Віншаванні з Днём абаронцаў Айчыны прымаў ветэран

Общество

weteran

Якое шчасце жыць у мірнай краіне! Чуць спевы птушак, а не выбухі бомбаў і снарадаў, бачыць над галавой блакітнае, а не засцеленае чорным дымам і смугой неба. Гэтым, на першы погляд, дробязям мы абавязаны тым, хто, праліваючы кроў, мужна змагаўся за мір і спакой на зямлі, хто, выконваючы свой грамадзянскі абавязак, аддаў жыццё, каб мы маглі радавацца і ранішняму ўзыходу сонца, і лагодным павевам ветрыку, і траскучым маразам – усяму, што напаўняе нашу паўсядзённасць. Мы заўсёды будзем памятаць і ўслаўляць іх, мужных салдат, сыноў не толькі беларускай зямлі. На вялікі жаль, усё менш застаецца побач з намі сведкаў той жудаснай вайны.

Наш калектыў лічыць сваім ганаровым абавязкам клапаціцца пра мясцовага ветэрана Вялікай Айчыннай – Фёдара Дзмітрыевіча Быстрыка. Кожны раз мы ідзём да яго з трапяткім пачуццём удзячнасці і глыбокай павагі, віншуем са святамі, цікавімся справамі, жадаем моцнага здароўя.

Вось і на гэты раз, у Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, мы, старшыня прафкама школы, педагог-арганізатар і члены валанцёрскага атрада “Добрае сэрца”, завіталі да Фёдара Дзмітрыевіча, каб адрасаваць яму самыя цёплыя словы. Як і заўсёды, ён сустрэў нас з добрым настроем і ўсмешкай. А мы ў сваю чаргу ўручылі яму падарункі ад вучняў і настаўнікаў школы, а таксама ад намесніка старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Веры Мялешкі.

Суровая праўда, пякучы боль, горыч перажытага… Пры ўспамінах пра ваеннае ліхалецце па твары ветэрана міжволі коціцца самотная сляза. І ён жадае не толькі нам, але і усім людзям толькі аднаго – дабрыні, міру і згоды.

Аксана ПЕЎНЯВЕЦ,
старшыня прафсаюзнага камітэта, 

настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мікуліцкай сярэдняй школы



Добавить комментарий