Нашы жывёлаводы: добрыя працаўніцы і клапатлівыя матулі

Популярное Праздники и будни

Напярэдадні 8 Сакавіка падарункі і лісты з падзякай атрымалі жывёлаводы цэнтральнай фермы ААТ “Чамярыскі”.

Наталля Лазар і Юлія Цішунец
Наталля Лазар і Юлія Цішунец

Уручыў іх старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан у рамках рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”, якая стартавала 1 снежня 2017 года і прызвана павысіць прэстыж чалавека працы. Прафсаюзны лідар прыехаў на ферму не толькі заахвоціць лепшых матэрыяльна, падзякаваць за стараннасць і высокія вытворчыя дасягненні, але і паглядзець, якія бытавыя ўмовы створаны для людзей.

Напярэдадні вясновага свята 8 Сакавіка Віктар Іванавіч пажадаў прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва шчасця і радасці, дабрабыту, моцнага здароўя, удачы і новых працоўных здабыткаў. Каб у сем’ях панавалі лад і ўзаемаразуменне, радавалі дзеці і ўнукі. Для нашых гераінь гэта асабліва важна. Наталля Лазар, напрыклад, маці шасцярых дачок і сыноў. Найменшаму, Арцёму, споўнілася пяць гадкоў, а старэйшая з гэтай сям’і паўгода таму падаравала Наталлі Пятроўне ўнучку, якую назвалі Расціславай. На Чамярыскай ферме жанчына даглядае маладняк буйной рагатай жывёлы.

Прозвішча Юлі Цішунец у нашым раёне вядома многім, бо ў папярэднія гады яна выходзіла пераможцай спаборніцтва сярод жывёлаводаў, занятых адкормам бычкоў і цялушак. Працуюць удваіх з мужам, зараз у іх групе 600 галоў. Стаж работы на гэтым вытворчым падраздзяленні – дзевяць гадоў.

Па адукацыі аператар машыннага даення Наталля Арцямкова – заатэхнік. У ААТ “Чамярыскі” прыйшла ў 1999 годзе, працу на МТФ паспяхова спалучае з мацярынствам. Дачка Наталлі Аляксандраўны, Дзіяна, захапляецца лёгкай атлетыкай і зараз вучыцца ў Мазырскім філіяле Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Хто ведае, магчыма, нашай зямлячцы выпадзе гонар прадстаўляць Беларусь на прэстыжных між-народных спаборніцтвах і праславіць рэспубліку.

А ўсім працаўніцам “Чамярыскага” – чароўнай вясны, здзяйснення ўсіх мар, кахання і добрага настрою. Няхай на жыццёвых дарогах не сустракаецца ніякіх перашкод.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *