Брагінская ДШМ: юныя баяністы сталі прызёрамі абласнога конкурсу

Грамадства

098654

Навучэнцы Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў занялі трэцяе месца ў абласным фестывалі-конкурсе інструментальных ансамбляў. Аб гэтым нам паведаміла дырэктар установы Анжэла Бондар.

Таленавітыя, мэтанакіраваныя, старанныя – так характарызуе сваіх вучняў выкладчык школы мастацтваў Валянціна Жорава, якая і разгледзела ў хлопчыкаў здольнасці да ігры на баяне. А яны ўлічваюць, па словах Валянціны Мікалаеўны, і музычны слых, і пачуццё рытму, і добрае валоданне нотнай граматай. Вельмі важна таксама навучыцца правільна размяшчаць рукі на інструменце. А каб выпрацаваць тэхніку ігры, давесці яе да аўтаматызму, неабходна пастаянна ўдасканальваць свае навыкі пры дапамозе спецыяльных практыкаванняў.

На фестывалі-конкурсе, які праходзіў у Мазырскім дзяржаўным музычным каледжы, у малодшай узроставай групе свае нумары прадставілі 15 калектываў. І, нягледзячы на намаганні дастойных сапернікаў, вучні, на якіх зрабіла стаўку Брагінская ДШМ, вярнуліся дамоў з узнагародай.

Падрыхтоўку да мерапрыемства Яўген Манжос (другі клас) і Яраслаў Кніжонак (трэці клас) пачалі ўжо з верасня 2017 года. Да справы і хлопчыкі, і выкладчык падышлі сур’ёзна. Іх конкурсны рэпертуар складаўся з твораў старадаўняй і класічнай музыкі: беларускага народнага танца “Янка” і “Экасеза” Франца Шуберта.

Віншуем нашых новых зорачак і жадаем ім далейшых творчых поспехаў!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *