Тэма тыдня: сустрэча Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі дзелавых колаў

Тема недели

belta

Лукашэнка: малы і сярэдні бізнес — важнейшы складнік устойлівага развіцця эканомікі Беларусі

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 снежня на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў.

«Да тэмы развіцця прадпрымальніцтва мы звярталіся не раз. Аднак у такім шырокім фармаце мы сустракаемся ўпершыню. Сярод прысутных — прадстаўнікі ўлады, усіх сфер бізнесу — ад рамеснікаў да ўладальнікаў буйных прыватных кампаній. Аб’ядноўвае нас усіх адно — дакладнае разуменне таго, што малы і сярэдні бізнес — гэта важнейшы складнік устойлівага развіцця эканомікі, а значыць, і існавання дзяржавы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што, праглядаючы раніцай СМІ і чытаючы агляды, убачыў нейкую крыўду з боку прадстаўнікоў пэўных палітызаваных структур: нібыта іх не запрасілі на сустрэчу. «Што датычыцца скаргаў гэтых спадароў, павінен сказаць, што ў нас сёння не палітычная нарада і палітычных кампаній пакуль няма. Праўда, праходзяць выбары ў мясцовыя Саветы — дык гэта трэба ісці туды і там, не крыўдзячыся, весці дыялог. А сёння я запрасіў сюды людзей, якія займаюцца справай і ўдзельнічаюць у палітыцы тады, калі ідуць палітычныя кампаніі. Таму крыўдзіцца не трэба, што тут не ўсіх паклікалі. Усіх паклікаць не маглі, а з тымі, хто крыўдзіцца, сустрэнемся на парламенцкіх, прэзідэнцкіх выбарах, таму што ў іх больш палітыкі, чым бізнесу», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што нікому не забараняецца ўдзельнічаць у палітыцы. «Я нават настойваю, каб бізнесмены ўдзельнічалі ў палітыцы. Але толькі вы помніце, каб потым не было крыўды: у палітыцы іншыя законы і правілы. Пастарайцеся перабудавацца ў сваім жыцці з эканомікі на палітыку, і ўсё будзе нармальна. Ні ў якім разе не трэба змешваць гэтыя паняцці і блытаць іх», — падкрэсліў ён.

У гэтым годзе прадстаўнікі дзяржаўных органаў і прадпрымальнікі па даручэнні Прэзідэнта правялі маштабную работу па паляпшэнні бізнес-клімату і стымуляванні дзелавой актыўнасці.

«Многія з прысутных у гэтай зале прынялі ў ёй самы актыўны ўдзел: выступалі з ініцыятывамі, абмяркоўвалі падрыхтаваныя дакументы, уносілі адпаведныя прапановы па іх дапрацоўцы», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Восенню Аляксандр Лукашэнка падпісаў цэлы пакет дакументаў — дэкрэт і сем указаў, прызначаных даць моцны імпульс развіццю прыватнага сектара эканомікі. Яны накіраваны на ўстараненне залішніх адміністрацыйных бар’ераў, якія, на думку бізнес-супольнасці, тармазілі дзелавую ініцыятыву.

Ён заўважыў, што некаторыя «дзеячы» папракалі ўлады ў тым, што ў Беларусі дзелавому чалавеку немагчыма разгарнуцца. Маўляў, яго звязалі па руках і нагах. «Вы ведаеце, калі ішла размова да прыняцця гэтых нарматыўных прававых актаў, дэкрэтаў, указаў, я гэта чуў таксама. Скажу адкрыта: я ў гэта ніколі не верыў, нават тады, калі мы пайшлі на прыняцце гэтых нарматыўных прававых актаў. Самае галоўнае сведчанне таго, што ў нас можна і трэба працаваць прадпрымальнаму чалавеку, — гэта вы. Вы пачылі свой бізнес у тыя «немагчымыя» гады і адбыліся», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, сучасная моладзь думае, што бізнес — гэта лёгка: прыйшоў, зарэгістраваўся — і заўтра будзеш багатым. «Вы, калі ласка, ім падказвайце, што гэта бяссонныя ночы і самая цяжкая праца. Асабліва, калі ўкладваеш свае грошы, калі ў цябе сваё і табе за гэта давядзецца адказваць. Таму нічога адразу не з’яўляецца. Ну, камусьці, можа, пашанцуе, аднаму з тысячы. Але многім трэба будзе працаваць, ім давядзецца не толькі праз цяжкасці прайсці, але і праз расчараванне, банкруцтва. Гэта цяжкая, няпростая праца, таму не трэба думаць, што прынялі рашэнне — і заўтра пойдуць у нас новыя бізнесмены. Лепш пачынаць з кімсьці, хто ўжо гэтым бізнесам займаўся і ў каго ёсць вопыт», — перакананы Прэзідэнт.

«Прысутныя тут паспяховыя бізнесмены і ваша работа — непасрэдны доказ таго, што бізнес у Беларусі адбыўся. І той, хто хоча працаваць, можа працаваць», — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што некаторыя краіны трацілі дзесяцігоддзі на тое, каб адвучыць розных дзялкоў вырашаць праблемы з дапамогай хабару і бандыцкіх разборак. «Мы гэтага па вялікім рахунку не дапусцілі. І гэтага ў Беларусі ніколі не будзе», — падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яшчэ ў пачатку прэзідэнцтва яму давялося разбірацца з дзейнасцю арганізаваных злачынных груповак. «Мы гэта пытанне вырашылі за месяц, іх не стала», — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што работа з прадпрымальнікамі ў Беларусі пачалася не сёння. Яшчэ ў 2009 годзе пачаўся новы этап адносін бізнесу і дзяржорганаў: Аляксандрам Лукашэнкам было даручана падрыхтаваць прапановы аб паступовай лібералізацыі эканамічнай дзейнасці. Яны знайшлі адлюстраванне ў выдадзенай у 2010 годзе Дырэктыве аб развіцці прадпрымальніцтва і стымуляванні дзелавой актыўнасці. Гэты канцэптуальны дакумент дзейнічае да гэтага часу. На яго аснове ўрад прыняў, змяніў або адмяніў амаль 200 прававых актаў.

«Гэта вялікая работа. Атрымалі нядрэнны вынік. У рэйтынгу дзелавой актыўнасці Беларусь з другой сотні дзяржаў перамясцілася на 38-е месца, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Прагрэс быў відавочны. Але з таго часу мінула 8 гадоў. Цяпер узнікла аб’ектыўная неабходнасць рабіць далейшыя ўжо не паслядоўныя, а рашучыя крокі, каб не адстаць ад тых трэндаў, якія сёння прапануюць сусветная эканоміка і развіццё глабальнага грамадства».

У той жа час і з боку бізнесу павінна быць сумленная гульня, падкрэсліў Прэзідэнт.

«Ініцыятыўнасць, прыстойнасць, празрыстасць і максімальная адказнасць перад сваімі работнікамі і грамадствам павінны стаць асновай вашай дзейнасці. Усё гэта прадугледжвае рашучую адмову ад якіх-небудзь шэрых схем. Лічу, што крымінальныя справы, калі на адной лаве падсудных аказваюцца чыноўнікі і бізнесмены, кідаюць цень як на ўладу, так і на дзелавую супольнасць. Злачынная дзейнасць — гэта ганьба, яе трэба строга спыняць! Спадзяюся, у гэтым мы аднадумцы. Інакш нам з вамі проста не па дарозе», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка пра дэкрэт №7: больш няма ніякіх перашкод рабоце бізнесу

«Ключавым з прынятых дакументаў з’яўляецца дэкрэт, у якім размова ідзе аб тым, каб даць людзям магчымасць развіваць сваю справу, а не думаць пра шматлікія бюракратычныя фармальнасці. Хочаш займацца бізнесам — ідзі і працуй! Больш ніякіх перашкод гэтаму няма. Дастаткова падаць адно паведамленне ў выканкам — усё! На наступны дзень можна пачынаць работу», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што зведзены да мінімуму і сабраны ў адным дакуменце ўсе тэхнічныя патрабаванні. Так, колькасць правіл пажарнай бяспекі скарочана ў 11 разоў, санітарных патрабаванняў — у 13 разоў, ветэрынарных — у 10. Скасаваны многія ўстарэлыя адміністрацыйныя працэдуры.

Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі»

Паводле слоў Прэзідэнта, галоўная мэта дакумента — стварыць такія ўмовы, каб сусветныя IT-кампаніі прыходзілі ў Беларусь, адкрывалі свае прадстаўніцтвы, цэнтры распрацовак і стваралі запатрабаваны ў свеце прадукт.

«Другая мэта дэкрэта — інвестыцыі ў будучае. Гэта IT-кадры і адукацыя. Трэцяя — укараненне найноўшых фінансавых інструментаў і тэхналогій. Вядучыя эканомікі свету яшчэ толькі прыглядаюцца да гэтай новай з’явы. Беларусь становіцца фактычна першай у свеце дзяржавай, якая адкрывае шырокія магчымасці для выкарыстання тэхналогіі блокчэйн. У нас ёсць усе шанцы стаць рэгіянальным цэнтрам кампетэнцый у гэтай галіне», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён падтрымаў усе прапановы прадпрымальнікаў, якія складаныя тэмы яны ні закраналі б.

«Ёсць у нас прагрэсіўныя людзі, якія падумалі ўжо, як гэтым займацца. Я падумаў так: у нас сёння гэтага няма, калі нешта будзе добрае — у плюс, калі будзе ў мінус — я ведаю, з каго патрабаваць», — сказаў ён.

Больш таго, заўважыў Прэзідэнт, з прыняццем дэкрэта ў Беларусі не толькі будуць створаны ўмовы для развіцця IT-сферы, але і набыты ўнікальныя канкурэнтныя перавагі для прыцягнення тэхналогій, капіталаў і, галоўнае, разумных і таленавітых людзей з усяго свету.

«Гэты дэкрэт разам з пакетам прынятых рашэнняў для бізнесу павінен даць Беларусі магчымасць стаць на шлях апераджальнага развіцця», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: прадпрымальнікі павінны актыўней развіваць бізнес у малых гарадах і сельскай мясцовасці

Кіраўнік дзяржавы падрабязна спыніўся на тэме развіцця гандлю і паслуг у вёсцы і павышэння самазанятасці грамадзян. Ён выказаў заклапочанасць тым, што малы і сярэдні бізнес сёння сканцэнтраваўся ў асноўным у сталіцы і іншых больш-менш вялікіх гарадах. «Калі гэта сфера паслуг, то яшчэ зразумела. Дзе больш людзей — там і гандаль, і іншы сэрвіс, — прадоўжыў Прэзідэнт. — Але калі гаварыць пра вытворчасць, то яе лепш ствараць на перыферыі, дзе недарагая рабочая сіла, свабодная зямля, блізка рэсурсы. Акрамя таго, там дзейнічае рэжым прэферэнцый, уключаючы льготы па падатках, мытных пошлінах, паслабленні пры экспартным гандлі».

На думку кіраўніка дзяржавы, не ўсё адназначна і ў невытворчай сферы. Апошнія гады назіраецца скарачэнне магазінаў у сельскіх населеных пунктах. Толькі з 2012 па 2015 год колькасць гандлёвых аб’ектаў зменшылася на 10%. Нізкая наведвальнасць аб’ектаў бытавога абслугоўвання і грамадскага харчавання робіць іх работу не толькі нерэнтабельнай, але і неапраўданай з эканамічнага пункту гледжання. У выніку там, дзе некалькі гадоў таму былі нармальна працуючыя магазіны, рэстараны або атэлье, сёння засталіся пустыя будынкі.

«Мы абавязаны сур’ёзней падумаць аб вяскоўцах і аб якасці іх жыцця», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Тым, хто жыве ў аграгарадках, гарантаваны цвёрдыя сацыяльныя стандарты, але гэта толькі мінімум. Сучасныя людзі маюць патрэбу ў якасным рамонце дамоў, бытавой тэхнікі, у стрыжцы, у шыцці адзення, у многім іншым.

«Малы бізнес здольны гэта зрабіць. Але павінны быць адпаведныя ўмовы і даступныя цэны на паслугі ў сельскай мясцовасці», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Ва ўказе аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання прадугледжана ўсё магчымае для змяншэння затрат сельскіх прадпрымальнікаў. Няма падатку на дабаўленую вартасць, а гэта прыкладна пятая частка цаны. Падатак на прыбытак — усяго 6% — у тры разы ніжэй за агульную стаўку. Падаткі на зямлю і нерухомую маёмасць наогул не спаганяюцца.

«Вызначаць канкрэтныя тэрыторыі з такім ільготным рэжымам будуць абласныя Саветы дэпутатаў, гэта значыць, на месцах. Тут патрэбны разумны падыход. Каб не атрымалася так: межы Мінска або абласнога цэнтра перасек, а там — падатковы рай. Не для таго прыняты такія значныя паслабленні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Дарэчы, калі ў аддаленых раёнах імі скарыстаецца замежны бізнес, напрыклад, з прыгранічных Браншчыны, Смаленшчыны, літоўскіх або ўкраінскіх рэгіёнаў, то гэта толькі плюс. Важна захаваць вёску і даць ёй новае жыццё».

Прэзідэнт хацеў бы пачуць ад удзельнікаў сустрэчы, што яшчэ акрамя выдадзенага ўказа, трэба, каб прадпрымальнік актыўней ішоў у малыя гарады і сельскую мясцовасць. «Пры гэтым, можа, і не трэба чалавеку адразу рэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, браць на сябе сур’ёзныя абавязацельствы. Цалкам верагодна, што спачатку дастаткова будзе папрацаваць проста так, на сябе, паглядзець, ці будуць карыстацца попытам яго паслугі. Для гэтага выдадзены ўказ аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка кантралёрам і мясцовай уладзе: калі чалавек хоча штосьці рабіць, не перашкаджайце яму, а дапамажыце

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад кантралюючых органаў і мясцовай улады не абмяжоўваць ініцыятыву людзей, дапамагаць і аказваць належнае садзейнічанне прадстаўнікам бізнесу.

«Калі чалавек хоча штосьці рабіць, не перашкаджайце яму, а дапамажыце. Калі ён чагосьці не ведае, растлумачце. Толькі такім стаўленнем мы зможам забяспечыць максімальную самазанятасць людзей», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што з улікам запытаў насельніцтва павялічаны пералік відаў дзейнасці, якая не адносіцца да прадпрымальніцкай.

Для тых, хто гэтым займаецца, дастаткова раз у квартал унесці невялікую суму і накіраваць пісьмо ў падатковую інспекцыю.

«Галоўнае, не абмяжоўваць ініцыятыву людзей. Хоча чалавек булачкі пячы і прадаваць — няхай займаецца, калі попыт на выпечку ёсць», — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, спажывец сам павінен вырашаць, падстрыгчыся яму ў дарагім салоне або ў два-тры разы танней у цырульні дома. Кожны ў залежнасці ад сваіх даходаў вызначыць, якімі паслугамі яму карыстацца.

Лукашэнка: упаўнаважаны па праблемах прадпрымальніцтва ў Беларусі ёсць — Прэзідэнт

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў заявіў, што фактычна выконвае ў краіне ролю ўпаўнаважанага па праблемах прадпрымальніцтва.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што некаторыя міжнародныя арганізацыі выстаўляюць умовай для далейшага фінансавага супрацоўніцтва ўвядзенне інстытута ўпаўнаважанага па праблемах прадпрымальніцтва. «Перадайце ім, што такі ўпаўнаважаны ў Беларусі ёсць — Прэзідэнт. Гэта мой абавязак — прыняць рашэнне, пракантраляваць выкананне», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што гэта не апошняя сустрэча ў такім фармаце.

«Маштабы задач, якія стаяць перад бізнес-супольнасцю, пастаянна будуць патрабаваць шырокага абмеркавання і аператыўнага рэагавання», — адзначыў беларускі лідар.

Лукашэнка пры неабходнасці гатоў асабіста зацвердзіць новы пералік адміністрацыйных працэдур для бізнесу

«З асобнымі працэдурамі наогул незразумела, каму і для чаго яны былі неабходны. Ад іх трэба пазбаўляцца без усялякіх шкадаванняў. І мы ад іх пазбавіліся. Вы ведаеце, што дадаткам да адпаведнага дакумента, які я падпісаў, прапісаны ўсе працэдуры. Іншых больш не будзе. Гэта выключны пералік. Новы, скарочаны ў некалькі разоў пералік працэдур для бізнесу, калі гэта трэба, будзе мной зацвярджацца асабіста», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, даўно наспела неабходнасць пераходу на электронны фармат ажыццяўлення працэдур. Асабліва гэта датычыцца зямельных і маёмасных адносін, пытанняў распрацоўкі праектнай і будаўнічай дакументацыі. «Каб не трэба было вазіць паперкі з адной арганізацыі ў іншую. Дэкрэтам адменена абавязковасць наяўнасці друку ў арганізацыі. Пара адмаўляцца ад папяровых носьбітаў. Узровень сучасных IT-тэхналогій дае магчымасць адысці ад гэтых перажыткаў. Камусьці хочацца — калі ласка», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўраду неабходна вывучыць, як гэта працуе ў адпаведнасці з прынятым дэкрэтам аб лічбавай эканоміцы, і, калі прадпрыемствам ад гэтага прасцей, варта распаўсюдзіць вопыт на ўсю краіну.

«Словам, зроблена калі не ўсё, то вельмі шмат для таго, каб чалавек мог спакойна працаваць і ніхто яму не перашкаджаў. Толькі працаваць трэба добрасумленна, сачыць, каб на прадпрыемстве ўсё было ў парадку, плаціць падаткі — і пытанняў ніякіх не будзе.

Аднак, калі заўтра, не дай бог, усплыве, што нехта вырашыў жульнічаць, асабліва пасля нашага дагавора, любымі праўдамі і няпраўдамі нажыцца за кошт здароўя людзей, бяспекі дзяржавы, гарантую: такіх людзей «страсянуць» — мала не падасца. Давайце жыць дружна», — сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.

Лукашэнка даручыў маштабна перапрацаваць Падатковы кодэкс

«Урад па маім даручэнні ўжо ў студзені сфарміруе спецыяльную групу і пачне маштабную перапрацоўку Падатковага кодэкса. Ён павінен быць простым і зразумелым. Але галоўнае — здольным падтрымліваць эканамічную дзейнасць, а не прымушаць суб’екты гаспадарання шукаць пралаз для адыходу ад фінансавых і падатковых абавязацельстваў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што да гэтага не было ні аднаго года, каб Падатковы кодэкс працаваў без змяненняў. Былі выпадкі, калі на працягу года карэкціроўкі ўносіліся некалькі разоў. Згодна з новым дэкрэтам, да канца гэтай пяцігодкі будзе дзейнічаць мараторый на павышэнне падаткаў.

Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць праект дакумента да верасня 2018 года.

«Патрабаванне адно: скарачэння даходаў бюджэту быць не павінна. Скарачайце кодэкс, як хочаце, але каб быў прырост падаткаў у бюджэт», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Таксама кіраўнік дзяржавы выступіў за сур’ёзную перапрацоўку нарматыўна-прававых актаў, якія датычацца бухгалтарскага ўліку. «Іх трэба спрасціць. Бухгалтарскі ўлік застаўся савецкім, а там чорт нагу зломіць. Вышэйшай адукацыі, каб весці бухгалтарскі ўлік, недастаткова», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі запатрабаваў без залішняга фармалізму і далей актыўна развіваць аграэкатурызм

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што далейшаму развіццю эканамічнай дзейнасці ў вёсцы прызначаны садзейнічаць указ аб развіцці аграэкатурызму. «У 2007 годзе мы прынялі правільнае рашэнне, прадаставіўшы аграсядзібам асаблівыя ўмовы работы і фінансавання. Тады ў нас было ўсяго 34 такія аб’екты. За дзесяць гадоў іх колькасць вырасла ў 60 разоў. Толькі ў Мінскай вобласці створана амаль 650 аграсядзіб», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, такое дынамічнае развіццё тлумачыцца попытам на гэтыя віды паслуг як у беларускіх грамадзян, так і ў іншаземцаў. Для іх створаны максімальна камфортныя ўмовы кароткатэрміновага знаходжання ў Беларусі. У выніку краіна стала прыкметным іграком на еўрапейскай карце аграэкатурызму, атрымліваем за гэта высокія ацэнкі міжнародных экспертаў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў моладзі з’явіўся стымул не выязджаць у горад, заставацца ў вёсцы, невялікім гарадку і прадаўжаць сямейную справу, якая прыносіць няхай невялікі, але стабільны даход, дзякуючы якому можна нядрэнна жыць.

Як лічыць Прэзідэнт, вельмі важна не спыняцца на дасягнутым, а развіваць гэту сферу і далей.

«Былі абмежаванні на заключэнне працоўных дагавораў з блізкімі сваякамі. Гэта пытанне таксама ўрэгулявана. Паколькі размова ідзе пра сямейны бізнес. Чаму, калі жонка ці дзеці з раніцы да вечара дапамагаюць гаспадару, гэта не павінна лічыцца працоўнай дзейнасцю і залічвацца ў стаж? Але самыя вялікія спрэчкі былі наконт вяселляў і банкетаў. Можна іх праводзіць ці не. Прынялі бок прадпрымальнікаў, і правільна. Вясковы турызм павінен развівацца і далей. Тым больш, калі ёсць устойлівы попыт на гэтыя паслугі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да старшынь выканкамаў, ён таксама адзначыў: «Калі гаспадары гэтых аб’ектаў просяць выдзеліць ім зямлю, напрыклад, для выпасу коней, гадоўлі трусоў, авечак, то неабходна, згодна з законам, гэта зрабіць. Дапамагайце ім усімі сіламі, каб турызм атрымаў яшчэ больш шырокае развіццё», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі прыняты неабходныя меры для развіцця рамеснай дзейнасці — Лукашэнка

«Папулярна ў нас і рамесная дзейнасць. У мінулым годзе 23 тыс. чалавек былі заняты ў гэтым сектары. А яшчэ некалькі гадоў таму такіх майстроў было ў пяць разоў менш, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Для падтрымкі гэтага напрамку зроблены ўжо чарговыя захады. Перш за ўсё, пашыраны пералік дазволеных відаў рамеснай дзейнасці. Акрамя таго, майстру дадзена права адначасова працаваць з двума або трыма вучнямі, развіваць і перадаваць сваё рамяство».

Самае галоўнае, што ў рамеснікаў з’явілася больш манеўранасці для рэалізацыі сваіх вырабаў. Раней імі можна было гандляваць толькі з прылаўкаў на спецыяльных кірмашах. Цяпер дазволена займацца продажам і ў майстэрні, і праз інтэрнэт, і перасылаць заказчыку па пошце.

«Мы спыталі ў іх, што трэба зрабіць для таго, каб палегчыць дзейнасць рамеснікаў, і на аснове прапаноў прынялі неабходныя рашэнні», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: стварэнне рабочых месц — галоўны паказчык эфектыўнасці работы кіраўнікоў дзяржорганаў

«У нас сёння каля паўмільёна працаздольных грамадзян наогул не занята ў эканоміцы краіны. У сувязі з гэтым занятасць насельніцтва з’яўляецца вельмі важнай задачай, і мы ўжо зрабілі шмат захадаў па вырашэнні гэтай праблемы. Стварэнне рабочых месц павінна стаць асноўным паказчыкам эфектыўнасці работы кіраўнікоў дзяржаўных органаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што вельмі важна стымуляваць грамадзян да працы, дапамагаць ім знайсці работу, прычым як у дзяржаўным, так і ў прыватным сектары. «Наша задача — не ствараць перашкод для добрасумленных прадпрымальнікаў, не стрымліваць дзелавую ініцыятыву, не абмяжоўваць права бізнесменаў на разумную рызыку», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што цяпер малы і сярэдні бізнес — гэта кожны чацвёрты рубель у валавым унутраным прадукце, трэць інвестыцый у эканоміку, кожнае трэцяе рабочае месца. «Гэта ўжо нямала, але трэба больш», — лічыць ён.

Лукашэнка назваў адзіную формулу кантактаў улады з бізнесам

«Маё патрабаванне да службовых асоб усіх узроўняў — ад старшыні сельскага Савета да міністра: выконвайце не толькі літару, але і дух прынятых рашэнняў. Усё ў законах не прапішаш, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Кожны кіраўнік, які прадстаўляе дзяржаўную ўладу, пры ажыццяўленні кантактаў з бізнесам павінен кіравацца адзінай формулай. Калі закон дае магчымасць дапамагчы — дапамажы! Калі закон не дае магчымасці дапамагчы — не перашкаджай! Калі закон патрабуе ўмяшацца — тады дзейнічай».

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсе прынятыя рашэнні ў частцы лібералізацыі ўмоў для вядзення бізнесу неабходна рэалізаваць у максімальна кароткія тэрміны. «А нам вельмі важна выпрацаваць сістэму кантролю выканання нарматыўна-прававых актаў», — сказаў ён. Адпаведныя даручэнні дадзены кіраўніцтву Адміністрацыі Прэзідэнта і Камітэта дзяржкантролю. «Калі патрэбны нейкія падзаконныя акты, іх трэба прыняць. І не трэба расцягваць на першую палавіну наступнага года. Трэба зрабіць гэта хутчэй», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад, што цяпер урадам вядзецца вялікая работа над праектам указа аб ліцэнзаванні. «Лічу, што гэта павінен быць новы сістэмны дакумент, які комплексна і паслядоўна вырашае ўсе існуючыя на практыцы праблемы ў сферы ліцэнзавання. Аддайце яго для экспертызы ў Савет па прадпрымальніцтве», — сказаў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, выдадзеныя новыя дакументы заклалі аснову для перагляду заканадаўства ва ўсіх сферах, звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцтва. «Усю работу неабходна поўнасцю завяршыць на працягу 2018 года. Але спачатку органы ўлады павінны забяспечыць належнае інфармаванне людзей аб новых умовах работы, — даручыў беларускі лідар. — І вас прашу падключыцца да гэтай работы. Выкарыстоўвайце ўсе даступныя спосабы камунікацыі, праводзьце сустрэчы з людзьмі, нагружайце СМІ і не забывайце пра патэнцыял інтэрнэту. Растлумачце кожную літару новых рашэнняў».

«Прадстаўнікі бізнесу павінны разумець: у нас адна эканоміка, задачы, якія ставяцца ўраду, адносяцца і да вас», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што дзяржава кардынальна знізіла патрабаванні да ўмоў вядзення бізнесу. Аднак цяпер уся паўната адказнасці за стан спраў на прадпрыемствах ускладаецца на кіраўнікоў і ўласнікаў.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на тое, што органы ўлады практычна не ўмешваюцца ў цэнаўтварэнне. «Таму, калі прыбытку для развіцця хапае, не завышайце, трымайце нармальныя цэны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Майце на ўвазе, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю я не адмяняў, я ўзмацніў гэта міністэрства. І кантраляваць, назіраць за цэнаўтварэннем (і Камітэт дзяржкантролю), не ўмешваючыся ў вашу дзейнасць, яно будзе заўсёды».

Прэзідэнт таксама папрасіў аб людзях і плаціць ім дастойную зарплату, забяспечваць занятасць.

«Апірайцеся на гэтыя тры простыя правілы, і вы заўсёды будзеце мець у асобе дзяржавы надзейнага партнёра і памочніка. Гэта я вам гарантую», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама разлічвае, што прынятыя рашэнні прывядуць да павышэння актыўнасці ў ІТ-сферы. «Прычым важна, каб і капіталы, і людзі, і тэхналогіі працавалі для ўсёй краіны», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: усе прапановы бізнес-асяроддзя з гэтага часу становяцца абавязковымі для разгляду

Кіраўнік дзяржавы закрануў дзейнасць Савета па развіцці прадпрымальніцтва. «Гэта адзіны савет, які створаны пры Прэзідэнце, іншых такіх саветаў няма. І гэта сведчыць аб сур’ёзнасці стаўлення да гэтага пытання. І ён не ўчора быў створаны, а шмат гадоў таму, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Самарэгуляванне бізнесу і мінімізацыя ўмяшання службовых асоб дзяржаўных органаў у яго дзейнасць — вось аснова праводзімай у краіне работы па развіцці эканомікі».

Менавіта на гэта накіраваны ўказ аб Савеце па развіцці прадпрымальніцтва. «Ён нацэлены на тое, каб ператварыць савет у сапраўды магутную структуру, якая стаіць на варце інтарэсаў бізнесу, — прадоўжыў беларускі лідар. — Для гэтага ён надзелены адпаведнымі інструментамі».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што раней бізнес-структуры скардзіліся, што чыноўнікі не ўспрымаюць сур’ёзна іх прапановы. «Цяпер гэтага не будзе, — запэўніў Прэзідэнт. — Усе тэхнічныя перашкоды для актыўнай дзейнасці савета ўстаранілі, пашырылі яго паўнамоцтвы. Адмахнуцца ад вашых рэкамендацый дзяржорганы проста так больш не змогуць. Усе прапановы бізнес-асяроддзя з гэтага часу становяцца абавязковымі для разгляду».

Лукашэнка: пара выкараніць «птушачна-палачную» сістэму справаздачнасці кантралюючых і сілавых органаў

«Даўно пара выкараніць так званую птушачна-палачную сістэму справаздачнасці, калі ў аснову асноў ставяцца сумы штрафаў, колькасць выяўленых правапарушэнняў і крымінальных спраў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, гэта нядрэнна, калі ў бюджэт ад дзеянняў праваахоўных органаў, кантралёраў паступаюць грошы. «Але амаль заўсёды наступствы больш адчувальныя — мы потым недаатрымліваем у бюджэт у два разы больш, чым у выніку гэтых штрафных санкцый. Але справа не ў тым. Кантралёры і праваахоўныя органы маюць на стале адзін дакумент — заканадаўчы акт. Артыкул такі, парушыў — адказвай. Жыць трэба не па паняццях, а па законе», — сказаў Прэзідэнт.

«Зрабіце тое, аб чым мы дамовіліся на пятым Усебеларускім народным сходзе. Крытэрыем ацэнкі работы кантралёраў і праваахоўнікаў павінна быць колькасць прапанаваных і рэалізаваных мер па прадухіленні правапарушэнняў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка патрабуе выключыць беспадстаўны кантроль бізнесу

«Нярэдкія выпадкі, калі прадстаўнікі кампетэнтных органаў прыходзяць без усялякіх падстаў. Катэгарычна патрабую гэта выключыць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што работай па навядзенні парадку ў гэтай сферы ў Беларусі грунтоўна заняліся ў 2009 годзе. «Тады дырэктары нашых вялікіх прадпрыемстваў скардзіліся: не паспее адна праверка адысці, як з’яўляецца наступная, з іншай інстанцыі. Гэту практыку спынілі, прынамсі, рашэнні былі ўсе прыняты, прыйшлі да прынцыпу комплекснасці праверак. Каардынаваць іх стаў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Але, на жаль, значна лепш ад гэтага не стала, хоць у гэтым плане рушылі наперад», — сказаў Прэзідэнт.

«Цяпер ужо ў рамках планавых праверак кантралёры ідуць на прадпрыемства цэлым натоўпам, і кожны патрабуе да сябе ўвагі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. З-за гэтага работа арганізацыі паралізуецца на два-тры месяцы. Пры гэтым правяраюць, па сутнасці, адно і тое ж, дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка даручыў старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніду Анфімаву арганізаваць няўхільнае выкананне прынятых рашэнняў па арганізацыі кантрольна-нагляднай дзейнасці. «Помніце, што правільная арганізацыя сістэмы кантролю — важнейшы фактар у прыцягненні інвестара. Сёння само жыццё патрабуе аптымізацыі колькасці правяраючых і перагляду прынцыпаў іх работы. Таму і быў выдадзены ўказ па ўдасканаленні кантрольна-нагляднай дзейнасці. Неабходна зрушыць акцэнты ў рабоце кантралюючых органаў, нацэліўшы іх на прафілактыку парушэнняў», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Да добрасумленных суб’ектаў гаспадарання кантралюючыя органы не павінны падыходзіць і блізка. Для гэтага ўвядзіце зразумелыя, няхай і жорсткія, крытэрыі. Напрыклад, калі занятасць на прадпрыемстве павялічваецца, плацяжы па падатках растуць, людзям плацяць добрую зарплату, не зафіксавана ніводнай скаргі — туды ні нагой!» — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пазапланавыя праверкі павінны праводзіцца толькі ў выпадку, калі ёсць дакументальна пацверджаная інфармацыя аб парушэннях. «Не будзе рэзультату па так званай вашай аператыўнай і іншай інфармацыі — крыўдуйце самі на сябе. Выявілі парушэнні — дайце прадпісанне ўстараніць, калі гэта не крымінальныя. Але работу прадпрыемства — не спыняць. Няхай сам кіраўнік бярэ на сябе адказнасць і думае, як яму выпраўляць вашы заўвагі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка забараніў прымаць падзаконныя акты па лібералізацыі бізнесу без узгаднення з прадпрымальнікамі

«Без узгаднення з Саветам (па развіцці прадпрымальніцтва. — Заўвага БЕЛТА) урад не можа прыняць ні адзін падзаконны акт. Калі будуць спрэчкі (не заўсёды ж прадпрымальнікі маюць рацыю, урад, можа), вынесіце на мой разгляд тую ці іншую норму», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што нікому не ўдасца размыць палажэнні прымаемых падзаконнымі актамі рашэнняў. «Як гэтыя дакументы мы прымалі разам з вамі (прадпрымальнікамі. — Заўвага БЕЛТА), у асноўным з вашай падачы, гэтак жа і падзаконныя акты распрацуем», — запэўніў бізнесменаў кіраўнік дзяржавы.

Раней Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу завяршыць работу ў частцы лібералізацыі ўмоў для вядзення бізнесу ў максімальна кароткія тэрміны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *