дарэчы, гэта фраза ўзнікла ў навуковым асяроддзі яшчэ ў савецкі час», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён дапусціў, што некаторыя захочуць запярэчыць: бюджэтнае фінансаванне навукі недастатковае. «Адкажу. Мы ўсе цудоўна разумеем, што дзяржава выдзяляе на патрэбы навукі роўна столькі, колькі можа сабе дазволіць і колькі можаце вы асвоіць, і другое больш важна. Хоць і так доля бюджэтнага фінансавання складае амаль палавіну ад усіх сродкаў. Ва ўсім свеце навуковыя арганізацыі выкарыстоўваюць уласныя рэсурсы, актыўна прыцягваюць сродкі прадпрыемстваў, інвестараў, інавацыйных і венчурных фондаў. У нас жа доля ўласных сродкаў арганізацый у затратах на даследаванні і распрацоўкі — усяго толькі каля чвэрці. З 2007 года яна знізілася больш як на 14 працэнтаў», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, недапушчальна, што сёння існуюць значныя астаткі нявыкарыстаных сродкаў інавацыйных фондаў. «У нас вялікія грошы пры ўсіх скаргах вучоных штогод не асвойваюцца. За 11 месяцаў гэтага года рэспубліканскі і мясцовыя фонды выкананы на 41 працэнт і 24 працэнты ад гадавога плана. Якіх вам яшчэ грошай не хапае? Яны ж ляжаць — вазьміце іх. Але ж яшчэ нядаўна вы мяне ўгаворвалі, што новы парадак фарміравання і выкарыстання гэтых фондаў дасць магчымасць кардынальна палепшыць сітуацыю. Я вас паслухаў і прыняў рашэнне, але выніку пакуль не бачу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Тое ж датычыцца і пытанняў венчурнага фінансавання. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што тут праяўляецца недастатковая актыўнасць органаў дзяржаўнага кіравання, магчыма, празмерная папяровая валакіта. «Аднак не толькі бюракратычныя перашкоды затрымліваюць справу, але і недахоп сапраўды значных праектаў, прарыўных распрацовак і прапаноў ад саміх вучоных. Пры разглядзе вынікаў года на гэтыя пытанні звернем асаблівую ўвагу», — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава мае намер усяляк падтрымліваць перспектыўныя напрамкі навуковага пошуку. Але і сама навука абавязкова павінна зарабляць.

«Шырокія магчымасці для камерцыялізацыі сваіх распрацовак будуць прадастаўлены ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Калі ласка, будуйце прадпрыемствы, вырабляйце прадукт і рэалізоўвайце. Мы вам дапаможам фінансава, нясіце свае праекты, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — Новыя гарызонты для прадпрымальніцкай ініцыятывы адкрываюць нядаўна прынятыя нарматыўныя дакументы ў галіне лібералізацыі бізнесу. Важна, каб нашы дзелавыя людзі працавалі ў цесным кантакце з вучонымі, укаранялі іх распрацоўкі, адкрывалі навукаёмістыя вытворчасці. Менавіта такое ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва — ключ да поспеху як канкрэтных прадпрыемстваў, так і краіны ў цэлым».

Яшчэ адной крыніцай сродкаў павінна стаць стварэнне механізмаў увядзення аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці ў грамадзянскі абарот, пашырэнне рынку ліцэнзійнага гандлю імі. «На жаль, урад толькі цяпер падышоў да гэтага пытання. Часам займаемся не тым, чым сёння трэба, замест таго, каб вырашаць канкрэтныя пытанні», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час можна знайсці і іншыя спосабы аптымізацыі фінансавання навукі, упэўнены ён. «Мы вызначылі для сябе шырокі спектр прыярытэтаў. У бягучай пяцігодцы ў нас іх 13 — у навуковай і 9 — у навукова-тэхнічнай дзейнасці. Напэўна, гэта вядзе да распылення сродкаў. Вядома, нельга звужаць спектр дзейнасці вучоных, але фінансавы прыярытэт трэба аддаваць найбольш значным для краіны праектам», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Лукашэнка арыентуе міністэрствы на рэалізацыю доўгатэрміновай прамысловай палітыкі

«Нам сёння трэба ўдакладніць прыярытэты, канкрэтызаваць пастаноўку навуковых задач. У сучасных умовах, калі нашы прамысловыя кампаніі атрымліваюць усё больш самастойнасці, міністэрствы павінны максімальна сканцэнтраваць увагу на перспектыўных напрамках, на рэалізацыі доўгатэрміновай прамысловай палітыкі, узмацніць ролю канструктарскіх бюро», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, трэба больш актыўна практыкаваць стварэнне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы заводскіх даследчых лабараторый, цэнтраў і доследных вытворчасцей.

«Усім навуковым структурам неабходна паскорыць тэрміны падрыхтоўкі і выканання навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ. І далей сумеснымі намаганнямі забяспечыць апрабацыю і ўкараненне інавацый у вытворчасць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы не можам дазволіць гадамі праводзіць навуковыя даследаванні, а затым столькі ж укараняць іх. За гэты час замежныя канкурэнты распрацуюць аналагічныя прадукты і выведуць іх на свой і на наш рынак. Яшчэ больш непрымальная сітуацыя, калі распрацоўкі асвойваюцца на прадпрыемствах, а далейшай эфектыўнай рэалізацыі іх няма».

Лукашэнка запатрабаваў вырашыць праблему ўцечкі мазгоў у навуковай сферы

«Не менш вострай з’яўляецца праблема ўцечкі мазгоў. Яе рэальны маштаб ацаніць складана, паколькі адбываецца не толькі знешняя, але і ўнутраная інтэлектуальная міграцыя. Многія маладыя людзі, застаючыся ў нашай краіне, мяняюць навуковую дзейнасць на больш высокааплатную работу ў сферы бізнесу. Нам неабходна стварыць для маладога пакалення самыя спрыяльныя ўмовы для творчасці, падтрымаць маладзёжныя пачынанні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівая роля ў гэтым належыць вузаўскай навуцы. Сёння ўніверсітэты павінны займацца не толькі адукацыяй і навуковымі распрацоўкамі, але і пашырэннем сваіх праектаў у эканоміцы і іншых сферах. Для рэалізацыі такога падыходу ўжо ўкараняецца мадэль «Універсітэт 3.0», звярнуў увагу Прэзідэнт.

«Ураду, парламенту сумесна з навуковай супольнасцю неабходна забяспечыць адзінства адукацыі, навукі і вытворчасці. Калі не будзе патрэбнасці ў інавацыях з боку прамысловага сектара, то не будзе попыту на новыя навуковыя распрацоўкі і высокакваліфікаваныя кадры, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Не менш значнай бачыцца роля вузаўскай навукі ў планаванні падрыхтоўкі кадраў, у тым ліку вышэйшай навуковай кваліфікацыі, з улікам доўгатэрміновых перспектыў навукова-тэхнічнага прагрэсу».

Пры гэтым важна не толькі прывесці моладзь у навуку, але і ўтрымаць яе, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. А для гэтага неабходны дастойная аплата працы, вырашэнне жыллёвай праблемы, цікавыя, карысныя для дзяржавы навуковыя тэмы, калектывы аднадумцаў, настаўніцтва, адсутнасць бюракратычнай руціны.

Лукашэнка лічыць неабходным больш эфектыўна злучыць навуку і вытворчасць

«Лічу неабходным акцэнтаваць вашу ўвагу на некаторых напрамках удасканалення і далейшага развіцця беларускай навукі. Першы і важнейшы з іх — больш эфектыўна злучыць навуку і вытворчасць. Перш за ўсё трэба сумесна вырашыць асноўныя праблемы машынабудавання і прамысловасці ў цэлым. Паколькі менавіта ў прамысловасці — ядро ўсіх інавацый. Няма краін з моцнай навукай і слабай прамысловасцю і наадварот», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Нацыянальнай акадэміі навук трэба больш увагі ўдзяляць выкананню ўскладзенай на яе функцыі сістэмнага навуковага інтэгратара, які звязвае разам навуку, вытворчасць і бізнес.

Прэзідэнт падкрэсліў, што прамысловасць сумесна з навукай і сістэмай адукацыі павінна вырашыць некалькі асноўных задач. Перш за ўсё неабходна вызначыць напрамкі дыверсіфікацыі і мадэрнізацыі вытворчасцей — ад экспертызы новых тэхналогій і абсталявання да ўдзелу ў стварэнні і ўводзе іх у эксплуатацыю.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што новыя сучасныя заводы трэба будаваць, апіраючыся на навуковае абгрунтаванне. Паводле яго слоў, трэба забяспечыць сістэматычную работу ў галіне ацэнкі надзейнасці і якасці прадукцыі на ўсіх стадыях — ад яе распрацоўкі да выпуску.

Таксама адна з задач заключаецца ў канцэнтрацыі намаганняў на павышэнні высокатэхналагічнасці вытворчасці, каб вырашыць задачы кааперацыі і канкурэнцыі з індустрыяльна развітымі краінамі. «Для гэтага неабходна актывізаваць рэалізацыю тэхналагічных прыярытэтаў і канкрэтных перспектыўных праектаў. Мінпраму і іншым міністэрствам трэба дакладна разумець і арыентавацца на свае прадпрыемствы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, адным са шляхоў руху да новай эканомікі можа стаць далейшае развіццё лазернай і оптаэлектроннай тэхнікі, па якой ёсць значны навуковы задзел: «Краіна з’яўляецца ў гэтым плане рэгіянальным лідарам. Попыт на гэту тэхніку ёсць і ў ваенных, і ў медыкаў, на транспарце, у прамысловасці. І ён будзе толькі расці. І не толькі ў Беларусі. Таксама трэба развіваць усе спектры лічбавай эканомікі, сістэмы кіравання, штучны інтэлект».

Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць неабходным распрацаваць праграму развіцця электратранспарту, якая ўключае этапы беларускай лакалізацыі вытворчасці кампанентаў мабільных машын на электрычным і гібрыдным прыводзе, стварэнне і выпуск айчынных элементаў электрапрывода і акумулятараў.

«У авіякасмічнай галіне неабходна актыўней асвойваць новыя беспілотныя лятальныя комплексы, у тым ліку двайнога прызначэння, попыт на якія мы назіраем сёння ва ўсім свеце», — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка: неабходна падняць узровень прадукцыйнасці працы ў сельгасвытворчасці

«У беларускай аграрнай сферы захоўваецца шэраг унутраных праблем як эканамічнага, так і сацыяльнага характару, вырашаць якія неабходна з апорай на навуку. У першую чаргу неабходна падняць узровень прадукцыйнасці працы ў сельгасвытворчасці, які пакуль у два разы ніжэйшы, чым у краінах Еўрасаюза. Вось дзе рэзерв для павышэння канкурэнтаздольнасці нашай прадукцыі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі дасягнуты высокі ўзровень сельгасвытворчасці і спажывання прадуктаў харчавання. Амаль 35 працэнтаў прадукцыі АПК экспартуецца. Разам з тым у харчовай сферы з’яўляюцца новыя выклікі і пагрозы, як знешнія, так і ўнутраныя. Тэндэнцыі развіцця сусветнага харчовага рынку такія, што ў доўгатэрміновай перспектыве дэфіцыт рэсурсаў захаваецца, кан’юнктура застанецца нестабільнай. «Заўтра канкурэнцыя будзе толькі абвастрацца. Прычым пад уплывам не толькі эканамічных, але і палітычных фактараў, часта цяжка прадказальных. Я сказаў бы, перш за ўсё за кошт палітычных фактараў. Насельніцтва свету расце, аб’ёмы спажывання прадуктаў харчавання значна павялічваюцца, а адбываецца канкурэнцыя і блакіраванне паставак на сусветныя рынкі. Прыкладам таго з’яўляецца пастаянная «бойка» самых блізкіх народаў і дзяржаў — Расіі і Беларусі. Што ўжо гаварыць пра іншых», — сказаў Прэзідэнт.

На думку кіраўніка дзяржавы, выкананне тэхналогій вытворчасці і рэкамендацый вучоных павінна быць асноўным крытэрыем ацэнкі кіруючых кадраў. Прычым не толькі ў АПК, але і паўсюдна. «У кадравай палітыцы трэба ўвесці правіла, што для кіраўніка неабходны інавацыйнасць мыслення, здольнасць успрымаць і прымяняць на практыцы новыя веды», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў вучоным распрацаваць, а Мінсельгасхарчу разам з губернатарамі рэалізаваць комплекс мер па павышэнні ўзроўню рэнтабельнасці сельгаспрадпрыемстваў, які пакуль недастатковы для расшыранага ўзнаўлення нават з улікам дзяржаўнай падтрымкі.

Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў высокую ўдзельную вагу стратных арганізацый, якая захоўваецца, дэфіцыт уласных абаротных сродкаў, рост фінансавых абавязацельстваў сельгасвытворцаў.

«Задача аграрнай навукі на сучасным этапе — пастаянны пошук унутраных незатратных механізмаў павышэння эфектыўнасці сельгасвытворчасці. Патрэбны арыгінальныя ідэі, дзейсныя падыходы да вырашэння існуючых праблем, распрацоўка якасна новых прадуктаў, якія забяспечваюць канкурэнтныя перавагі нашай сельскай гаспадарцы», — сказаў Прэзідэнт.

Стратэгія развіцця навукі павінна вывесці Беларусь на перадавыя пазіцыі навукова-тэхнічнага прагрэсу — Лукашэнка

«Нам неабходна аб’ектыўна ацаніць усе плюсы і мінусы, каб атрымалася напружаная, але рэальна выканальная праграма дзеянняў на перспектыву. Яна павінна надаць дынамічны тэмп інавацыйнаму развіццю і вывесці краіну на перадавыя пазіцыі навукова-тэхнічнага прагрэсу. Да яе рэалізацыі павінна падключыцца ўсё наша грамадства», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На думку кіраўніка дзяржавы, праект стратэгіі павінен быць сур’ёзна дапрацаваны пасля абмеркаванняў у секцыях і кантактаў вучоных у кулуарах мерапрыемства. «Яе трэба рабіць працуючай праграмай, каб яна была канкрэтнай», — сказаў ён.

Да распрацоўкі праекта стратэгіі была прыцягнута вялікая група вучоных і практыкаў, якая вывучыла сусветны вопыт і сфармулявала новыя задачы пабудовы інавацыйнай эканомікі і навукова-тэхнічныя прыярытэты. У праекце дакумента вызначана будучая мадэль краіны — «Беларусь інтэлектуальная». Яе ключавыя кампаненты: скразная лічбавізацыя эканомікі і стварэнне ІТ-краіны, развіты неаіндустрыяльны комплекс, які будзе адпавядаць выклікам чацвёртай прамысловай рэвалюцыі; высокаінтэлектуальнае грамадства.

«Беларусь уступае ў новы этап развіцця — перыяд пабудовы інтэлектуальнай эканомікі. Нам важна прадоўжыць рух наперад, абапіраючыся на надзейны фундамент, створаны за папярэднія гады, і набыты вопыт.

Рэалізацыя намечаных задач дасць магчымасць палепшыць якасць жыцця насельніцтва, вывесці эканоміку Беларусі на больш высокі ўзровень, фарміруючы новыя фактары доўгатэрміновага эканамічнага росту. Мы забяспечым устойлівае збалансаванае развіццё нашай краіны за кошт спалучэння эфектыўнага дзяржаўнага кіравання, павышэння ролі навукі і адукацыі, узрастаючага інавацыйнага патэнцыялу», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі будзе падпісаны да новага года — Лукашэнка

«Павінен выйсці на новыя гарызонты развіцця Парк высокіх тэхналогій. Літаральна гэтымі днямі мы грунтоўна разгледзелі праект дэкрэта, які па праву можна назваць рэвалюцыйным. Як і абяцаў, ён будзе падпісаны да новага года. Ён стварае ўмовы для выхаду нашай краіны ў гэтай сферы ў лік найбольш перадавых дзяржаў. А па асобных напрамках дасць магчымасць стаць адным з сусветных лідараў. Выканаўшы ўсе палажэнні дэкрэта, мы яшчэ далей рушым у рэалізацыі амбіцыйнага праекта — пабудове ІТ-краіны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што інфармацыйныя тэхналогіі пранікаюць усюды, нездарма сучасную эканоміку называюць лічбавай. «Паглядзіце, што цяпер адбываецца. Рабатызацыя ахоплівае прамысловасць і вёску. ІТ-платформы выцясняюць традыцыйны гандаль, блокчэйн — фінансы. Штучны інтэлект усё часцей замяняе чалавека ў прывычных сферах жыцця», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі трэба накіроўваць на стварэнне інтэлектуальных сістэм апрацоўкі звышвялікіх аб’ёмаў даных, падтрымкі прыняцця рашэнняў для органаў дзяржаўнага кіравання, воблачных і іншых тэхналогій. «У нас усё гэта мае месца быць. У нас гэта развіваецца, гэта не проста нейкія мары, як у многіх дзяржавах. Трэба толькі не спыняцца на дасягнутым, а дзейнічаць і ісці наперад», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Некаторыя рэктары зараслі цінай» — Лукашэнка патрабуе арыентаваць адукацыю на заўтрашні дзень

«У нас кіраўніцтва ВНУ, рэктары забранзавелі і некаторыя зараслі цінай. Я ўжо не гавару аб выкладчыках. Яны не рыхтуюць людзей, якія ўжо сёння працаваць могуць, не кажучы аб заўтрашнім дні. У нас многія ВНУ і выкладчыкі са сваімі жоўтымі канспектамі цягнуцца ў хвасце падзей», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, студэнтаў з першых курсаў неабходна вучыць на практыцы. Так яны змогуць не толькі ўбачыць вытворчыя працэсы, але і зразумець, ці той шлях выбралі.

«Я ўжо не гавару аб тым, што вузаўская навука, выкладанне наогул катастрафічна адсталі ад развіцця нашай вытворчасці і яе мадэрнізацыі. І многія выкладчыкі, калі прыходзяць на вытворчасць, бачаць, што тое, што яны выкладаюць, — учарашні дзень. Таму прыдумалі тэрмін — практыка-арыентаваная адукацыя. Я намякаю на тое (у школах мы заканчваем ужо гэты працэс), што трэба пачынаць і ў ВНУ перабудоўваць, перарабляць, перакройваць праграмы.

Трэба арыентаваць адукацыю на заўтрашні дзень», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Гэтыя задачы павінны вырашаць не толькі Міністэрства адукацыі, але і іншыя ведамствы, якія курыруюць профільныя ВНУ. «Выхоўвайце новае пакаленне, якое будзе працаваць тут. Але без выкладчыка і кіраўніка ВНУ немагчыма вырашыць гэту праблему», — упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вядучыя прадстаўнікі ІТ-сферы гатовы падключыцца да ўдасканалення навучальнага працэсу ў ВНУ Беларусі. Галоўнае, каб іх ініцыятыўнасць не затармазілі існуючыя праблемы. «Яны ўзначальваюць вельмі даходныя і прыбытковыя кампаніі. Адзін з іх сказаў, што за год асабіста заплаціў толькі падаходнага падатку на $1,2 млн. І яны гатовы сёння інвесціраваць у нашу адукацыю», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка — вучоным: усе вашы канструктыўныя ініцыятывы і прарыўныя ідэі будуць падтрыманы

«Уносьце смелыя прапановы, прапануйце прарыўныя тэхналогіі — усе вашы разумныя ініцыятывы будуць падтрыманы», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў важнасць цяперашняй сустрэчы і прапанаваў вучоным падыскутаваць, абмеркаваць усе хвалюючыя іх праблемы, каб прыняць неабходныя рашэнні. Прэзідэнт падкрэсліў, што да новага года будуць падпісаны праекты ўказаў, якія знаходзяцца на яго разглядзе і датычацца гэтых тэм.

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што час пацвердзіў правільнасць прынятага ім яшчэ ў пачатку прэзідэнцтва рашэння захаваць і развіваць Нацыянальную акадэмію навук. За час незалежнасці краіны НАН сапраўды стала важнейшым звяном у развіцці навукі.

Вучоныя павінны апрабаваць свае задумы на практыцы — Лукашэнка

«Вучоныя павінны павылазіць са сваіх лабараторый, апрабаваць усе свае задумы на практыцы. Не будзе гэтага — будзем збірацца на з’ездах, вы будзеце патрабаваць павышэння зарплаты, будаўніцтва жылля і іншага, улада будзе вам абяцаць гэта — недзе рабіць, недзе не рабіць. Зноў збяромся на новы з’езд і будзем займацца пустаслоўем, а народ і дзяржава выніку не ўбачаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт не задаволены тым, што навуковая супольнасць не прымае актыўнага ўдзелу ў мадэрнізацыі прамысловых прадпрыемстваў, сельскай гаспадаркі. «Правялі мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі — ніхто ў гэтай зале не будзе аспрэчваць, што мы тут дасягнулі многага. Была пастаўлена задача выратаваць вёску, таму што без вёскі не можа быць Беларусі, Расіі і Украіны. Гэта традыцыйна наша жыватворная крыніца, якая дае магчымасць захаваць нацыю. Дасягнулі немалога, але няхай сёння хоць адзін вучоны, які знаходзіцца сёння ў гэтай зале, устане і скажа, што гэта былі яго прапановы — рухацца ў такім напрамку. Ні адзін гэтага не скажа. А чаму? Чаму мы бегалі па ўсім свеце, збіраючы крупінкі вопыту, а потым на самым высокім узроўні прымалі рашэнні, гэтаму быць, а гэтаму не быць, і рэалізоўвалі. Чаму вучоныя не былі ля вытокаў?» — задаўся пытаннем кіраўнік дзяржавы.

Таксама Прэзідэнт успомніў мадэрнізацыю ААТ «Камволь». «Там шмат было коп’яў зламана, шмат пахавана лёсаў. Амаль пяць гадоў эпапея. А што, гэта вялікае новаўвядзенне? Якая роля вучоных у мадэрнізацыі гэтага канкрэтнага прадпрыемства, чытай, па ўсіх прадпрыемствах, якія сёння мадэрнізуюцца? Як яны ўніклі і дапамаглі мадэрнізацыі?» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што навуковая супольнасць у гэтых працэсах вельмі неабходна, каб не нарабіць памылак. «Мы павінны ісці разам з імі, а, можа, вучоныя павінны ісці на крок наперад. Нам гэта мадэрнізацыя шмат у чым абыдзецца танней, чым цяпер. Вось што патрэбна краіне ад вучоных», — адзначыў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад поспех стварэння ў Беларусі ўласнай ракетнай вытворчасці. «Спачатку сабралі вучоных пад маім строгім патрабаваннем і спыталі, ці ўмеюць нешта рабіць. Атрымалася вось столькі, а трэба — вось столькі. Дзе возьмем. Паехалі па свеце і знайшлі. І за два гады стварылі ўласную ракетную сістэму. Упэўнены, што ні адна дзяржава за два гады гэта не рабіла. Вось так мы павінны працаваць, калі вучоныя падключаюцца, ідуць наперадзе і цягнуць за сабой усіх астатніх. А ўлада кантралюе і стварае прамую дарогу для руху наперад», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: гуманітарыі павінны знаходзіць адэкватныя адказы на новыя выклікі сучаснасці

«Важнейшым прадуктам гуманітарных ведаў з’яўляюцца сацыяльныя тэхналогіі. Сёння ствараюцца рэцэпты кіравання свядомасцю людзей. Гэтыя тэхналогіі дзейнічаюць і звонку краіны ў асноўным праз СМІ, інтэрнэт, і не заўсёды на карысць Беларусі. Трэба навучыцца процідзейнічаць негатыўным тэндэнцыям у гэтай сферы. Трэба распрацоўваць уласныя сацыяльныя тэхналогіі, выкарыстоўваючы іх для кансалідацыі грамадства, выхавання патрыятызму, стымулявання творчай ініцыятывы людзей на ўсіх узроўнях. Адна з актуальных задач, якія стаяць перад гуманітарыямі, — навучыцца прадбачыць актуальныя праблемы і працэсы развіцця грамадства, дапамагаць дзяржаве знаходзіць адэкватныя адказы на новыя выклікі сучаснасці», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, сёння СМІ, інтэрнэт напоўнены меркаваннямі розных псеўдааналітыкаў, якія спрабуюць разбурыць стабільнасць і спакой у грамадстве. «Ідзе глабальная сусветная вайна. Але яна ідзе новымі метадамі перш за ўсё ў сродках масавай інфармацыі. Вы сведкі гэтага. І гэта вайна, якая вядзецца праз СМІ, практычна дэзарыентуе грамадства. І мы таксама па многіх напрамках дэзарыентаваны. Мы няправільна, неадэкватна ацэньваем тое, што адбываецца ў самых гарачых кропках планеты, па самых гарачых напрамках. Таму што СМІ асабліва моцныя дзяржавы выкарыстоўваюць для дэзарыентацыі», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі не забаронены ніякія сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку электронныя. «Яны прастрэльваюць нашу краіну наскрозь. Не буду прыводзіць прыклады, каб потым гэта не стала галоўнай падзеяй нашага з’езда, як гэта ўмеюць, зноў жа, і зробяць сродкі масавай інфармацыі», — сказаў Прэзідэнт.

На яго думку, неабходна, каб у адказ гучна і выразна гучаў голас аўтарытэтнага вучонага-дзяржаўніка. «Скажыце, колькі з тых тысяч нашых вучоных-дзяржаўнікаў ведае народ? Дзе яны, гэтыя вучоныя-патрыёты, якія павінны абараніць дзяржаву ў гэтай інфармацыйнай вайне? А ў нас жа ў асноўным дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Хто вас туды не пускае? Часам скардзяцца журналісты, што і вучонага, і буйнога работніка вытворчасці ў тэлевізар вельмі складана ўцягнуць. Гэта што, нармальны падыход? Гэта ваша работа сёння. Гэта вы павінны ісці на гэты фронт, каб не было фронту іншага», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных у зале.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *