Уладзімір Бабранок пятнаццаць гадоў свайго жыцця звязаў з дзейнасцю ў запаведніку

Грамадства

0003456

Стараннасць і працалюбства Уладзіміра Бабранка, які пятнаццаць гадоў свайго жыцця звязаў з дзейнасцю ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку, яшчэ не раз паставяць у прыклад маладым.

Вёска Міхалёўка, дзе прайшло дзяцінства, юнацтва і пачалося семейнае жыццё Уладзіміра Бабранка, яшчэ няпоўныя трыццаць два гады таму значылася на карце Брагінскага раёна. Пакуль не накрыла, не прымусіла людзей пакінуць родныя мясціны, не ўпісала адну з драматычных старонак у гісторыю нашага раёна чарнобыльская трагедыя. У мінулым засталося спакойнае, размеранае жыццё. Пачалося новае, з нязвыклымі для мірнага часу рэаліямі, забаронамі і абмежаваннямі. А ў сэрцах людзей пасяліліся трывога, пякучы боль, разгубленасць. І найбольшым узрушэннем паследкі тэхнагеннай катастрофы сталі менавіта для тых, хто страціў надзею вярнуцца дамоў.

Уладзімір Аляксеевіч якраз тады, у 1986-м, працаваў вадзіцелем у мясцовым калгасе імя Леніна. Таму давялося прымаць непасрэдны ўдзел у эвакуацыі насельніцтва, жывёлы з 30-кіламетровай зоны. Апусцела ў тым ліку і Міхалёўка. Не пачастуе больш родная зямля сакавітай садавіной, не парадуе шчодрым ураджаем агародніны, не напоўняцца дзіцячым смехам, людскім гоманам дамы…

Сям’я Бабранкоў, як і многія з пацярпелых землякоў, апынулася ў Буда-Кашалёўскім раёне – для перасяленцаў тут якраз узводзілася жыллё. Ды так і не прыйшліся даспадобы, не запалі ў душу новыя мясціны. Усё здавалася іншым – чужым і нямілым. Дакучалі да таго ж праблемы, што ўзнікалі з-за паспешнага, дасканала не прадуманага будаўніцтва дамоў. Таму сваё рашэнне Уладзімір Аляксеевіч разам з жонкай прымалі не беспадстаўна: Брагіншчына не адпускала.

Калі пераехалі ў пасёлак Ленінец, у сям’і ўжо выхоўвалася двое дзяцей. І ў прасторным доме, які вырас дзякуючы ўласным працавітым рукам, пасяліліся цеплыня, любоў і згода. Супакоілася душа.

Некалькі гадоў паслячарнобыльскага перыяду былі звязаны таксама з дзейнасцю ў сельскай гаспадарцы: вадзіцельскі вопыт спатрэбіўся пры рабоце ў калгасе імя Гагарына. А з лютага 2002-га Уладзімір Аляксеевіч прыступіў да працы ў сектары аховы Брагінскага ўчастка Палескага дзяржаўнага радыяцыяна-экалагічнага запаведніка. Сумленна і адказна выконваў свае абавязкі ў якасці вадзіцеля, потым – інспектара. Кантроль забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі, дзе ўстаноўлены свой рэжым і правілы, патрабаваў ад яго асаблівай пільнасці. Асноўная задача – папярэдзіць факты браканьерства, несанкцыяніраванага пранікнення ў ахоўную зону. Затрыманыя парушальнікі неслі адпаведнае пакаранне.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Як старанны і заўсёды паслядоўны, настойлівы ў справах, дасканалы ў выкананні даручанага, Уладзімір Аляксеевіч праявіў сябе і на пасадзе лесніка Верхнеслабадскога лясніцтва, якую займаў з 2008-га па 2017 год. Для яго зялёныя прасторы, навакольная прырода ўвогуле – свет асаблівага душэўнага спакою. Таму клопат пра гэтае нацыянальнае багацце, яго захаванне і прымнажэнне лічыў пачэснай справай. На карысць нашчадкаў.

Цяпер Уладзімір Аляксеевіч – на заслужаным адпачынку. Але яго адказнасць, імкненне да парадку ў кожнай справе, неабыякавасць яшчэ не раз будуць ставіцца ў прыклад маладым. Нездарма шматгадовую добрасумленную працу ў лясной гаспадарцы кіраўніцтва адзначыла Ганаровай граматай.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *