Работнікі бібліятэчнай сістэмы Брагіншчыны прынялі ўдзел у першым фестывалі кнігі “#ЧытайГомель”

Грамадства

bibliat'k

Работнікі бібліятэчнай сістэмы Брагіншчыны прынялі ўдзел у першым фестывалі кнігі “#ЧытайГомель”, які прайшоў у абласным цэнтры 27 мая.

Мерапрыемства, як паведаміла дырэктар Брагінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Галіна Карпенка, сабрала на некалькіх тэматычных пляцоўках прыхільнікаў кніг і чытання. А праграма была даволі насычанай і цікавай: з выставамі, выступленнямі творчых калектываў, майстар-класамі, навукова-пазнаваўчымі гутаркамі, сустрэчамі з пісьменнікамі і паэтамі, гульнямі і конкурсамі для дзяцей… Усё гэта разгарнулася на плошчы Перамогі і ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І. Леніна, якая разам з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі абл-выканкама, гарадскім аддзяленнем ГА “Беларуская бібліятэчная асацыяцыя” стала арганізатарам фестывалю. Задума і намер – самыя высакародныя: развіваць і папулярызаваць кніжную культуру, бліжэй знаёміць тых, хто любіць друкаванае слова, з беларускімі аўтарамі, дапамагчы зірнуць на дзейнасць бібліятэк пад новым вуглом, падараваць людзям прыемны адпачынак. Таму размясціліся тут і “Кніжная плошча”, і “Бібліятэчны бульвар”, і “Літаратурны дворык”.

biblian'k

Для прадстаўнікоў нашага раёна, якія прынялі ўдзел у фестывалі ў ліку васьмі бібліятэчных сістэм Гомельшчыны, гэта была добрая магчымасць не толькі акунуцца ў творчую атмасферу, але і прадэманстраваць вынікі сваёй дзейнасці, узяць нешта новае, карыснае для сябе. Яны пабывалі на мерапрыемстве з выставай дэкаратыўна-прыкладного мастацтва і лялечным тэатрам “Батлейка”, зацікавіўшы гледачоў казкай “Маша і мядзведзь”.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *