Вёска Галкі: дняпроўскіх водаў хараство

Год малой родины

00001

Кожны год, як толькі вясна робіць свае першыя крокі, здымаючы з зямлі белыя посцілкі, шмат пішуць і гавораць пра вялікую ваду. Будзе яна ці не? Аб гэтым, відаць, цяжка меркаваць ужо нават сіноптыкам – прырода стала настолькі непрадказальнай і капрызнай асобай, што паспрабуй, разбярыся ў яе дзівацтвах: то ў канцы сакавіка снегу шчодра падсыпле, то замест зімовых мінусаў – анамальныя плюсы. Таму нават пры прагнозах, што паводкі не прадбачыцца, адказныя службы да яе ўсё роўна рыхтуюцца. Папярэджваюць, перасцерагаюць, выступаюць у сродках масавай інфармацыі, робяць усё, каб мінімізаваць магчымыя наступствы. Ды, на маю думку, для саміх мясцовых жыхароў, добра знаёмых з характарам паўнаводнага Дняпра не па чутках, вялікая вада – з’ява прывычная, і як наладзіць сезонную жыццядзейнасць, яны ўжо добра ведаюць і без парад спецыялістаў. У падобных умовах, дарэчы, вырасла і сама. Таму асабіста для мяне шырокія і спакойныя рачныя прасторы ў веснавы час больш асацыіруюцца не са стыхіяй, а з малой радзімай. Куточкам, дзе заўсёды ішло нетаропкае, размеранае і спакойнае жыццё. Нават у перыяд паводкі.

Нікому з вяскоўцаў не патрэбна было нагадваць, калі неабходна паклапаціцца аб выцягванні са склепаў бульбы і іншых гароднінных запасаў, перамяшчэнні на ўзвышшы сена і дроў, у больш небяспечныя месцы – жывёлы. А ў выпадку нейкага нядогляду ці прамаруджвання часу людзі нікому на свае праблемы не скардзіліся, не шукалі вінаватых, не чакалі дапамогі аднекуль збоку. З любымі цяжкасцямі прывыклі спраўляцца самастойна, пры-ходзілі на выручку адзін аднаму. Яно і зразумела. Стаж паводкавы – шматгадовы.

З дзяцінства добра памятаю, якімі шляхамі крочыла па Галках вялікая вада, калі магутны Днепр расхінаў свае берагі і вырываўся на волю. Спачатку яна залівала лугавыя прасторы, потым перакрывала дарогу ў нізінным месцы, дзе раней быў драўляны мост, авалодвала агародамі і, нарэшце, ціхенька падбіралася да двароў. Дзень за днём усталёўвала свае парадкі: звычайны абутак змяняўся на гумавыя боты, транспарт – на плавальныя сродкі. Бывала, раніцай ідзеш у суседнюю вёску Асарэвічы ў школу, а дамоў ужо па сушы не вярнуцца. Лепшы варыянт, вядома, калі цябе прыкмецяць ці акажуцца побач дарослыя. Пакуль можна перабрысці, дзяцей, як правіла, пераносілі на сваіх плячах. У гумавых ботах ці басанож – гэта ўжо залежала ад воднай глыбіні. Але найбольш смелыя не чакалі, адважваліся і самі ступіць у халодную красавіцкую ваду: ідзеш – а яна, яшчэ не прагрэтая вясновым сонцам, зводзіць ногі. Ды што нам, вясковым падлеткам? Нічога неверагоднага, і нават нейкая рамантыка.

У найбольш выгадным становішчы, вядома, знаходзіліся жыхары ўскраін, куды вада падбіралася не заўсёды, а калі і залівала, то дасягнуць сушы адтуль усё роўна было прасцей. Здараліся паводкі, што прымушалі многіх цэлымі сем’ямі ўсаджвацца ў лодкі ці чаўны прама ад фортак, каб пераправіцца праз разліў, дабрацца да школы і месца работы. Загадзя дамаўляліся, хто і калі даставіць дзяцей пасля вучобы дамоў, а ў найбольш шчодры на дняпроўскія воды сезон школьнікам даводзілася і тыдзень-другі пагасцяваць у сваякаў з Асарэвічаў. У такія хвіліны паміж мясцовымі жыхарамі назіралася асаблівая ўзаемадапамога. Людзі, можна сказаць, станавіліся адным цэлым.

Добра памятаю, як у адну з такіх вёснаў, восем гадоў таму, з прапановай падрыхтаваць фотарэпартаж аб дняпроўскім разліве да мяне звярнуўся бацька. Калі цэнтр вёскі ўжо цалкам быў адарваны ад цывілізацыі, патэлефанаваў прама ў рэдакцыю. І паведаміў, што ўсё для нашага журналісцкага падарожжа прадумаў: і плавальны сродак на хаду, і маршрут, па якім з ім паплывём, вызначыў. Не кожны год усё-такі можна назіраць такое хараство. Як не напісаць, не зрабіць фотаздымкі для газеты?

Менавіта так: для бацькі, чалавека спагадлівага і дабрадушнага па сваёй натуры, шчыра адданага вясковаму ўкладу жыцця, разліў ракі заў-сёды быў прыгожай стыхіяй, шчодрым падарункам прыроды. І нават нейкім асаблівым гонарам за родныя мясціны, дзе гаспадарыць царства вады. Для карэнных жыхароў такая веліч і багатырская моц Дняпра – прывычная, добра знаёмая, а для гасцей, падарожных людзей – сапраўдны цуд! Дзіўным здавалася, як можна жыць у такіх умовах, перамяшчацца, налягаючы на вёслы. А што там? У часы, калі вёска яшчэ поўнілася маладзейшымі жыхарамі і дзецьмі, майстэрствам упраўлення лодкай ці чоўнам авалодвалі нават многія дзяўчаты, не гаворачы пра хлапчукоў. Гойсалі па ціхай воднай гладзі да позняга вечара. І ні ў кога і ў думках не ўзнікала назваць гэтыя шыкоўныя краявіды “надзвычайнай сітуацыяй”.

Тады якраз, пасля працяглага перапынку, Днепр зноў паказаў свой разліў ва ўсёй красе. Яшчэ зімой стала зразумела, што з-за вялікай колькасці снегу ручайкамі і лужынкамі не абы-дзецца. І сапраўды, ужо ў першыя красавіцкія дні, запаўняючы перакаты, вада пачала прасочвацца ў Галкі. Заліла дарогу, увайшла ў двары. І дамы, якія вяскоўцы прадбачліва, з улікам прыродных умоў узводзілі на ўзгорках, красаваліся на астраўках.

Да вызначанага месца, як і дамовіліся, прыехалі разам з Вольгай Паляшчук, у руках якой ужо быў напагатове лічбавы фотаапарат. А прастор для здымкаў – самы шырокі. Садзімся ў лодку, і бацька, узмахваючы вяслом, скіроўвае яе ў Сяло. Менавіта так яшчэ першыя жыхары Галак назвалі цэнтральную частку вёскі, адкуль пайшоў яе пачатак. Праўда, заблукаць у гэтым невялікім населеным пункце няма дзе – размясціўся толькі на адной вуліцы, але людзі ўсё роўна па-свойму раздзялілі яго на чатыры часткі. Магчыма, для больш хуткай арыентацыі на мясцовасці. Так і атрымалася: да Сяла, калі пачалі будаваць адна за адной хаты, “прыляпіліся” Ліпкі, Замосце размясцілася за мастом, якога не стала ўжо пасля пракладзенай асфальтаванай дарогі, а Хутар нібы адасобіўся, крыху аддаліўся ад іншых частак вёскі.

З Сяла якраз тады, у 2010-м, нават да магазіне нельга было дабрацца і ў так званых рыбацкіх ботах. Але з боку аўтатрасы, да якой доўжацца Ліпкі, пералівы вады асаблівай перашкоды для грузавых машын не стваралі. Таму перабояў у пастаўцы прадуктаў харчавання не было. Іншая справа: як іх з прылаўкаў у адрэзаныя ад сушы дамы даставіць? Пераважная ж колькасць насельніцтва – пен-сіянеры. Таму хто вяслом спрытней рассякаў, прыходзіў на выручку іншым, нярэдка – перамяшчаючы ў лодцы з правізіяй загадчыцу магазіна. Не з рукі ўсё-такі землякоў без свежага хлеба пакідаць.

Вялікая вада ў Галках. 2010 год.
Вялікая вада ў Галках. 2010 год.

000030000400005На тварах і ў паводзінах вяскоўцаў, якія пазіралі на нас з астраўкоў ці праплывалі міма на чоўнах, – ніякай узбударажанасці. Адзіны неспакой: калі будзем сеяць? У паводкавы перыяд гэтую справу даводзілася, безумоўна, адцягваць. Чакаць, пакуль вада цалкам сыдзе, а глеба – добра падсохне. Свой імклівы бег рака спыняла, як многія прыкмячалі, калі распускаецца вярба. Але ці ўпершыню? Пасаджанае ў канцы мая, а то і ў пачатку чэрвеня давала не менш шчодры ўраджай. Так, відаць, прырода дзякавала вяскоўцам за цярплівасць, увагу і любоў да яе. Людзі, якія засумавалі па зямельных клопатах, працавалі на сваіх прысядзібных участках з асаблівай стараннасцю і натхненнем, шчыра чакалі і радаваліся аддачы, няхай і пазнейшай, чым у іншых.

Апошнія разлівы, дарэчы, лічыліся ў вёсцы яшчэ даволі літасцівымі, ні ў якое параўнанне з норавам Дняпра ў пачатку 70-х, калі назіралася сапраўднае мора. Каму-некаму, як добра памятаюць старэйшыя карэнныя жыхары, даводзілася насоўваць гумавыя боты на ногі прама з ложка – вада завітала ў дамы. Каб накарміць жывёлу, для якой рыхтавалі ў хлявах спецыяльныя насцілы, патрэбна было садзіцца ў човен літаральна ад парога. Справіцца з хуткай плынню, што віравала на водных прасторах, мог не кожны. Былі і трагедыі.

Ды з цягам часу прырода ўсё-такі свой запал пачала стрымліваць. Балоты асушылі, суровыя зімы сталі менш снежныя і халодныя, а затапленні адпаведна – радзейшыя і больш сціплыя, утаймаваныя. Прырода жыве па сваіх правілах і законах. А чалавек, як заўсёды, прыстасоўваецца да яе сіл, вучыцца жыць з ёй у гармоніі. Калі, вядома, здольны прыкмячаць звычайныя зямныя каштоўнасці: знаходзіць радасць у цішыні роднага наваколля, у сонечным святле над ускапанай градкай, у людзях, якія жывуць побач… І прывык аддаваць больш, чым браць.

Яшчэ не адзін раз разальецца па вясковых вуліцах, нагадваючы аб сваёй велічы, магутны Днепр і праверыць мясцовых жыхароў на трываласць, іх уменне ладзіць з прыродай, быць з ёй адным цэлым. Але ўжо не будзе так, як раней, рассякаць водную гладзь вяслом моладзь, не кожны сустрэне чарговы разліў – колькасць людзей у нашых вёсках непрыкметна скарачаецца.

Той вясной 2010-га не стала і майго бацькі… Гэта была яго апошняя паводка. Не паспеў нават прачытаць напісаны мной артыкул, убачыць у газеце зробленыя фотаздымкі – захоўваю іх дагэтуль. Ды ці толькі ў такіх момантах памяць? Яна – і ў шуме бяроз, што некалі бацька пасадзіў каля пабудаванага дома, і ва ўраджаі яго садовых дрэў, і ва ўсталяваным некалі на беразе Дняпра, пад цяністаю кронаю дуба, століку з лавамі, і ва ўзгадваннях іншымі яго непадробнага пачуцця гумару, і ў добрых справах, якія часта рабіў людзям, нічога не патрабуючы ўзамен.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *