Вытворчасць малака ў гаспадарках нашага раёна склала за студзень-люты 117% да ўзроўню мінулага года

Грамадства Популярное

vred-moloka

Палепшыліся і яго якасныя паказчыкі: 47% рэалізавана гатункам экстра (у сярэднім па вобласці – 39%). У лідарах – працаўнікі ферм ААТ “Імя Жукава”. На працягу лютага яны прадавалі малако толькі гатункам экстра, а за два месяцы яго аб’ём у агульнай колькасці адпраўленай прадукцыі – 96,6%.

На другой пазіцыі знаходзіцца “Брагінка”. Як сведчаць аператыўныя даныя ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання за 11 сакавіка, гэтае сельгаспрадпрыемства паставіла перапрацоўшчыкам 76,8% малака гатункам экстра, ААТ “Брагінскі” – 42,1% і столькі ж – вышэйшым. Па словах спецыялістаў, сітуацыя ў апошнім акцыянерным таварыстве можа вагацца.
У ААТ “Камарынскі” на долю экстра прыпадае 50%. І гэта дзякуючы жывёлаводам Асарэвіцкай фермы, дзе ўсё атрыманае малако самай высокай пробы. Калектыў МТФ “Прудавіца” прадае сыравіну вышэйшым гатункам, МТФ “Бярозкі” – першым.

Што датычыць іншых сельгаспрадпрыемстваў, то ім неабходна больш увагі ўдзяляць якасным паказчыкам. Адкрытае акцыянернае таварыства “Пераможнік” на працягу першых двух месяцаў года рэалізоўвае малако вышэйшым гатункам, як, дарэчы, і “Чамярыскі”. Невысокі працэнт экстра і ў “Малажынскім” – каля 30.

У чым сакрэт поспеху жывёлаводаў ААТ “Імя Жукава” і чаму іншым не ўдаецца атрымліваць прадукцыю, якая б адпавядала самым строгім патрабаванням? На гэтае пытанне галоўны заатэхнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пётр Пінчук адказаў коратка: “Тут строга прытрымліваюцца тэхналогіі вытворчасці малака, якая ўключае і так званую антымастытную праграму”. Куды зліць першыя струменьчыкі малака, перавесці карову перад ацёлам, як падаіць яе, справа галоўнага заатэхніка Святланы Козел і аператараў машыннага даення. Галоўнае, што наладжаная сістэма работы дае добрыя вынікі.

Пра гатунак экстра размову завялі невыпадкова. Тона такога малака каштуе 738 рублёў (без падатку на дабаўлены кошт), вышэйшага гатунку – 638, першага – 584 рублі. Аб гэтым нас праінфармаваў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Кавалёк. Пра астатняе даведаліся ад галоўнага эканаміста ААТ “Імя Жукава” Юлі,

Сырапаравай, кампетэнтнага і неабыякавага спецыяліста. За студзень-люты вытворчасць малака ў іх сельгаспрадпрыемстве склала 129,8%, таварнасць – 91,6%. Дадаткова экстра прынесла ў касу акцыянернага таварыства 34 172 рублі 45 капеек – менавіта столькі складае розніца ў цане такой прадукцыі ў параўнанні з малаком вышэйшага гатунку, не гаворачы ўжо пра першы.

І далей Юлія Віктараўна растлумачыла, якія стымулы прымяняюцца ў гаспадарцы для заахвочвання жывёлаводаў у атрыманні якаснай прадукцыі. За літр малака вышэйшага гатунку налічваецца 1 рубель 12 капеек, экстра – 1 рубель 23 капейкі. Акрамя гэтага, усім выплачваецца пяцідзесяціпрацэнтная надбаўка за надоенае малако.

Аператарам машыннага даення, якія атрымаюць ад замацаванай групы звыш 25 тон малака за месяц, выдаецца яшчэ і прэмія ў суме 30 рублёў.

Прадугледжаны даплаты за раздой нецеляў, прывядзенне ў парадак працоўнага месца, прырост малака, раздачу кармоў, шкоднасць і інш. Напрыклад, даярцы з Мікуліч, якая надаіла за люты 16 тон малака, налічылі 199 рублёў 77 капеек. А з усімі даплатамі сума заробку склала 531 рубель. Яе калега з Буркоў за 24 працоўныя дні і атрыманыя 33 тоны папоўніць сямейны бюджэт на 785 рублёў.

Юлія Віктараўна не адзін раз падкрэсліла: ніжэйшая якасць малака – ніжэйшыя і стымулюючыя надбаўкі. У тым, што матэрыяльны стымул дзейнічае, мы пераканаліся самі ў час наведвання гаспадаркі і ўручэння жывёлаводам лістоў з падзякай і падарункаў. На заробкі ў ААТ “Імя Жукава” яны не скардзіліся.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *