Працоўны шлях Марыі Гардзеенкі — прыклад высокага служэння справе

Год малой родины Грамадства

1876405

Калектыў Брагінскай цэнтральнай раённай бальніцы ўрачыста правёў на заслужаны адпачынак загадчыцу Дублінскага фельчарска-акушэрскага пункта Марыю Гардзеенку.

Сярод нас ёсць людзі, якія прыкметна вылучаюцца з агульнай масы. Яны спагадлівыя, добрыя, пры сустрэчы з імі адчуваеш прыліў жыццёвых сіл і бадзёрасці. Менавіта такімі якасцямі валодае і ветэран працы Марыя Герасімаўна, якая любімай прафесіі аддала 53 гады.

Нарадзілася жанчына ў Архангельскай вобласці Расіі ў далёкім 1944 годзе. У 1947-м разам з сям’ёй пераехала на радзіму бацькі ў в. Буда Хойніцкага раёна. Сярэднюю спецыяльную адукацыю атрымала ў Мазырскім медыцынскім вучылішчы ў 1965 годзе. Тады ж па размеркаванні і была накіравана ў Дублін, дзе прыступіла да абавязкаў загадчыцы мясцовага фельчарска-акушэрскага пункта. За час працы не раз атрымлівала граматы і лісты з падзякай. У 1977 годзе ўзнагароджана значком “Отличник здравоохранения”, у 1997-м ёй прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”.

На ўрачыстае мерапрыемства, каб асабіста сустрэцца і выказаць жанчыне словы ўдзячнасці за шматгадовую працу, прыйшлі галоўны ўрач Брагінскай ЦРБ Ігар Кірэня, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя Алена Любенка і калегі, якія доўгі час працавалі побач з Марыяй Герасімаўнай.

18764011876403

Як адзначыў Ігар Яўгенавіч, працоўны шлях жанчыны з’яўляецца прыкладам высокага служэння справе. Такіх прафесіяналаў, як яна, сёння не часта сустрэнеш. А Марыя Герасімаўна больш за паўстагоддзя штодня з пачуццём абавязку і адказнасці лячыла пацыентаў, разам з імі змагалася з хваробамі. Яе жыццё – крыніца чалавечай мудрасці і самаадданасці.

Не скупілася на цёплыя словы і старшыня прафкама:

– Гэты дзень поўны перажыванняў і хваляванняў. Мы праводзім на заслужаны адпачынак прафесіянала і выдатнага чалавека, вопыт і веды якога дапамагалі як пацыентам, так і калегам. У сваю справу яна ўкладвала ўсю душу, жыла ёю. І мы ўпэўнены, што Вы, Марыя Герасімаўна, нават на заслужаным адпачынку не будзеце сядзець без справы. Вельмі спадзяёмся, што згадзіцеся стаць настаўнікам для нашых маладых калег. 

Алена Мікалаеўна пажадала ветэрану працы сямейнага дабрабыту, бадзёрасці на доўгія гады, дамашняга цяпла і ўтульнасці, каб блізкія людзі дарылі толькі радасць, акружалі каханнем і клопатам.

Марыі Гардзеенцы былі ўручаны Ганаровая грамата, падарунак і кветкі, а таксама перададзена працоўная кніжка, у якой аб месцы працы толькі адзін запіс.

18764021876404



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *