У лік пераможцаў першага этапу конкурсу “Чытаем па-беларуску з Velcom” выйшла Кацярына Здор

Грамадства Популярное

000918736_01

Сямікласніца Мікуліцкай сярэдняй школы Кацярына Здор выйшла ў лік пераможцаў першага этапу рэспубліканскага конкурсу “Чытаем па-беларуску з Velcom” і абласнога творчага конкурсу для дзяцей і падлеткаў “Выконваем законы дарог”.

Не, не загінуць ёй, жывой і непаўторнай, з легендаў і казак сатканай, вобразнай, вольнай, пявучай, крыштальнай і гнуткай, адвечна новай… Колькі мяккіх і ласкавых эпітэтаў падабралі беларускія класікі да роднай мовы – адчувалі сэрцам, шанавалі, баранілі яе пяшчотную чысціню. І яна сапраўды заслугоўвае таго, каб ёю ганарыліся і на ёй гаварылі. Таму зусім не дзіўна, што сацыяльны праект “Чытаем па-беларуску з Velcom” выклікаў шчырую цікавасць і дзяцей, і дарослых.

Сёлета ён, дарэчы, стартаваў у выглядзе рэспубліканскага анлайн-конкурсу, да ўдзелу ў якім былі запрошаны вучні 7–8 класаў з усёй краіны. Да выбару такога фармату падштурхнуў сам час: сённяшнім падлеткам нават цяжка ўявіць сваё жыццё без сацыяльных сетак. Таму арганізатары вырашылі выкарыстаць сучасныя тэхналогіі, каб звярнуць увагу школьнікаў на прыгажосць беларускага слова, велізарны і разнастайны пласт выдатных твораў нашых аўтараў. Вучням прапаноўвалася запісаць відэа, дзе яны чытаюць твор са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. А затым – размясціць яго на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы і даслаць на конкурс.

Менавіта так зрабіла і наша юная зямлячка – сямікласніца Мікуліцкай сярэдняй школы Кацярына Здор, з вуснаў якой пранікнёна прагучаў верш Янкі Купалы “Спадчына”. Радкі, што не толькі раскрываюць любоў аўтара да Старонкі Роднай, але і заклікаюць нас, чытачоў, шанаваць, берагчы створанае продкамі. Выступленне Кацярыны, якое яна размясціла “ВКонтакте”, атрымалася надзвычай цёплым, душэўным і мілагучным. А ўдала ўпрыгожылі яго меладычная музыка, нацыянальнае адзенне і інтэр’ер з подыхам беларускай мінуўшчыны.

Паверыць у свае сілы дзяўчынцы дапамагла яе настаўніца Аксана Іванаўна Пеўнявец, якая і прывівае вучням павагу да роднай мовы, жаданне размаўляць на ёй, імкнецца абудзіць цікавасць да айчыннай літаратуры. З гэтым жа вершам Кацярына, дарэчы, удзельнічала ў раённым конкурсе юных чытальнікаў “Жывая класіка”, але заняць прызавое месца тады не пашанцавала. Затое радаснай навіной стала перамога ў першым этапе рэспубліканскага конкурсу, ініцыятарам якога з’яўляецца кампанія Velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Школьнікі з усёй краіны, па даведзенай інфармацыі, даслалі 2048 работ, 355 з якіх – з Гомельшчыны. Але толькі па 30 лепшых прадстаўнікоў ад кожнай вобласці і горада Мінска атрымалі магчымасць праявіць сябе на другім этапе праекта, дзе ўжо чытальнікі выступяць ужывую. Лепшых вызначалі пісьменнікі, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Уладзімір Ліпскі і Раіса Баравікова, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна, акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт, паэткі Кацярына Массэ і Маргарыта Латышкевіч, якія і ўвайшлі ў склад журы.

Прыемна таксама адзначаць, што ў Кацярыны гэта не першая перамога. Поспех у мінулым годзе прынёс удзел у абласным творчым конкурсе для дзяцей і падлеткаў “Выконваем законы дарог”, накіраваным на прафілактыку дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Прапанаваную тэму дзяўчынка цікава, змястоўна і эмацыянальна раскрыла ў аўтарскай рабоце “Урок на ўсё жыццё”, з якой, дарэчы, маглі пазнаёміцца і нашы чытачы ў адным з красавіцкіх нумароў “Маяка Палесся”. А натхніла на творчую справу, дапамагла ўвасобіць задуманае на паперы зноў жа Аксана Іванаўна, таму зразумела: перавагу аддалі роднай мове. У выніку – дыплом першай ступені ў намінацыі “Сачыненне”, а ў якасці заахвочвання за дасягнуты поспех – сертыфікаты на атрыманне грашовых прэмій ад райвыканкама.

000918736_02

Сама ж настаўніца адзначае шчырую зацікаўленасць сваёй вучаніцы да паглыблення ведаў, яе стараннасць і карпатлівасць, прагу да чытання. Прыкметны яе сціпласць і разважлівасць, добразычлівасць і ўраўнаважанасць – дзяўчынка нібы ўвабрала ўсе рысы нацыянальнага характару. А любоў да прадмета, які выкладае Аксана Іванаўна, нарадзіла ў юнай асобы жаданне таксама стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. З такой вучаніцай, як прыкмячае педагог, працаваць лёгка і цікава. А Кацярына побач з вопытнай, мудрай настаўніцай, на дапамогу і падтрымку якой заўсёды можна разлічваць, адчувае сябе ўпэўнена, хоча рухацца далей і дабівацца большага. Яны знаходзяцца, як кажуць, на адной хвалі.

Адметна, што такія поспехі, а таксама павышаны інтарэс падрастаючага пакалення да народнай культуры, духоўных скарбаў назіраюцца менавіта ў школе, на базе якой з бягучага навучальнага года працуе рэсурсны цэнтр па беларускай мове. Гэтаму паспрыяла ў тым ліку і перамога ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшы кабінет па беларускай мове і літаратуры – акцэнт быў зроблены на афармленне з нацыянальным каларытам. А калі спатрэбілася зрабіць відэазапіс для размяшчэння ў сацыяльных сетках, лепшага месца не знайшлося – Кацярына чытала твор у маляўнічым куточку класа.

Зараз жа дзяўчынка разам са сваёй настаўніцай рупліва рыхтуецца да прадметнай алімпіяды: узбагачае засвоенае на ўроках, вучыцца больш ярка і ўпэўнена разгортваць свае думкі, пашырае слоўнікавы запас… Яшчэ адзiн крок да ведаў, да адкрыцця хараства i прыгажосцi роднага слова.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *