26 красавіка – Дзень чарнобыльскай трагедыі

Грамадства

00004

Лета 1986 года. На вуліцах Брагіна – мноства тэхнікі і людзей. Адны займаюцца дэзактывацыяй і зносам жылля, другія будуюць і асфальтуюць дарогі. Усё гэта падобна на мітусню ўрачоў, родных і блізкіх каля ложка хворага. А розум адмаўляецца верыць у тое, што здарылася. І ніхто яшчэ не ўяўляе сапраўднага памеру чарнобыльскай катастрофы.

– Спачатку пачалі старанна мыць горад спецыяльнымі растворамі ды і проста вадой – вуліцы і тратуары, дамы і дрэвы. Справа ў тым, што пыл, як акумулятар, накоплівае радыяцыю, і варта дзьмухнуць вецярку, як яго зноў панясе на “чыстыя” аб’екты. Палівачныя машыны кругласутачна абмываюць горад і тэрыторыі, што з ім мяжуюць. Адразу ж пачалі заліваць асфальтам і бетонам вуліцы і тратуары ўздоўж трас, давялося выкасіць траву, высечы кусты, а дзе і гэтага аказалася недастаткова – зняць слой грунту, усё гэта вывезці і на-дзейна “схаваць” – расказваў аб ліквідацыі паследкаў трагедыі ў Брагіне міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі А. Бязлюдаў.

З тэхнагеннай катастрофай такога маштабу яшчэ, безумоўна, не сутыкалася ніводная нацыя. Чорнае крыло зачапіла мільёны людзей, але асабліва моцна пацярпелі беларусы. Самыя жывапісныя мясціны, у тым ліку і Брагіншчына, прынялі на сябе страшны ўдар радыяцыі. Што тады магло панаваць у душах? Разгубленасць, трывога ды страх. А як было тым, хто вымушана пакідаў родныя мясціны?..

З даклада начальніка раённага штаба грамадзянскай абароны А. Пракопава аб выніках работы па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС (снежань 1986 г.):

 На падставе рашэння аблвыканкама 3 і 4 мая… з 30 населеных пунктаў 30-кіламетровай зоны… эвакуіравана 6336 чалавек, 12 240 галоў буйной рагатай жывёлы, 3200 свіней, 6600 авечак і 247 коней. Для аказання практычнай дапамогі нам былі накіраваны 251 аўтобус і 660 грузавых аўтамабіляў з розных аўтагаспадарак вобласці.

За межы раёна да 10 мая вывезена ў піянерскія лагеры, санаторыі і прафілакторыі краіны 10 200 дзяцей школьнага і дашкольнага ўзростаў, 760 жанчын з дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў і 273 цяжарныя жанчыны.

У сувязі з ускладненнем радыяцыйнай сітуацыі з 3 да 9 чэрвеня 1986 г. праведзены другі этап адсялення з 18 населеных пунктаў: в. Спярыжжа, Глухавічы, Багушы, Хатуча і інш. Вывезена больш за пяць тысяч чалавек, 13 500 галоў жывёлы. На трэцім этапе адсялення (в. Астрагляды, Сабалі, Савічы) эвакуіравана больш за тры тысячы чалавек…

У выніку наступстваў чарнобыльскай аварыі з сельскагаспадарчай вытворчасці выбыла 57 355 га зямель, 63,5 млн рублёў асноўных фондаў, з лесагаспадарчага карыстання выведзена 13 тыс. га лесу.

Зменшылася колькасць насельніцтва на 13,5 тыс. чалавек.

Такі ён, смерч чарнобыльскай бяды: апусцелыя вёскі, забруджаныя тэрыторыі, пакалечаныя лёсы, адабраныя жыцці… І ўсё ж хапіла духу, каб вытрымаць, не апусціць у цяжкую хвіліну рукі. Дзяржава рабіла ўсё, каб мінізаваць паследкі аварыі, дапамагчы людзям адрадзіць пацярпелыя раёны: вялося будаўніцтва, ажыццяўляліся меры радыяцыйнай абароны, павышаўся ўзровень медыцынскага абслугоўвання, вырашаліся кадравыя пытанні.

Вярталіся аптымізм, жаданне жыць і працаваць на некалі параненай зямлі. Беларусы паказалі, што веліч чалавечага духу і адданасць радзіме, добрыя справы на яе карысць мацней за тэхнагенную катастрофу. Таму зноў і зноў такой парою будуць новыя турботы і клопаты – вясна натхняе на стваральную працу, дорыць радасць і надзею. Але чарговы красавік у які раз прымусіць успомніць…

Мы памятаем і пра горкія вынікі катастрофы, і пра мужны паядынак з полымем на АЭС, і пра тых, каго забраў ад нас Чарнобыль і хто ўжо ніколі не пабачыць, як прыгажэе, абнаўляецца родная зямля.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *