Акцыя “Наш жывёлавод” на Брагіншчыне. Ліст з падзякай і падарунак за сумленную работу атрымала Аксана Шаўчэнка

Грамадства

У нумары “Маяка Палесся” ад 5 студзеня мы расказвалі аб пачатку рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”, сумленных працаўніках Рыжкаўскай фермы ААТ “Імя Жукава”. Акрамя Алега Пікуля і Аксаны Калашнікавай, ліст з падзякай і падарунак за сумленную работу тут атрымала і жывёлавод Аксана Шаўчэнка. Яна набірае групу цялят, якіх да 20-дзённага ўзросту выпайвалі малаком, стараецца не дапусціць паморку і забяспечыць высокае сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе.

Аксана Шаўчэнка
Аксана Шаўчэнка

Увогуле, гэтае вытворчае падраздзяленне пакінула прыемнае ўражанне. Не часта ад вяскоўцаў пачуеш, што праца падабаецца і што (самае галоўнае) аплачваецца добра. За гэта яны ўдзячны дырэктару сельгаспрадпрыемства Сяргею Міхаленку.

Пра тое, што матэрыяльны стымул адыгрывае не апошнюю ролю, пацвердзілі і на суседняй ферме, у Конанаўшчыне. Праўда, заробкі тут ніжэйшыя, чым у Рыжкаве, бо менш прадукцыі атрымліваюць. Аб гэтым загадчыца МТФ Валянціна Макаранка гаварыла з веданнем справы. Яна ўзгадала той час, калі даіла кароў і штомесячна папаўняла сямейны бюджэт на 7-8 млн рублёў (у цэнах да дэнамінацыі). Валавая вытворчасць малака тады ў групе Валянціны Мікалаеўны была найвышэйшая па ферме.

Зараз тут утрымліваецца 188 кароў, за якімі замацаваны пяць аператараў машыннага даення. Ёсць падменная даярка. Без яе было б цяжка, бо працоўны дзень пачынаецца ў 4.50. Пасля кароткага перапынку, у час якога паспяваюць зрабіць нешта дома, дагледзець гаспадарку, жанчыны спяшаюцца на абедзеннае даенне. Ёсць яшчэ і вячэрняе. На маё пытанне, ці застаецца час на сям’ю, любімы занятак, адказваюць станоўча. Да такога рэжыму дня і ўкладу жыцця прывыклі, усё ў іх ідзе належным чынам. Вясной і летам клопатаў больш: неабходна, акрамя ўсяго, прапалоць агарод, паліць градкі, але ж спраўляюцца з усімі справамі. І дамашнімі, і вытворчымі. У некаторых на падворку ёсць конь, свінні, птушка.

Наяўнасць цяглавай сілы дазваляе апрацоўваць немалы прысядзібны ўчастак. Сумаваць вясковым жыхарам няма калі, а ў тых, хто шчыруе на ферме і дома, ёсць дастатак. Ад душы можна парадавацца за людзей і пажадаць ім моцнага здароўя і ўдачы.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан расказаў працаўнікам пра акцыю “Наш жывёлавод”, у рамках якой праводзіцца шанаванне лепшых. На гэтай МТФ па ўзгадненні з дырэкцыяй і прафкамам ААТ “Імя Жукава” адзначылі жывёлавода Міхаіла Макаранку і аператара машыннага даення Алену Камок, за плячыма ў якіх – працяглы час работы на гэтай МТФ.

Алена Камок
Алена Камок
Міхаіл Макаранка
Міхаіл Макаранка

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *