На работу Алена Пясчаная спяшаецца з радасцю і натхненнем, шчырым жаданнем праяўляць сябе ў якасці кіраўніка

Праздники и будни

0002

Яшчэ няпоўныя два тыдні таму ў душы маладой загадчыцы Шкуратоўскага дзіцячага сада Алены Пясчанай панавала хваляванне: ці падтрымаюць яе кандыдатуру выбаршчыкі? У большасці прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат за плячыма ўжо значны працоўны вопыт: у складзе раённага Савета – не адзін тэрмін, таму аб стаўленні да адказнай дзейнасці людзі могуць меркаваць па папярэдніх справах. А яна, яшчэ ў недалёкім мінулым выхавальніца, балатавалася ўпершыню.

І, відаць, менавіта ўласцівыя маладосці энтузіязм, творчы парыў і стваральная энергія паўплывалі на выбар мясцовых жыхароў. Сёння Алена Ігараўна – паўнапраўны дэпутат Шкуратоўскай выбарчай акругі №30, прадстаў-нік органаў мясцовага самакіравання 28-га склікання. Яе кандыдатуру падтрымалі больш за 80 працэнтаў выбаршчыкаў.

На пасадзе кіраўніка гэтая жанчына працуе няпоўныя два гады. Але нават за такі кароткі тэрмін яна даказала, што калі ёсць надзейная падтрымка і апора, свежы позірк на праблемы і згуртаваная каманда аднадумцаў, якой лічыць свой калектыў, – справа будзе ладзіцца. Галоўнае – агульная заклапочанасць вырашэннем пастаўленых задач, нацэленасць на пазітыўны вынік. Цяжкасці, якія б яны ні былі, заўсёды выпрабоўваюць нас на трываласць. І ў першую чаргу – наколькі мы гатовы насуперак ім дзейнічаць, быць ініцыятыўнымі і прадпрымальнымі, шукаць выйсце са складаных абставін, прыходзіць на дапамогу адзін аднаму. Таму ў рэалізацыі сваіх задум Алена Ігараўна не прытрымліваецца кабінетнага стылю работы.

Каб добраўпарадкаваць тэрыторыю ўстановы, надаць ёй больш прывабны выгляд, расквеціць яркімі малюнкамі будынак, давялося дамаўляцца аб падтрымцы – весці дыялог з кіраўнікамі ААТ «Брагінка», прыватнага прадпрыемства «Молград» і нават звярнуцца па дапамогу да мастака з Хойнік. Так што прыкметныя змены ў наваколлі дзіцячага сада адбыліся дзякуючы ўласнай ініцыятыве, разуменню і спагадлівасці, гатоўнасці прыйсці на выручку ў цяжкія хвіліны неабыякавых людзей, працоўным намаганням усяго калектыву.

Палепшылася за апошні час таксама прадметна-развіваючае асяроддзе груп, што станоўча ўплывае на развіццё юных асоб, садзейнічае росту іх пазнавальнага інтарэсу. Ужо ёсць пэўныя задумы і ў афармленні тэрыторыі садка, размяшчэнні кветкавых кампазіцый, малых архітэктурных формаў. Увесь калектыў на чале з Аленай Пясчанай – у чаканні цёплых веснавых дзён. На работу яна, як прызналася сама, спяшаецца з радасцю і натхненнем, шчырым жаданнем праяўляць сябе ў якасці кіраўніка. А каб апраўдаць давер сваіх выбаршчыкаў, цяпер патрэбна з такой жа адказнасцю ставіцца і да грамадскіх абавязкаў, актыўна садзейнічаць вырашэнню праблем вяскоўцаў, рабіць усё магчымае дзеля іх камфорту і дабрабыту. Іншымі словамі, жыць інтарэсамі людзей.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *