На базе Мікуліцкай СШ працуе інфармацыйны цэнтр па беларускай мове

Общество Популярное

У любімай мове, роднай, наскай,

Ах, якія словы: “Калі ласка!..”

Як гучаць яны пяшчотнаю струною,

Праз усё жыццё ідуць са мною!
П. Броўка

okcana

Такімі шчырымі і ласкавымі словамі віталі мы ў сябе ў гасцях дырэктараў і іх намеснікаў з усіх школ раёна ў Дзень роднай мовы. Прычым гэты прыём быў невыпадковы: з бягучага навучальнага года на базе нашай установы пачаў працаваць інфармацыйны цэнтр па беларускай мове. Таму праграму мерапрыемства падрыхтавалі насычаную – з відэапрэзентацыяй школы, фрагментамі ўрокаў, вячоркамі, дэгустацыяй страў нацыянальнай кухні, народнымі гульнямі… Усё было накіравана на тое, каб прысутныя ўбачылі сістэмную работу калектыву па вызначаным накірунку. Хацелася б і з вамі, паважаныя чытачы, правесці завочную экскурсію па нашай установе.

Мікуліцкая сярэдняя школа бярэ свой пачатак з 1863 года, ад стварэння першага народнага вучылішча ў валасным цэнтры Мікулічы. Цікава, што на пачатковым этапе яго наведвалі 40 дзяцей, у тым ліку толькі дзве дзяўчынкі. Будынак не разбурылі ні цяжкія гады рэвалюцыі, ні Вялікая Айчынная вайны, калі ў ім знаходзіўся нямецкі шпіталь, а ў маленькай прыбудове працягвала працаваць пачатковая школа.

У 1946-м у вёсцы пабудавалі новую школу, якая праіснавала аж да 1976 года. З гэтага моманту пад кіраўніцтвам тагачаснага дырэктара Міхаіла Крысенкі пачалі ўзводзіць будынак сучаснай установы, і ў 1978-м настаўнікі і вучні адзначылі ўваходзіны. У 2008 годзе тут быў праведзены капітальны рамонт.

Зараз у Мікуліцкай СШ, акрамя вучэбных кабінетаў, ёсць спартыўная і актавая залы, бібліятэка, камп’ютарны клас, майстэрня, зала для прыёму ежы, музей. У складзе калектыву – 20 настаўнікаў і 74 вучні. А аб плённай сумеснай працы, накіраванай на захаванне народных традыцый, пашырэнне ведаў аб жыцці і побыце продкаў, прапаганду роднай мовы, абуджэнне цікавасці вучняў да айчыннай літаратуры, сведчаць нашы вынікі.

Ёсць поспехі на раённых этапах алімпіяды па беларускай мове, у раённых конкурсах “Гавары са мной па-беларуску”, “Жывая класіка”, “Мая чароўная Беларусь”. Перамогай адзначаны ўдзел у абласным конкурсе “Прытрымліваемся законаў дарог” у намінацыі “Сачыненне”, а таксама ў першым этапе рэспубліканскага конкурсу “Чытаем па-беларуску з Velcom”.

Прыемна, што менавіта наш кабінет беларускай мовы і літаратуры – з густам аформлены і добра абсталяваны – прызнаны лепшым у раёне. Але мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым.

Наперадзе – даследчая дзейнасць, якая ставіць на мэце раскрыць таямніцы, глыбей унікнуць у сутнасць мясцовых легендаў і паданняў, а таксама песень, распрацоўка турыстычнага маршруту па аграгарадку Мікулічы, спроба сваіх сіл у чарговых конкурсах і творчых спаборніцтвах.

Аксана ПЕЎНЯВЕЦ,
старшыня прафсаюзнага камітэта, настаўніца беларускай мовы  і літаратуры

Мікуліцкай сярэдняй школы



Добавить комментарий