Птушкай-сімвалам Брагіншчыны абраны шэры журавель

Год малой родины

ptitsy001

Экалагічная акцыя “Выбіраем птушыны сімвал раёна” праходзіць пад кіраўніцтвам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і пры садзейнічанні мясцовай улады. Па правілах, кандыдатам на гэтае высокае званне мог стаць від, які мае шырокае распаўсюджванне на тэрыторыі Брагіншчыны, або рэдкі, занесены ў Чырвоную кнігу. Птушка павінна быць добра вядома мясцовым жыхарам ці, наадварот, малавядомай, але значнай для нашага краю, падкрэсліваць яго ўнікальнасць.

У раённым этапе акцыі прынялі ўдзел навучэнцы ўстаноў адукацыі. Дзеці падрыхтавалі прэзентацыі на 10 прэтэндэнтаў.

010002001

Так, вучні Брагінскай школы звярнулі ўвагу на жаваранка, першую вясновую птушку, якая абвяшчае аб прыходзе цяпла.

Гімназісты зрабілі акцэнт на лебедзі – сімвале кахання, вернасці і адраджэння. Дарэчы, пры падрыхтоўцы матэрыялу яны даведаліся, што да аварыі на Чарнобыльскай АЭС гэты від птушак быў зусім не рэдкасцю для Брагінскага раёна. Але калі з забруджаных радыяцыяй мясцін пачалі з’язджаць людзі, пакінулі іх і лебедзі. І вось зараз, праз некалькі дзесяцігоддзяў, яны пачалі вяртацца.

003

Школьнікі з Вуглоў прапанавалі зрабіць сімвалам раёна энергічную і звонкую птушку, чыё шчабятанне заўсёды асацыіруецца з чымсьці светлым, добрым і радасным – вясковую ластаўку. Адно з павер’яў, звязаных з гэтай птушкай, сцвярджае: калі ластаўка вырашыла пабудаваць гняздо пад дахам вашага дома, не замінайце ёй, і тады да вас прыйдзе поспех і дабрабыт.

Прадстаўнікі Камарынскай СШ упэўнены, што лепшым прэтэндэнтам на ганаровае званне з’яўляецца белы бусел. Гэтая птушка, адна з самых высакародных, у нашых продкаў заўсёды асацыіравалася з сям’ёй, дабрабытам, працягам роду.

008

Кандыдатуру шэрага жураўля прапанавалі ў Чамярыскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе. У культуры многіх народаў гэтая птушка лічыцца сімвалам шчасця, увасабляючы свабодалюбства, пільнасць, поспех і вернасць.

005

У ліку кандыдатаў называліся таксама сініца, амялушка, аўдотка, балотная сава, залацістая шчурка.

004007

Перад журы стаяла няпростая задача. Але ў выніку гарачых спрэчак і абмеркаванняў з усіх прэтэндэнтаў было вылучана тры: лебедзь, вясковая ластаўка і шэры журавель, для якіх пачаўся новы этап барацьбы – галасаванне ў сацсетках. Кандыдатуры птушак былі вынесены на абмеркаванне грамадзян, і кожны жадаючы мог аддаць свой голас за тую, якая спадабалася больш, у групе раённай газеты “Маяк Палесся” ў “Аднакласніках”.

Трэба адзначыць, што і тут не было адзінага меркавання. Асноўная барацьба разгарнулася паміж прыхільнікамі шэрага жураўля і лебедзя. І кожны меў важкі аргумент, чаму тая ці іншая птушка павінна стаць сімвалам раёна. На момант зняцця паказанняў з лічыльніка разбежка паміж гэтымі відамі была мінімальнай: 754 – за жураўля і 745 – за лебедзя. За ластаўку прагаласавала 352 чалавекі.

011

Такім чынам, з перавесам у дзевяць галасоў сімвалам раёна брагінчане абралі шэрага жураўля. Афіцыйны статус птушка атрымае ў бліжэйшы час.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *