На лінейку гатоўнасці – да першага сакавіка

Грамадства

Traktor

У мінулым годзе сяўбу ранніх яравых хлебаробы нашага раёна пачалі аднымі з першых у рэспубліцы – 4 сакавіка. У час раённага семінара, які праходзіў на базе ААТ “Чамярыскі”, кіраўнікам і спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў спачатку прадэманстравалі падрыхтаваную да вясны ў сціслыя тэрміны тэхніку, а потым на адным з участкаў паказалі, як яна працуе. У прыклад акцыянернае таварыства можна прывесці і сёлета, бо з рамонтам трактароў і прычапнога інвентару, па словах галоўнага інжынера ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіла Пінжакова, праблем тут не ўзнікла. У лідарах, акрамя “Чамярыскага”, камарынцы, якія паставілі на лінейку гатоўнасці 97% тэхнікі. Хаця ўсе сельгасвытворцы працуюць у аднолькавых умовах, толькі дзве гэтыя гаспадаркі змаглі ­наладзіць работу належным чынам і падрыхтаваць да веснавой кампаніі наяўныя сельгасмашыны. Ім будзе чым сеяць, уносіць угнаенні, рыхтаваць глебу.

У ААТ “Пераможнік” не гатовы пакуль энерганасычаныя трактары, як запэўніў Міхаіл Вячаслававіч, сітуацыя выправіцца ў бліжэйшы час. Вузлы і агрэгаты да сталёвых асілкаў знахо-дзяцца ў рамонтных прадпрыемствах, каб выкупіць іх, вышукваюцца грашовыя сродкі. Фінансавую падтрымку атрымала “Брагінка”, таму і трактары, і прычапны інвентар будуць даведзены да ладу. Ёсць пытанні з падрыхтоўкай тэхнікі ў ААТ “Малажынскі”.

Як расказаў галоўны інжынер, у мінулым годзе на рамонт і ўзнаўленне сельгасмашын з раённага бюджэту было выдаткавана 900 тысяч рублёў, у 2018-м – толькі 200. Каб прывесці ў належны стан тэхніку, якая будзе задзейнічана на пасяўной, аграрыям Брагіншчыны спатрэбіцца 465 тысяч рублёў. Калі ўлічыць, што 200 тысяч яны ўжо атрымалі з бюджэту, яшчэ 86,4 тысячы зрасходавалі ўласных сродкаў, астатнюю суму (а гэта каля 200 тысяч), давядзецца ўзяць у якасці авансу. У такіх сітуацыях на выручку прыходзяць перапрацоўчыя прадпрыемствы, на якія сельгасвытворцы адпраўляюць жывёлагадоўчую прадукцыю. Такая практыка існуе не першы год.

Згодна з рабочым планам Міністэрства сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, пры эфектыўным выкарыстанні машын і абсталявання, высокай арганізаванасці, дзесяцігадзінным рабочым дні тэхнічная магчымасць дазваляе аграрыям Гомельшчыны правесці сяўбу яравых зерневых і зернебабовых за 11 дзён. Першымі пачынаюць яе механізатары Брагіншчыны. Справа гонару для іх – і да фінішу прыйсці першымі. А гэта будзе магчыма, калі да 1 сакавіка ўсю тэхніку паставяць на лінейку гатоўнасці.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *