13 мая – Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь

Официально

9766554

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой зялёны контур нашай рэспублікі, накладзены на залатыя промні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Вышэй за яго змешчаны пяціканцовая чырвоная зорка. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой унізе змешчаны надпіс золатам: “Рэспубліка Беларусь”.

Зялёны контур азораны ззяннем залатых промняў. Гэта сонца, якое дае жыццё, узыходзіць над зямлёй – блакітнай і зялёнай, якой яе ўбачылі з касмічнай арбіты гераічныя сыны беларускага народа. Сімвалы зямлі і сонца нясуць і глыбокі сэнс. Яны адлюстроўваюць надзеі на росквіт Беларусі на аснове трывалай сувязі з роднай зямлёй-карміліцай і з мудрасцю энергічнага народа, які працуе на гэтай зямлі.

Зорка ў верхней частцы герба сімвалізуе гуманізм і адначасова абарону, абарону нашай Айчыны. Гэтыя каштоўнасці дапаўняе ідэя невычэрпнага пладароддзя і шчодрага дастатку. Яны знайшлі ўвасабленне ў абрамленні герба – вянку са спелых іржаных калоссяў, упрыгожаным кветкамі канюшыны і льну, абвітым стужкай колеру Дзяржаўнага флага. Вянок спрадвеку з’яўляецца сімвалам славы, гонару, велічы, з незапамятных часоў таксама знакам сувязі паміж нашчадкамі і продкамі.

Асноўныя рысы Дзяржаўнага флага – чырвоная, зялёная і ўпрыгожаная арнаментам белая поласы – маюць гістарычныя і нацыянальныя карані. Даказана сувязь чырвонага колеру з агнём, без якога чалавек у старажытныя часы проста не мог існаваць. Разам з тым чырвоны колер сімвалізуе барацьбу, супраціўленне прыгнечанню, а таксама пралітую ў баях кроў.

Традыцыя шанавання зялёнага колеру на Беларусі таксама вельмі даўняя. Гэта колер свяшчэнных гаёў і дуброў, балот і палёў, упаўне натуральны ў якасці аднаго з нацыянальных колераў беларускага народа. Нашы продкі абагаўлялі прыроду. У славян Маці-Сыра-Зямля неразрыўна звязана з зялёнай расліннасцю.

На сённяшнім Дзяржаўным флагу арнамент чырвонага колеру размешчаны на белым фоне.

Белая аснова таксама нясе сваё сімвалічнае пасланне. Са старажытнасці белы колер звязваўся са светам паўдзённага сонца, сімвалізаваў чысціню, нявіннасць, гасціннасць, згоду, свабоду. Ён пераклікаецца з назвай нашай краіны – “Белая Русь”,  у дзяржаўных сімвалах якой няма месца агрэсіўным геральдычным знакам. Яны аб’ядноўваюць нас у самыя важныя моманты ў лёсе Айчыны – ад нацыянальных свят да спартыўных перамог, заўсёды нагадваюць пра дом, згуртоўваюць нацыю, натхняюць на добрыя справы – служэнне моцнай і квітнеючай Беларусі.

Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *