Пазітыўнаму настрою і запалу самадзейных спявачак можна толькі пазайздросціць

Год малой родины Популярное Праздники и будни

00000001

Яны спяваюць не “па-сучаснаму”: без фанаграм і бліскучых касцюмаў, а часта – і без мікрафонаў. Песні льюцца з душы, так, што, слухаючы адну, хочацца падпяваць і прытопваць, а ад другой на вачах з’яўляюцца слёзы. Ансамбль “Грымата” створаны не так даўно, адлік сваёй гісторыі ён пачаў у кастрычніку 2016 года. Але ўжо зараз яго натхняльніца і ініцыятар Ліна Пятніцкая канстатуе: няма ў раёне ўстановы культуры, дзе б не выступіў калектыў. Потым, усміхаючыся, удаклядняе: “Ёсць. Рыжкаў. Але і туды дабяромся”.

Сумненняў яе словы не выклікаюць, бо імпэту, пазітыўнаму настрою і запалу самадзейных спявачак можна толькі пазайздросціць. І хаця ніхто з жанчын не хавае свайго ўзросту, паверыць у тое, што ўсе – на пенсіі, цяжка. Калектыў ствараўся пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, дзе і працуе кіраўніком гуртковай работы Ліна Адамаўна.

Ніна Рассудоўская – мастацкі кіраўнік “Грыматы”. Чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, таму і да падбору рэпертуару адносіцца неабыякава, адказна. Сама на месцы не стаіць і іншым не дае, – з цеплынёй адзначаюць Галіна Волік, Антаніна Стоцкая, Тамара Глуўко і Еўдакія Атрошчанка. Збіраюцца жанчыны на спеўкі двойчы на тыдзень: гэта для іх магчымасць не толькі парэпеціраваць, абмеркаваць планы, але і пабыць у творчай, сяброўскай атмасферы.

Нягледзячы на малады ўзрост калектыву, ёсць дасягненні, якімі можна ганарыцца. У мінулым годзе на фестывалі “У коле сяброў”, што праходзіў у Жыткавічах, занялі ганаровае другое месца. Зараз жанчыны рыхтуюцца да чарговага выступлення на аналагічным конкурсе, а таксама плануць прыняць удзел у “Брагінскай музычнай вясне”.

00000007

Побач з дарослымі і дзеці. Часта разам з “Грыматой” выступае дзіцячае аб’яднанне “Спадчына”. Яго ўдзельнікі – юныя камарынцы. Ліна Пятніцкая падк-рэслівае: вельмі важна перадаць культурную спадчыну падрастаючаму пакаленню. Каб не згаслі беларускія песні і танцы, каб жылі спрадвечныя традыцыі нашых продкаў, каб “ведалі імя сваё”. Гэта актуальна заўсёды, асабліва – у Год малой радзімы.

000000040000000300000002

Сустрэцца з гэтымі двума калектывамі мне пашчасціла ў мінулую сераду ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых і інвалідаў у Камарыне. Тут чыста, цёпла і ўтульна. Старыя і нямоглыя – дагледжаныя, прыбраныя, аб іх клапоцяцца. Для тых, хто знаходзіцца ў аддзяленні, гэта паратунак, магчымасць правесці гады на схіле жыцця ў належных умовах, дастойна. Але ўсё ж… Не схаваю свайго меркавання: не дай Божа апынуцца ў старасці ў “казённых” сценах.

00000006Удзельнікі мастацкай самдзейнасці прыходзяць сюды, каб падзяліцца сваёй душэўнай цеплынёй, падтрымаць, падбадзёрыць. І ў іх гэта атрымліваецца. З імправізаванай сцэны льюцца народныя песні, дзеці адмыслова валодаюць лыжкамі і танцуюць. Гледачы захоплены нумарамі цалкам, адступаюць хваробы і гады. “Ці так вы спявалі ў маладосці?”, – звяртаецца да іх Ліна Адамаўна. І загараецца агеньчык у вачах, распрамляюцца плечы, з’яўляюцца ўсмешкі на тварах. “Лепей!” – гучыць даволі бадзёры адказ.

00000005

Заканчваецца канцэртная праграма – і дзеці, як чародка птушак, разлятаюцца па дамах. Жанчыны затрымліваюцца каля састарэлых, каб падтрымаць іх словам. Паміж імі адчуваецца цесная душэўная сувязь. І гэта зразумела: шчырасць, дабро і цеплыня, калі яны непадробныя, заўсёды знаходзяць водгук у сэрцах.

Галіна ШАЎЧЭНКА

Фота аўтара



Добавить комментарий